Гарачы хлопец. Іван Буслай трапіў у міліцыю і ледзь не спазніўся на канцэрт

Смуглявага спевака ахоўнікі парадку затрымалі ў метро на пераходзе паміж станцыямі “Купалаўская” і “Кастрычніцкая”. Артыста прынялі за нелегала. Папрасілі паказаць дакументы. А дакументаў з сабой не аказалася. Наспявала сур’ёзная “разборка”...

— Іван жа вельмі спяшаўся, — расказвае   яго   піяр-мене-джэр Юлія Палтаўская. — Яму тэрмінова трэба было з’явіцца ў польскае пасольства па візу. Заўтра Буслай павінен быць у Беластоку, на фестывалі “Беларуская песня-2009”, дзе выступіць разам з Алёнай Ланской. Але, калі б выканаўца забралі для “высвятлення асобы”, паездка сарвалася б.
На шчасце, побач аказаліся супрацоўніцы метрапалітэна, якія знаёмы з творчасцю Буслая. Яны паказалі міліцыянерам плакат, што вісіць акурат у пераходзе паміж станцыямі, а на ім — “той самы” Іван ва ўсёй красе. Спевака адпусцілі. Хлопец жа з-за інцыдэнту не засмуціўся.
— Я прывык, — кажа маладая зорка эстрады. — Мяне ўжо параўноўвалі то з албанцамі, то з туркамі. Але на гэты раз прыраўнялі да асоб каўказскай нацыянальнасці, чаго яшчэ не здаралася. Натуральна, ахоўнікі парадку не паверылі, што пашпарт мой у пасольстве і я па яго акурат бягу. Аднак пасля таго, як усё высветлілася, міліцыянеры перапрасілі, а я паабяцаў падарыць ім свой новы дыск і запрасіў на канцэрт.
Выступіць Буслай у Мінску 5 лістапада на сцэне Палаца культуры чыгуначнікаў. Абяцае, што ўразіць публіку новай — беларускамоўнай(!) — кампазіцыяй “Я захлынаюся”. “Песня драйвовая, у стылі поп-рок, у ёй я выклаўся напоўніцу”, — прызнаўся вакаліст. Што ж, паслухаем...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter