Гарачы сезон Алены Якавенкі

У Севастопалі, на беразе Чорнага мора, яна марыць няспешна пахадзіць па грыбных мясцінах ВіцебшчыныКрымскі поўдзень. Спякота… Сонца заганяе ў цянёк нават тых, хто апантаны шакаладным загарам. І на тэрыторыі турбазы “Адысей”, пры старым вінаградніку, дзе мы сустрэліся з Аленай Якавенкай, жыццё замерла. Ніхто не перашкаджае гутарыць нам за сталом прасторнай альтанкі. Пачынаем са згадкі пра Алу Гарэлікаву, кіраўніцу севастопальскай суполкай “Беларусь” — яна і параіла мне сустрэцца з Аленай, адной з яе старанных памочніц у грамадскіх справах. Удакладніла, што ў сям’і Якавенкаў цяпер гарачы сезон, бо іх невялічкі бізнес — пры знакамітай турбазе імя Макравусава. Сапраўды невялікі. Тут непадалёку два домікі, у якіх мая візаві ўсё лета сустракае гасцей з розных краін былога Саюза. Нумары не прэтэндуюць на шыкоўнасць, ды, лічыць Алена, суадносіны цаны і якасці многіх задавальняюць. Асабліва да душы “беларуская гасціннасць у чарнаморскім фармаце” расіянам — у яе шмат пастаянных кліентаў з Варонежа, Белгарада, Масквы, Піцера... Ды і нямала ўкраінцаў, беларусаў, жыхароў Прыбалтыкі, прыязджаючы на мора, спыняюцца тут.
Артысткі гурта “Белая Русь” Алена Якавенка (злева) і яе сяброўка-зямлячка з Віцебшчыны Зінаіда Падарожняя пад час шэфскага канцэрту ў маракоў У Севастопалі, на беразе Чорнага мора, яна марыць няспешна пахадзіць па грыбных мясцінах Віцебшчыны
Крымскі поўдзень. Спякота… Сонца заганяе ў цянёк нават тых, хто апантаны шакаладным загарам. І на тэрыторыі турбазы “Адысей”, пры старым вінаградніку, дзе мы сустрэліся з Аленай Якавенкай, жыццё замерла. Ніхто не перашкаджае гутарыць нам за сталом прасторнай альтанкі. Пачынаем са згадкі пра Алу Гарэлікаву, кіраўніцу севастопальскай суполкай “Беларусь” — яна і параіла мне сустрэцца з Аленай, адной з яе старанных памочніц у грамадскіх справах. Удакладніла, што ў сям’і Якавенкаў цяпер гарачы сезон, бо іх невялічкі бізнес — пры знакамітай турбазе імя Макравусава. Сапраўды невялікі. Тут непадалёку два домікі, у якіх мая візаві ўсё лета сустракае гасцей з розных краін былога Саюза. Нумары не прэтэндуюць на шыкоўнасць, ды, лічыць Алена, суадносіны цаны і якасці многіх задавальняюць. Асабліва да душы “беларуская гасціннасць у чарнаморскім фармаце” расіянам — у яе шмат пастаянных кліентаў з Варонежа, Белгарада, Масквы, Піцера... Ды і нямала ўкраінцаў, беларусаў, жыхароў Прыбалтыкі, прыязджаючы на мора, спыняюцца тут.
Увогуле беларусаў у Севастопалі шмат, і ставяцца да іх усе з павагай. Алена згадвае, як прыемна бывае, калі ў першамайскім шэсці ад плошчы Нахімава рухаецца калона суполкі “Беларусь”, і севастопальцы вітаюць нашых суайчыннікаў шчырымі воклічамі “Ура беларусам!”. Часам і Алена ў горадзе пазнае сваіх — па нейкіх няўлоўных рысах твару, прыветлівасці вачэй. Так, згадвае, дванаццаць гадоў таму “прызнала” і Алу Гарэлікаву, калі беларусы ўскладалі кветкі да помніка маракам лінкора “Новороссийск”. З таго часу Алена Вінальеўна — актыўная ўдзельніца і спеўнага гурта “Белая Русь”, і ўсіх акцый суполкі, у якую ўваходзяць ураджэнцы розных рэгіёнаў Беларусі. Сама яна, бываючы на Бацькаўшчыне, закупляе сувеніры з саломкі, лазы, керамікі, дрэва, ёсць і вышываныя вырабы. Цяпер іх больш за сто. Для рукатворнага багацця муж змайстраваў спецыяльную “горку”, а часам “хатняя выстава” падарожнічае па горадзе: расказвае, якія таленавітыя ў Беларусі майстры. У прыватнасці, дэманстравалася яна і сёлета, у канцы мая, калі ў чарговы раз на тэрыторыі Нацыянальнага запаведніка “Херсанес Таўрычаскі” ладзілася Свята славянскага пісьменства і культуры.
І вось, згадваючы свята, Алена Вінальеўна дадае: яна цяпер у суполцы яшчэ і загадчыца выставачным фондам. Прычым і сваімі вырабамі-вышыванкамі папаўняе калекцыю. Пачынала з мініяцюр, а ўжо зрабіла і 12 вялікіх ручнікоў. Палатно льняное прывозіць з Беларусі. Узоры вышывае розныя. Неяк вельмі ўзбагацілася, пабываўшы на выставе “Повязь часоў” у Доме рамёстваў у родных Бешанковічах, на Віцебшчыне. Вельмі ўразілі, гаворыць, два ручнікі пачатку мінулага стагоддзя з Дуброўна: цікавыя ўзоры, тонкая работа…
У севастопальскай суполцы “Беларусь” умеюць і добра папрацаваць, і прыгожа адпачыцьВяртацца на Бацькаўшчыну для яе — заўсёды асалода, там, гаворыць, “усё душу грэе”. Нядаўна, праўда, не стала мамы, і апошнія візіты яе на Віцебшчыну былі з болем, тугой па родным чалавеку. Але ў Бешанковічах, адкуль Алена родам, дзе закончыла школу, у яе шмат родзічаў, заўсёды цёпла сустракаюць зямлячку спявачка-сяброўка Любоў Рыгораўна Кежа, хросная маці Ірына Іванаўна Карапузава. Акрамя блізкіх людзей, вабяць дадому і цудоўныя беларускія лясы. Аказваецца, Алена — заядлая грыбніца. З дзяцінства надзвычай любіць водар лесу, яго прахалоду, цішыню. Па грыбы, расказвае з замілаваннем, лепей выязджаць ранічкай на веласіпедзе. А лясы там, пад райцэнтрам, надта шчодрыя на курачкі і так званыя машарнікі — пэўна, мясцовая назва грыбоў, я не знайшоў такой праз інтэрнэт. Затое якія смачныя тыя беларускія далікатэсы ў салёным выглядзе —ужо даўно ацанілі яе родныя ў Севастопалі. Дарэчы, у “беларускіх справах” Алену ахвотна падтрымлівае і рускі па нацыянальнасці муж, і два сыны. Ды і тры ўнучкі, упэўнена мая суразмоўніца, цвёрда будуць ведаць, адкуль іх родавыя карані.
Клопатаў у гарачы сезон у Алены Вінальеўны — мора. А бачылі б вы, як прасвятлеў твар, калі згадвала яна пра грыбныя вандроўкі на Бацькаўшчыну! О, такіх грыбоў у Крыме, з усімі яго чарнаморскімі багаццямі ды цёплым морам, не знойдзеш… Тое пацвердзяць і яе сябры з суполкі “Беларусь”. Бо не раз была нагода ім пачаставацца “грыбкамі ад Алены” пад час сумесных застолляў. А яна, ведаючы, як сумуюць па водары Радзімы землякі, умудралася прывозіць дароў беларускага лесу ў Севастопаль па некалікі вёдзер — і салёных, і смажаных.
…Цвыркаюць цыкады. Гарачы вецер пралятае цераз альтанку. Быццам падыхаўшы родным прахалодным паветрам, вяртаецца са шчымлівых успамінаў пра Бацькаўшчыну Алены Вінальеўна, уздыхае: “Ну што зробіш: цяпер тут мая сям’я. А была б птушкаю — паляцела б туды, на Віцебшчыну. Там мая Радзіма…”

Іван Ждановіч
На здымках:
Артысткі гурта “Белая Русь” Алена Якавенка (злева) і яе сяброўка-зямлячка з Віцебшчыны Зінаіда Падарожняя пад час шэфскага канцэрту ў маракоў

У севастопальскай суполцы “Беларусь” умеюць і добра папрацаваць, і прыгожа адпачыць
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter