Гарачы глінтвейн пад “Купалінку”

Ці маюць беларускія калядныя кірмашы штосьці агульнае са святочнымі еўрапейскімі базарчыкамі?

Ці маюць беларускія калядныя кірмашы штосьці агульнае са святочнымі еўрапейскімі базарчыкамі?

Пах смажаных каўбасак, водар гарачага глінтвейну, гукі жывой музыкі і Санта, што гуляе між гандлёвых радоў, частуючы шчырай усмешкай і імбірным пячэннем... Ах, гэтая цудоўная еўрапейская традыцыя калядных кірмашоў! Варта трапіць на іх хоць на пару хвілін, каб стварыць сабе святочны настрой на некалькі тыдняў наперад. Нарадзіўшыся ў Германіі, яны хутка заваявалі любоў і ў іншых еўрапейскіх краінах — Францыі, Італіі, Чэхіі, Літве. Дакацілася хваля папулярнасці святочных базарчыкаў і да Беларусі. Натхніўшыся каляднымі кірмашамі ў Берліне (яшчэ ў канцы лістапада!), карэспандэнт “НГ” вырашыла наведаць іх аналагі ў Мінску і праверыць, наколькі ўдала атрымалася ў нас пераняць еўрапейскую традыцыю.

Калядныя разыначкі

Драўляныя хаткі, упрыгожаныя срэбным дожджыкам і гірляндамі, упершыню з’явіліся на сталічных пляцоўках яшчэ ў мінулым годзе. Але, шчыра кажучы, леташнія калядныя базарчыкі — некалькі хатак-палатак з небагатым ды банальным асартыментам тавараў — мяне ўразілі слаба. Але на што скардзіцца? Калядныя кірмашы не наша традыцыя — еўрапейская. Бліноў напячы на Масленіцу ці куццю зварыць — гэта беларусы з заплюшчанымі вачамі здолеюць. А тут павучыцца яшчэ трэба. І ведаеце што — беларусы хутка вучацца. На сёлетніх калядных кірмашах, якія працуюць на буйных гарадскіх плошчах з 15 снежня па 15 студзеня, удалося знайсці такія разыначкі, якіх нават у Берліне не ўбачыла.

Да прыкладу, дзіцячы глінтвейн. Так-так, безалкагольнае віно коштам усяго толькі 2200 беларускіх рублёў (200 мл). Дарэчы, добрае рашэнне і для дарослых, якія трымаюцца посту, але таксама не супраць сагрэцца гарачым напоем у марозны дзень. “Дарослы” глінтвейн крыху даражэйшы — 2550 рублёў (50 мл). Гарачых каўбасак, такіх папулярных у немцаў, на мінскіх пляцоўках я не ўбачыла. Але падмацавацца тут таксама ёсць чым. На прылаўках — пончыкі, пірожныя, бутэрброды з вяндлінай, чырвонай рыбай і многае іншае. Сёлета з’явіліся і месцы пад стылізаваным драўляным навесам, дзе можна перакусіць ці выпіць гарачага віна — няхай сабе не з фірменных кубкаў, якія ў Германіі ці Італіі можна ўзяць з сабой на памяць, а з простых пластыкавых шклянак. Аднак беларусаў, для якіх падобныя кірмашы навінка, гэта абсалютна не бянтэжыць.

Зубраня ля ёлкі

Акрамя пачастункаў у драўляных хатках-палатках, якія сёлета, дарэчы, вельмі добра ўпрыгожаныя (гірляндамі, мяккімі цацкамі, каляндарыкамі, сімваламі Новага года, галінкамі ёлак і іншым), можна знайсці шмат іншых карысных, асабліва падчас святаў, рэчаў. Да прыкладу, бенгальскія агні ці хлапушкі коштам ад пяці тысяч рублёў, святочныя вянкі на дзверы (самыя дарагія — каля ста тысяч рублёў), магніты с сімваламі года ад шасці тысяч беларускіх рублёў, рознага кшталту сувеніры і ёлачныя цацкі. Асабліва расказала прадавец Алена, карыстаюцца ў пакупнікоў попытам шкляныя цацкі.

А ва Уладзіміра, прадаўца забаўляльных цацак і прыколаў, найчасцей, як ён прызнаўся, купляюць рознакаляровыя парыкі. Коштам 50 тысяч рублёў, яны могуць замяніць цэлы навагодні касцюм. “Ой, а мне будзе пасаваць?” — пытаецца, прымяраючы на сябе пышныя зялёныя валасы вадзяніка, ужо сталы лысаваты мужчына. “Анягож!” — усміхаецца ў адказ Уладзімір.

Акрамя ўласна тавараў калядныя кірмашы радуюць, асабліва дзяцей, забаўляльнымі праграмамі. Зноў жа, гэта вам не катальныя снежныя горкі ці лядовыя пляцоўкі для гульні ў кёрлінг, якія бачыла ў Берліне. Але чаму б не пакатаць сваіх дзетак на поні ці сфатаграфаваць іх з Дзедам Марозам і Снягуркай ці іншымі казачнымі персанажамі, якіх можна сустрэць на беларускіх кірмашыках? Персанажы, дарэчы, як і музыка, якая гучыць на базарчыках, з нацыянальным каларытам — Бобрык і Зубраня. Можа, не зусім удалося пераняць беларусам еўрапейскую традыцыю, але дадаць ёй нацыянальнага каларыту — дакладна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter