Гарадзішча: ад хрышчэння Міндоўга да подзвіга Уладзіміра Карвата

Гарадзішча: любіць свой край, старонку гэту...

У РОЗНЫХ кутках Беларусі сустракаюцца населеныя пункты з назвай Гарадзішча. Адно з іх раскінута на пакатых узвышшах паміж Навагрудкам і Баранавічамі. Заснавана на былой стаянцы першабытнага чалавека. Ля рэчкі Сэрвач захаваліся рэшткі тыповага пасялення культуры штрыхаванай керамікі і эпохі ранняга феадалізму. 

Упершыню Гарадзішча пісьмова ўзгадваецца ў сярэдзіне ХIII стагоддзя ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага. Праз два вякі яно становіцца вялікакняжацкім дваром. Ёсць меркаванне, што менавіта тут месцілася та самая Варута, дзе хрысцілі і потым каранавалі князя Міндоўга. Кашталян віленскі Ян Кезгайлавіч заснаваў у паселішчы касцёл. Уладарылі маёнткам князь Сямён Бельскі, вялікая княгіня Алена Іванаўна, магнаты Няміравы, Хадкевічы, Гастомскія, Пацы, Зяновічы, Бухавецкія.


У “Хроніцы Быхаўца” занатавана, што ў 1506 годзе атрад паноў Юрыя і Андрэя Неміровічаў каля рэчкі Сэрвач разбіў ушчэнт адзін з татарскіх атрадаў.  

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка стала цэнтрам воласці Наваградскага павета. Дзейнічалі народнае вучылішча, конная паштовая станцыя і тэлеграф, цагельня, бровар, управа, дзве праваслаўныя царквы, сінагога.  

У Першую сусветную вайну побач прайшла вядомая Скробава-Гарадзішчанская аперацыя.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам мястэчка атрымала статус цэнтра гміны Наваградскага павета міжваеннай Польскай Рэспублікі. У верасні 1939 года ўвайшло ў БССР. З пачатку 1940-га Гарадзішча – гарадскі пасёлак і да 1962-га — раённы цэнтр Баранавіцкай, а потым Брэсцкай вобласці.


У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі актыўна дзейнічалі падпольныя райкамы камсамола і партыі. Мемарыяльнымі комплексамі ўвекавечана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. 

Дзесяцігоддзе таму Гарадзішча стала аграгарадком. На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць сельгаспрадпрыемствы, лясніцтва, участкі электрасетак, электрасувязі, ДРБУ-136, ПМС, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання, гандлю, установы адукацыі і культуры, медыцыны.

З гэтымі мясцінамі звязана жыццё геніяльных творцаў — Адама Міцкевіча і Канстанцыі Буйло, вялікага канцлера літоўскага Іахіма Храптовіча.

БЯССПРЭЧНА, гісторыю свайго народа, свае карані варта ведаць кожнаму. Для нашых дзядоў і прадзедаў было будзённай справай памятаць свой радавод. Імёны продкаў яны не запісвалі, а перадавалі з пакалення ў пакаленне. Мала хто зараз можа пахваліцца, што ведае прадзедаў да шостага калена. Краязнаўцы былога райцэнтра Гарадзішча вяртаюць забытае. У гэтым пераканаўся ў час вандроўкі.

Кіраўнік спраў сельвыканкама Наталля САРОКА і намеснік старшыні Баранавіцкага райвыканкама Міхаіл БАРЫСЕВІЧ

Перакацістая вулачка з шырокай плошчы, дзе спыняюцца рэйсавыя аўтобусы з Баранавіч і Навагрудка, вядзе да сярэдняй школы імя Міхаіла Скіпара. Ад настаўнікаў, якіх сустрэў у вестыбюлі, пачуў, што рашэннем райвыканкама так ушанаваны былы дырэктар, які потым узначальваў раённы аддзел адукацыі. Славілася школа высокапрафесійнымі педагогамі, вучні якіх перамагалі на алімпіядах, паступалі ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. І сёння тут дружны настаўніцкі калектыў. Актывізавалася краязнаўства. Кіруе ім намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Тамара Блажэвіч. Гонар школы — музей, у які завіталі. Экспазіцыя размешчана ў трох невялікіх пакойчыках. Стэнды, вітрыны, макеты афармляла Тамара Ануфрыеўна. Тут яна нарадзілася, закончыла школу і пасля вучобы ў Гродзенскім педагагічным інстытуце вярнулася настаўнічаць. Захапілася гісторыяй роднага краю. Ведае кожную гістарычную дробязь пра Гарадзішча, навакольныя хутары і вёскі. У часы Вялікага Княства Літоўскага праз мястэчка пралёг шлях з паўднёвых зямель да стольнага Наваградка. Знатныя асобы спыняліся ў прысталічным маёнтку, з якім звязаны важныя жыццёвыя вехі першага вялікага князя Міндоўга. Захоўваецца і паведамленне з Густынскага летапісу, дзе зазначана, што ў 1246 годзе ў гэтых мясцінах Міндоўг прыняў веру хрысціянскую з многімі сваімі баярамі. 

Намеснік дырэктара сярэдняй школы Тамара БЛАЖЭВІЧ знаёміць вучаніц МарыюКОВАЛЬ і Юлію СКРЫПЧАНКА з вырабамінародных майстроў

АСОБНЫ пакой прысвечаны літаратарам, жыццё якіх было звязана з гэтым куточкам. На стэндзе з партрэтам пісьменніка Сярэднявечча Андрэя Рымшы адзначаецца: чатыры стагоддзі таму ў Астрожскай друкарні Івана Фёдарава, што ва ўкраінскай Валыні, на старабеларускай мове выдадзена яго “Храналогія”. Кніга ўвайшла ў спіс першых беларускіх гістарычных выданняў. Прозвішча Рымша частае ў навакольных вёсках.

Шмат цікавага пачуў ад Тамары Ануфрыеўны пра геніяльнага Адама Міцкевіча, якога беларусы, палякі і літоўцы лічаць сваім. Нарадзіўся і правёў юнацкія гады непадалёку ад Гарадзішча ў фальварку Завоссе. Рамантыкай авеяна гісторыя яго кахання. У перыяд настаўніцтва на летніх вакацыях Міцкевіч гасцяваў у маёнтку Туганавічы і запалаў пачуццямі да шляхетнай прыгажуні Марылі Верашчакі, заручанай з графам Путкамерам. Пяшчотныя лірычныя вершы прысвяціў ёй. Але лёс не звёў маладых. Пра гэту драму даводзілася раней слухаць у Доме-музеі паэта ў Завоссі. Тады пад уражаннем пачутага крочыў па сцяжынках цяністага парку да альтанкі, дзе сустракаліся закаханыя. На пагорку захаваўся дуб з патаемным дуплом, што служыла паштовай скрынкай для маладых. 

Усё гэта – у Завоссі, а ў школьным музеі вучні-экскурсаводы заўзята расказваюць гасцям пра слыннага земляка і яго багатую творчую спадчыну. На мясцовым гістарычным і фальклорным матэрыяле пабудавана паэма  “Гражына”, прысвечаная гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнутая патрыятычным пафасам. У аснове сюжэта геніяльных “Дзядоў” — таксама мясцовы старажытны язычніцкі абрад памінання продкаў. Ад мясцовага люду чэрпаў багатую мову таленавіты творца. І сёння актуальна выказванне яго, прамоўленае амаль два стагоддзі таму на лекцыі ў Лазанскім універсітэце, дзе Адам Міцкевіч узначальваў кафедру славянскіх літаратур: “На беларускай мове, якую называюць русінскай, гавораць каля 10 мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана”.

З Гарадзішчанскім наваколлем звязана і жыццё вядомай паэткі Канстанцыі Буйло. Стагоддзе таму пасля заканчэння кароткатэрміновых курсаў у Вільні яна настаўнічала ў суседняй вёсцы Горнае Скробава. Некранутая прырода і сялянскі побыт натхніў яе на паэтычныя радкі “Люблю наш край — старонку гэту, дзе я радзілася, расла, дзе першы раз пазнала шчасце, слязу нядолі праліла...”, якія паклаў на музыку кампазітар Мікола Равенскі. Песня стала народнаю.
Выконваючая абавязкі дырэктара ТАА “АграСэрвісСтандарт” Валянціна ПЕТРАШЭВІЧ

ЛЮБОЎ да роднага краю, да працы, культуры прывіваюць вучням з першых класаў школы. Педагогі наладзілі сувязь з Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжам. Праводзяцца сустрэчы з яго выкладчыкамі і навучэнцамі. У школьным садзе расце сотня яблынь, прывезеных і пасаджаных шэфамі з каледжа. За мінулыя тры гады 28 выпускнікоў школы вучацца на аграномаў і садаводаў. Раней гарадзішчанскія старшакласнікі прафесію трактарыста-машыніста атрымлівалі ў сваёй школе і пасля заканчэння вучобы заставаліся ў гаспадарцы. Механізатарамі ў ТАА “АграСэрвісСтандарт” працуюць Андрэй Лопух, Аляксандр Трухановіч, Сяргей Лопух, Васіль Зелянеўскі. Зараз яны заняты на нарыхтоўцы кармоў. 

Малады спецыяліст Андрэй ЛОПУХ

Шосты сезон на камбайне “Палессе-Ротар” косіць сеяныя травы Васіль Зелянеўскі, да якога пад’ехалі з выконваючай абавязкі дырэктара сельгаспрадпрыемства Валянцінай Петрашэвіч. Сенажаць перакацістая. Травы сцяною стаяць. На МАЗе пад’ехаў на загрузку Георгій Басан. Зялёную масу ён адвозіць да траншэй жывёлагадоўчай фермы. На сенажаці засталі і галоўнага заатэхніка Уладзіміра Пташука, дарэчы, блізкага сваяка вядомага кінарэжысёра Міхаіла Пташука. Трыццаць гадоў Уладзімір Віктаравіч працуе галоўным спецыялістам. Памятае, як прыязджаў са сталіцы таленавіты сваяк і з землякамі ў пакос станавіўся. Цяпер магутная тэхніка працуе на палях і сенажацях. Гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса. З 3700 галоў буйной рагатай жывёлы амаль палова – дойны статак. Летась ад кожнай каровы атрымана звыш 4000 кілаграмаў малака. Сёлета заўважны рост прадукцыйнасці. Усё пагалоўе — чорна-пярэстай пароды.

Праз скошаную сенажаць, мінуючы ўзвышша, з якога як на далоні далёка прасціраўся казачны краявід, пад’ехалі да кароў, агароджаных электрапастухом. Тут жа — паілкі з вадою. На мурожнай траве грэлася пад цёплымі сонечнымі промнямі лупатае цялятка. Яно толькі што з’явілася на свет. Каля яго ўвіхаліся пастухі Віктар Бянько і Уладзімір Ханкалайнен. 215 кароў у статку, і штодня жывёлаводы прымаюць папаўненне. Цялятак забіраюць у спецыяльнае аддзяленне маладняка, дзе іх даглядаюць некалькі месяцаў, а потым цёлачак пераводзяць для гадоўлі ў дойную групу, а бычкоў ставяць на адкорм.
 
Механізатар Васіль ЗЕЛЯНЕЎСКІ і галоўны заатэхнік Уладзімір ПТАШУК

Па лузе за жывёлай пераязджае дойка, і двойчы на дзень кароў дояць. Штодзённа з ферм ТАА “АграСэрвісСтандарт” на Баранавіцкі малочны камбінат паступае амаль 20 тон малака. У перспектыве плануецца павелічэнне пагалоўя. Папаўняецца атрад жывёлаводаў. Тры месяцы таму пасля атрымання ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце дыплома ветурача ў калектыў прыйшоў Андрэй Лопух. Шчыра падзяліўся ён сваімі марамі: плануе займець сям’ю і будучае ствараць у родным Гарадзішчы. І яго сястра Вольга Юрчанка пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага педуніверсітэта выйшла замуж, дачку нарадзіла і выкладае родную мову і літаратуру ў сваёй школе.

Кветкі настаўніцы Валянціне ДЗЕРМАН ад вучаніцы Дар’і КУЛЯШОВАЙ

Завочна заканчвае вучобу ў сталічным педуніверсітэце і Хрысціна Шырко, з якою сустрэліся ў харчовым магазіне. Працуе прадаўцом. Спадзяецца, што знойдзецца ёй месца педагога ў Гарадзішчы. Акрамя сярэдняй школы, у аграгарадку ёсць і школа-інтэрнат. Больш дзесяці гадоў кіраваў ёю Міхаіл Барысевіч. Ён цяпер намеснік старшыні Баранавіцкага райвыканкама. Часта наведваецца сюды, цікавіцца справамі землякоў. Турбуе яго, што пакуль не ўдаецца стрымаць тэндэнцыю адтоку моладзі. Хаця жадаючым будаваць сваё жыллё сельвыканкам прапануе паўтара дзясятка ўчасткаў. Праведзены газ і водаправод, але новыя дамы  людзі не будуюць. Пераважная большасць жыхароў сельсавета – пенсіянеры, дзеці якіх раз’ехаліся.

Прадавец харчовага магазінаХрысціна ШЫРКО
У БЫЛЫМ райцэнтры Гарадзішча, акрамя некалькіх сельгаспрадпрыемстваў, дзейнічаюць меліярацыйная арганізацыя, лясніцтва і філіялы раённых службаў. Абедзьве школы і бальніца ўкамплектаваны кадрамі. Фермерства толькі развіваецца. Пачынаў гэту дзейнасць Мікалай Гуцько з вырошчвання бульбы і гародніны. Кіраўнік спраў сельвыканкама Наталля Сарока спадзяецца, што фермерскіх гаспадарак пабольшае. Змяншаецца на падворках колькасць кароў, свіней, авечак. Састарэлым сялянам ужо не пад сілу займацца жывёлай, а маладыя жыццё будуюць па новым укладзе. У вясковых магазінах багаты выбар малочных, мясных прадуктаў, так што няма асаблівай неабходнасці трымаць свойскую жывёлу. 

Побач з кааператыўнымі магазінамі развіваецца і прыватны гандаль. Свае крамы адкрылі ў населеных пунктах сельсавета ТАА “АграСэрвісСтандарт”, птушкафабрыка “Дружба”, прыватныя гандляры. Маланаселеныя вёскі абслугоўвае аўталаўка Баранавіцкага райспажыўтаварыства. 

Пастухі Уладзімір ХАНКАЛАЙНЕН і Віктар БЯНЬКО

Слесарам-сантэхнікам у райаддзяленні “Сельгастэхнікі” працаваў да выхаду на пенсію Мікалай Дрозд, з якім гутарылі на падворку. Вырас ён у суседняй вёсцы Парошына. Закончыў школу, набыў спецыяльнасць, займеў сям’ю. Атрымаў жыллё ў Гарадзішчы. Жонка Людміла Юльянаўна працавала тэлеграфісткай на раённым вузле сувязі. Траіх дзяцей выхавалі. Мікалай Юльянавіч у першае лета пасля выбуху быў камандзіраваны ў Брагінскі раён, дзе правёў паўтара месяца. Мае пасведчанне ліквідатара аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Хадзіць самастойна не можа. І жонка  інвалід. Сын жыве ў Мінску, дочкі – у Гродне і Баранавічах. Часта наведваюцца, дапамагаюць. Але, калі б хто з іх жыў бліжэй, было б лепш. Сацыяльны работнік замацаваны за інвалідамі Людмілай і Мікалаем Драздамі. Ні адзін састарэлы вясковец сельсавета не пакінуты па-за ўвагай. Старшыня сельвыканкама Аляксанд Анікевіч за пяць гадоў працы на гэтай пасадзе знаёмы з кожным жыхаром. Пастаянна сустракаецца з людзьмі, клапоціцца, каб пенсіянерам завезлі дровы на зіму, арганізуе выезд медыкаў у аддаленыя вёскі, трымае сувязь са старастамі. Дбае Аляксандр Мікалаевіч і пра захаванне мясцовых традыцый, звычаяў, што дайшлі ад продкаў. Галоўныя вуліцы названы ў гонар вядомых землякоў, воінаў-вызваліцеляў ад фашысцкіх захопнікаў Марка Арцімені, Цімафея Вежнаўца, Уладзіміра Мысліўца, Багуслава Вальчкоўскага, Пятра Едунова, Вулляна Гуцава. На тэрыторыі сельсавета здзейсніў подзвіг Уладзімір Карват: не даў упасці самалёту на жылыя дамы. Пасмяротна пілот уганараваны званнем Героя Беларусі.

Ветэран працы Мікалай ДРОЗД

ПАД бой курантаў, што ўсталяваны на касцёле Прасвятой Дзевы Марыі, пакідаў залітае сонечнымі промнямі Гарадзішча. Пасля завяршэння вучэбнага года па-святочнаму апранутыя школьнікі з букетамі, рознакаляровымі шарамі запаланілі цэнтральную плошчу. Ім ствараць будучае, пазнаваць першае шчасце. Няхай светлай выдасца іх доля!

Баранавіцкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter