Гарадам цікава сябраваць

Новасібірск стаў дваццатым пабрацімам МінскаЗ асаблівай зацікаўленасцю ўспрынялі навіну нашы суайчыннікі ў Сібіры. Важную вестку паспяшаліся даслаць у рэдакцыю з Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў імя святой Ефрасінні Полацкай. У пісьме яго актывістаў Людмілы Шчаслівенкі і Аляксандра Лагуценкі — вялікая радасць, бо і землякі-сібіракі паспрыялі такому збліжэнню гарадоў і народаў. Яны напісалі: яшчэ ў 2005-м з’явіўся дагавор аб супрацоўніцтве паміж Культурна-асветніцкім цэнтрам і “нашым любімым Завадскім раёнам горада Мінска”.Сёлета ж у красавіку з прапановай пабратацца з Мінскам, падпісаць пагадненне аб сяброўскіх сувязях і супрацоўніцтве выступіў мэр сібірскага горада Уладзімір Гарадзецкі. Тады дэлегацыя Новасібірска гасцявала ў Беларусі, наведвала шэраг буйных прадпрыемстваў, сярод іншых візітаў была сустрэча і са старшынёй Мінгарвыканкама Мікалаем Ладуцькам.
Святочны канцэрт наладзілі землякі з Новасібірска да 10-годдзя суполкіНовасібірск стаў дваццатым пабрацімам Мінска
З асаблівай зацікаўленасцю ўспрынялі навіну нашы суайчыннікі ў Сібіры. Важную вестку паспяшаліся даслаць у рэдакцыю з Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў імя святой Ефрасінні Полацкай. У пісьме яго актывістаў Людмілы Шчаслівенкі і Аляксандра Лагуценкі — вялікая радасць, бо і землякі-сібіракі паспрыялі такому збліжэнню гарадоў і народаў. Яны напісалі: яшчэ ў 2005-м з’явіўся дагавор аб супрацоўніцтве паміж Культурна-асветніцкім цэнтрам і “нашым любімым Завадскім раёнам горада Мінска”.
Сёлета ж у красавіку з прапановай пабратацца з Мінскам, падпісаць пагадненне аб сяброўскіх сувязях і супрацоўніцтве выступіў мэр сібірскага горада Уладзімір Гарадзецкі. Тады дэлегацыя Новасібірска гасцявала ў Беларусі, наведвала шэраг буйных прадпрыемстваў, сярод іншых візітаў была сустрэча і са старшынёй Мінгарвыканкама Мікалаем Ладуцькам. Цікавая дэталь: калі дэлегацыя ўдзельнічала ў вясновай пасадцы маладых дрэў у скверы на вуліцы Карбышава, У. Гарадзецкі не выключыў магчымасці, што з часам, калі гарады стануць пабрацімамі, то ў тым скверы побач з алеяй беларускіх ліп з’явіцца і алея сібірскіх кедраў. Ён падкрэсліў, што супрацоўніцтва паміж Мінскам і неафіцыйнай сталіцай Сібіры паспяхова развіваецца з 2003 года. На вуліцах Новасібірска шмат аўтобусаў вытворчасці Мінскага аўтазавода, а навукоўцы Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук удзельнічаюць у распрацоўках “Белкамунмаша”.
Вясной адбылася і сустрэча губернатара Новасібірскай вобласці Васіля Юрчанкі з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Суайчыннікі з Новасібірска спадзяваліся, што беларуска-расійскія кантакты будуць умацоўвацца, размясцілі на сваім сайце прыгожы фотаздымак, зроблены пад час сустрэчы, з подпісам: “Гэты моцны поціск рук няхай паспрыяе ўзаемаразуменню і далейшаму ўмацаванню эканамічных і культурных сувязяў паміж Беларуссю і Новасібірскай вобласцю”.
І вось нядаўна інфармагенцтвы распаўсюдзілі вестку: Новасібірск стаў горадам-пабрацімам Мінска. Пад час падпісання дакументаў у Мінскім гарвыканкаме Уладзімір Гарадзецкі выказаў упэўненасць, што дамова аб пабрацімстве надасць новы імпульс кантактам паміж гарадамі, а “суб’екты эканомікі будуць смялей і больш актыўна будаваць дзелавыя адносіны”.
Удакладніць, якія з сумесных праектаў можна будзе паспяхова рэалізаваць, мінчане змогуць пад час афіцыйнага візіту ў Новасібірск. Прадстаўнікі Мінгарвыканкама запрошаны на святкаванне Дня горада, якое адбудзецца 24 чэрвеня.
Не выключана, што госці з Мінска наведаюць і Беларускі культурна-асветніцкі цэнтр. Сёлета, як вядома, у суполкі юбілей: 10-годдзе. “Моцным падмуркам цэнтра стала будаўніцтва царквы святой Ефрасінні Полацкай — заступніцы ўсіх беларусаў, асветніцы, якая ўшаноўваецца ва ўсім праваслаўным свеце, — напісалі ў рэдакцыю Л. Шчаслівенка і А. Лагуценка. — Гэтая справа вызначыла і высокае “гучанне” ўсіх іншых спраў новасібірскіх беларусаў, усёй дзейнасці цэнтра”.
Пра тое, як шырока праходзіла святкаванне, можна пачытаць на сайце суполкі ў інтэрнэце, там размешчана і нямала фотаздымкаў. Адна толькі лічба: у заключным святочным канцэрце фэсту “Карагод сяброў”, які праходзіў у Палацы культуры “Прагрэс”, было 55 нумароў! Па ўсім бачна, беларускі рух у Новасібірску разгарнуўся надзвычай шырока. Вельмі прыемна было землякам, што якраз у пару святкавання юбілею суполкі вяліся перамовы аб усталяванні пабрацімскіх сувязяў паміж гарадамі. І ўрачыстасці, прысвечаныя дзесяцігоддзю, засведчылі: суполка жыве не толькі для сябе. Нашы суайчыннікі далучаюць сібіракоў да беларускай культуры, вядуць актыўную асветніцкую работу, сябруюць са школамі і Палацамі культуры, дзіцячымі дамамі, сельскімі самадзейнымі калектывамі, бібліятэкамі, грамадскімі арганізацыямі Новасібірска. Да таго ж гэта ўсё ў іх вельмі добра атрымліваецца!
І таму вельмі сімвалічна і заканамерна, што і мінчане сталі крыху бліжэй да сібіракоў, а Мінск і Новасібірск цяпер — гарады-пабрацімы. Цудоўны і, галоўнае, заслужаны натхнёнай працай падарунак атрымалі беларусы-сібіракі да юбілею суполкі!
Варта спадзявацца, што і ў іншых краінах такі пачын землякоў падтрымаюць. А гарадоў, з якімі цікава сябраваць, у Беларусі нямала.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter