В среднем 34 центнера с гектара: Могилевская область чествует первых лидеров жатвы

Гарачы хлеб

Жнiво на Магiлёўшчыне працягвае набiраць тэмпы. Трымаць высокую планку кампанii дапамагаюць прафесiяналiзм аграрыяў, граматная арганiзацыя працы i дух сапернiцтва. Першыя лiдары ўборачнай ужо атрымалi вiншаваннi, падарункi i прэмiяльныя. У гонар пераможцаў на сельгаспрадпрыемствах па завяршэннi кожнага працоўнага дня паднiмаецца сцяг.

Хто сёння наперадзе?

Аднымі з першых у вобласці свае камбайны ў поле вывелі хлебаробы Кіраўскага раёна. Не дзіўна, што лік тысячнікам на Магілёўшчыне таксама адкрылі работнікі мясцовых гаспадарак. Сярод тых, хто ў гэтым сезоне вырваўся наперад, — маладзёжны экіпаж стрыечных братоў Андрэя і Сяргея Драздоў з сельгаспрадпрыемства «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага. З першай тысячай намалоту камбайнераў проста на полі павіншавалі старшыня Кіраўскага райвыканкама Міхаіл Гулы і лідары абласной і раённых арганізацый Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Генадзь Чорны і Віктар Ставер. А неўзабаве аб пераадоленні такой жа мяжы рапартаваў іншы экіпаж з прадпрыемства — Мікалая і Анатоля Драздоў. Віктар Ставер удакладніў:

— Яны таксама браты, толькі родныя. А яшчэ — бацькі хлопцаў з маладзёжнага экіпажа. Так атрымалася, што сыны, для якіх цяперашняя ўборачная кампанія стала першай у працоўнай біяграфіі, абышлі сваіх бацькоў.

Тым не менш прафмайстэрству і стаўленню да справы маладыя механізатары вучыліся ў сваіх бацькоў. Дразды-старэйшыя — гонар не толькі гаспадаркі і раёна, але і краіны. Іх праца адзначана мноствам узнагарод. У прыватнасці, Мікалай Мікалаевіч быў удастоены медаля «За працоўныя заслугі». Некалькі гадоў таму на рэспубліканскіх «Дажынках» яму як аднаму з лепшых беларускіх камбайнераў уручылі аўтамабіль.

У ліку тысячнікаў прадпрыемства таксама камбайнеры Валерый Піскуноў і Юрый Нікіфаровіч, вадзіцелі Сяргей Іваніцкі, Яўген Шабуневіч і многія іншыя. У цэлым у раёне лік перадавікоў жніва ўжо ідзе на дзясяткі.

Больш за 1,5 тысячы тон зерня намалацiў маладзёжны экiпаж стрыечных братоў Андрэя i Сяргея ДРАЗДОЎ з ТАА «Рассвет» iмя К. П. Арлоўскага Кiраўскага раёна.

Спатрэбіўся, дзе нарадзіўся

Акрамя супрацоўнікаў прадпрыемства «Рассвет», запаветны рубеж перасягнулі хлебаробы і іншых сельгаспрадпрыемстваў — «Чырвоны Баец» і «Ніва-Барсукі». У «Ніве-Барсуках», да прыкладу, на крок наперадзе экіпаж Аляксандра Петранкова і Міхаіла Котава. У Аляксандра Сяргеевіча механізатарскі стаж самы салідны ў раёне — сорак гадоў. Увесь гэты час аддадзены роднаму сельгаспрадпрыемству. «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся», — з усмешкай паўтарае камбайнер. У актыве перадавіка — тры важкія ўзнагароды: медаль «За працоўныя заслугі» і ордэны Пашаны і Айчыны III ступені.

— І медаль, і ордэны Прэзідэнт нашай краіны ўручаў мне асабіста, — з гонарам успамінае вясковец.

Кожны раз, прызнаўся, хваляваўся. У Мінск на цырымонію ўзнагароджання яго звычайна праводзілі ледзь не ўсім калектывам. Радаваліся поспехам калегі ў Барсуках таксама шчыра. Дырэктар сельгаспрадпрыемства «Ніва-Барсукі» Іван Рыняк падкрэсліў, што ўсе ўзнагароды ў Петранкова заслужаныя, а ягонае стаўленне да справы — прыклад для маладых.

Сам Аляксандр Сяргеевіч не хавае, што да працы прывучаны з ранняга дзяцінства. Вырас у шматдзетнай сям’і, дзе без справы ніхто не сядзеў: бацькі і жывёлу трымалі, і агароды саджалі. Ён быў самы малодшы, дзявяты па ліку. Разам з іншымі хлапчукамі падчас школьных канікул працаваў у калгасе. Бацькі і старэйшы брат у свой час таксама шчыравалі ў гаспадарцы, і таксама сумленна. У прыватнасці, брат Рыгор Сяргеевіч удастоены ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. Ён жа стаў першым настаўнікам Петранкова ў справе асваення сельгастэхнікі. Навуку кемлівы хлапчук асвоіў на ўсе сто, і сёння Аляксандр Сяргеевіч з лёгкасцю кіруе і трактарам, і камбайнам. Гарачы сезон для яго пачынаецца ранняй вясной і заканчваецца позняй восенню. У такую пару, адзначыў, не пазабаўляешся, лавіць прыходзіцца кожную пагодлівую гадзіну. Вось ужо шаснаццаць гадоў перадавік працуе ў пары з Міхаілам Котавым. За гэты час, прызналіся хлебаробы, спрацаваліся так, што разумеюць адзін аднаго з паўслова. У тым, што ў гаспадарцы ўбрана ўжо больш за палову плошчаў, — немалая заслуга іх ударнай каманды.

Аляксандр ПЕТРАНКОЎ (злева) і Міхаіл КОТАЎ разам працуюць шаснаццаць гадоў.

Дзякуй за працу!

За два з лішнім тыдні жніва кіраўчане ўбралі палову з больш чым 16 000 гектараў збожжавых і зернебабовых. Ураджайнасць іх радуе: у сярэднім сёлета яна дасягае 39 цэнтнераў з гектара. А на азімых пшаніцы і ячмені — і ўвогуле 44 і 55 цэнтнераў з гектара адпаведна.

На палях ААТ «Краснапольскі» градус напружання сёння таксама вышэй сярэдняга. Але вадзіцель аддзялення «Нарыманаўскае» Валерый Кавалёў лічыць, што яно таго варта: хлеб урадзіўся добры, а гэта значыць, што і гаспадарка ў плюсе, і яе работнікі. У сваім сельгаспрадпрыемстве Валерый Фёдаравіч таксама першы тысячнік гэтага сезона. А ў цэлым жніво для яго ўжо трыццаць чацвёртае па ліку. Вадзіцель удакладніў:

— У сярэднім на сваім МАЗе за дзень у сярэднім адвожу па 100—150 тон хлеба. А то і больш: усё залежыць ад надвор’я. Вельмі хацелася б, каб яно нас не падвяло.

З першым рэкордам цяперашняй гарачай пары вадзіцеля павіншаваў намеснік старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Рымша. І ўручыў лідару не толькі канверт з прэміяльнымі, а яшчэ і пакет з фірменнымі майкай і кепкай. Валерый Кавалёў не хавае: словы падзякі ў свой адрас чалавеку працы чуць заўсёды прыемна. Асабіста яго на «Дажынках» ушаноўвалі не раз, ёсць таксама граматы і падзякі ад раённых і абласных улад. Заахвочвалі перадавіка і пуцёўкамі ў санаторыі. Пасля цяжкага сезона, падзяліўся, такі адпачынак заўсёды вельмі дарэчы.

І вада, і антысептык

Спаборніцтва ўнутры гаспадарак, раёнаў, вобласці, краіны — саперніцтва дадае матывацыі працаваць яшчэ лепш і больш якасна. Аляксей Рымша падкрэсліў, што ва ўборачную ўшанаванне перадавікоў ідзе пастаянна, і ні адзін з этапаў працоўных дасягненняў кожнага з хлебаробаў не застаецца незаўважаным. Але гэта далёка не адзіная задача прафсаюзаў на перыяд сезонных работ. У зоне іх асаблівай увагі — арганізацыя працоўнай змены і адпачынку, умовы харчавання, кантроль за выкананнем тэхнікі бяспекі. Аляксей Мікалаевіч падкрэсліў, што тут дробязей быць не можа:

— Наяўнасць вогнетушыцеля, аптэчак — чаму гэта важна, тлумачыць не трэба. Мы таксама сочым за тым, каб выдадзеныя спецвопратку і абутак камбайнеры не толькі атрымалі, але і карысталіся імі. У тых жа сланцах, дапусцім, камбайнам кіраваць нельга — можна паслізнуцца, а так і да бяды недалёка. Тэмпературны градус дыктуе, што наяўнасць вады таксама абавязковая. Мы рэкамендуем, каб запас яе быў не менш за два літры — на тое, каб і папіць, і рукі апаласнуць. Пра антысептык у сённяшняй сітуацыі таксама забываць нельга.

Напярэдадні ўборачнай кампаніі ўсе механізатары таксама прайшлі медабследаванне. Праца ў полі, што хаваць, вельмі напружаная. І нават невялікія, здавалася б, збоі ў здароўі могуць абярнуцца ў выніку вялікімі праблемамі.

markova@sb.by

Фота БЕЛТА і Максіма МІКЕШЫНА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter