Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Гарачы месяц у Тальяці

Актыўнае канцэртнае жыццё вядуць удзельнікі абноўленых ансамбляў песні “Зорачкi” ды “Купалiнка”

Так бывае ў грамадскай працы: хваля розных мерапрыемстваў не заканчваецца. Мяркую, разумеюць мяне юныя артысты. Паказваюць характар, асвойваюцца ў няпростай справе. Бо толькі мы правялі сустрэчу да Дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана, як тут жа пачалі Дні беларускай культуры ў Тальяці.

Гурт “Купалінка” выступае на свяце Масленіца

Першая імпрэза Дзён прайшла 17 лютага ў гімназіі № 48 імя Героя Расіі Алега Далгова. Мы даўно сябруем з гімназістамі, педагогамі, вырашылі паказаць ім наш новы рэпертуар. Зрабілі й выставу творчасці беларусаў, нацыянальных сувеніраў. Перад пачаткам канцэрта гучалі беларускія мелодыі, на свята прыйшлі гімназісты, іх бацькі, педагогі. Пачалася праграма з песні пра Беларусь на беларускай і рускай мовах. Потым гучалі песні лірычныя, вясёлыя. У канцэрце паўдзельнічаў і хор малодшых класаў. Здорава ўсё атрымалася: артыстаў з гуртоў “Зорачкi” ды “Купалiнка” гледачы не хацелі са сцэны адпускаць.

А 23 лютага нашы гурты запрасілі выступіць на 30-гадовым юбілеі Савета жанчын Аўтаграда. Урачыстасць праходзіла ў школе № 43 імя Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Голасава. Там былі прадстаўнікі тальяцінскай Думы, гарадской адміністрацыі. Нашы гурты парадавалі ўсіх прыгожымі песнямі. Потым казалі нам: хораша глядзяцца на сцэне й юнакі, бо такіх спевакоў раней у маладзёжным складзе “Купалінкі” не было. Не шкадавалі гледачы апладысментаў і для “Зорачак”.

Нашых талентаў запатрабавала ў свае вясёлыя шэрагі Масленіца. Хоць, праўда, зіма ў Паволжы пакуль не здаецца. Таму і скарысталі адпаведны строй адзення: на здымку тое відаць. Праводзілі Масленіцу мы ў Цэнтральным раёне. Пры першых гуках музыкі жыхары з дзецьмі пасыпалі на вуліцу. Самавар ужо дыміўся, шмат бліноў са згушчонкай, варэннем, з маслам чакалі гасцей. Спачатку віншавалі жыхароў мікрараёна з народным святам дэпутаты, потым былі песні ад “Купалiнкі”: “А гармонiк грае, грае...”, “Сцежачка”, “Калода”, “Ваня-Ванюша”, “Крапива-лебеда” ды іншыя. Прычым артысты не толькі самі спявалі-таньчылі — і гасцей весяліцца заклікалі. Якія, дарэчы, ахвотна ішлі ў скокі пад вясёлую музыку. А потым — бліны, піражкі, гарачы чай… Свята атрымалася!

Вялікі дзякуй усім нашым партнёрам — з гімназіі, са школы, дэпутатам ды іх памочнікам... Усім, дзякуючы каму ўдалося нам здзейсніць задуманае: беларускую культуру паказаць, а заадно і нашы таленты, а яшчэ людзей павесяліць.

Голас Радзімы № 10 (3514), чацвер, 9 сакавіка, 2017 у PDF

Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?