Гандлярка і паэт. Куды пайсці, каму прадацца сучаснаму літаратару?

На прыгожым пісьменстве можна зарабляць грошы і жыць на іх. Ужо некалькі беларускіх пісьменнікаў здабываюць хлеб надзённы ўласным талентам. Вось толькі робяць яны гэта ў Расіі і вядомы на бацькаўшчыне як... рускія аўтары. Чаму так адбываецца?

Торцік ці кніжка?

Выдаць сваю кнігу — сёння не пытанне. За грошы ў любой друкарскай фірме вам зробяць тыраж. А вось каб выдавецтва за ўласныя сродкі занялося вывадам у вялікі свет вашага твора, трэба, каб была ўпэўненасць, што выдаткаваныя рэсурсы вернуцца ды яшчэ з прыбыткам.
І вось выдавецтва “Рэгістр”, якое да сённяшняга дня спецыялізавалася на выпуску эканамічнай літаратуры, раптам узялося за выпуск чыста мастацкіх кніг. У чым выгада?
— Планаваць выданне кніг беларускіх аўтараў мы пачалі яшчэ летась. Праўда, калі ў пачатку гэтага года здарылася дэвальвацыя, то ледзь не адмовіліся ад праекта, — выдае камерцыйную тайну Андрэй Карпунін, старшыня савета дырэктараў групы кампаній “Рэгістр”. — Бо ў гэты ж час расійскія выдавецтвы на 30 працэнтаў знізілі цэны. І гэта пры тым, што ў Беларусі і да крызісу паліграфія была на 30 працэнтаў даражэйшая за расійскую, што звязана з коштам электраэнергіі, пошлінамі на паперу ды інш. У дадатак мы цудоўна ведаем, што наш чалавек заўсёды стаіць перад дылемай, што набыць: торцік з шампанскім ці кніжку. І ўсё ж раскручваць тутэйшых аўтараў — справа перспектыўная. Прыбытак, аднак, мы чакаем не раней чым у 2011 годзе.

Класіка — вечная

Як вядома, кнігі беларускіх пісьменнікаў, якія выходзяць у дзяржаўных выдавецтвах, нярэдка даціруюцца Міністэрствам інфармацыі. Але там чарга. Як жа трапіць у яе?
— Трэба быць уключаным у перспектыўны план, — расказвае дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Уладзіслаў Мачульскі. — Штогод у красавіку план накіроўваецца ў бібліятэкі (у першую чаргу), у кнігагандлёвую сетку. У верасні мы атрымліваем заказы на тых або іншых аўтараў, і іх кнігі плануюцца да выдання на наступны год.
Аднак магчымасці выдавецтва абмежаваныя. Сёлета выйшла ўсяго каля дзевяноста кніг. Як прабіцца да друкарскага варштата?
— Рукапіс аўтара разглядаецца кваліфікаваным рэдактарам, які дае сваё заключэнне, — расказвае спадар Мачульскі. — Можа быць дадзена і адмова. Тады аўтар, калі ён не згодзен, можа абскардзіць гэта рашэнне праз незалежную экспертызу, якую праводзяць у Інстытуце мовы і літаратуры Акадэміі навук. Але такіх спрэчных прэцэдэнтаў у нас пакуль што не было. Гэта па-першае. Па-другое, калі рукапіс узяты ў работу, то гэта не значыць, што ён аўтаматычна выйдзе праз нейкі канкрэтны час. Калі нам прынясуць больш варты твор, то менавіта яму будзе адда-дзена перавага.
Каб трапіць у план дзяржаўнага выдавецтва, трэба абысці фаварытаў. Паводле спадара Мачульскага, найбольш запатрабаваныя сёння айчынныя аўтары — такія як Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Раіса Баравікова, Андрэй Федарэнка, Віктар Праўдзін, Сяргей Трахімёнак, Мікола Мятліцкі. Што і казаць, салідны спіс. Прыярытэт жа ў “Мастацкай літаратуры” аддаецца вядомым аўтарам. І нездарма.
— Калі мы гаворым пра попыт на беларускамоўную літаратуру, то перш за ўсё пакупнікі цікавяцца класікай, — сведчыць в.а. дырэктара кнігарні “Цэнтральная” Інга Бекіш. — А вось што тычыцца сучаснай прозы, то большым попытам карыстаюцца рускамоўныя пісьменнікі Тамара Лісіцкая, Вольга Грамыка. Дарэчы, я зусім нядаўна даведалася, што Грамыка — наша. Бо яна такая ж знакамітая, як Лук’яненка, выдаецца ў Маскве. Хто ж мог падумаць, што творца жыве ў Мінску?!

Слава грыпу!

Попыт на кнігі не змяншаецца, лічыць спадарыня Бекіш: “Вось прыйшоў крызіс, за ім — грып. І людзі хочуць адпачыць ад гэтых напасцей. Літаратура дапамагае расслабіцца. Мастацкае слова асабліва запатрабавана ў складаныя перыяды жыцця грамадства”.
На думку Андрэя Карпуніна, з прычыны таго, што жыццё складанае, “салодкую казку не напішаш”. “Людзі, аднак, перажываюць станоўчыя эмоцыі ў асабістым жыцці. Пра гэта ўсім цікава будзе пачытаць”. У такім жанры працуе Тамара Лісіцкая. Яна піша па-руску. Я пацікавіўся ў пісьменніцы:
— Традыцыйна лічыцца, што беларуская літаратура і беларускамоўнае пісьменства — гэта сінонімы. Як вы ўспрымаеце сябе ў гэтым кантэксце?
— Я не лічу, што мова — адзіны крытэрый якасці літаратуры. Але калі будзе попыт на мае кнігі ў беларускамоўным фармаце, я гатова сесці са слоўнікам і сама перакласці свае раманы.
— Пра што вашы раманы?
— Яны пабудаваны на здарэннях з асабістага жыцця майго, маіх сяброў. Я пішу пра свой Мінск. Упэўнена, беларусы хочуць пазнаваць у кнігах не пецярбургскія вуліцы, не маскоўскія праспекты, а свае родныя вуліцы, крамы, тусоўкі. Будучыня айчыннай літаратуры — за развіццём сюжэту вакол Беларусі. А на якой мове — пакажа час.

Сто тысяч экземпляраў удачы

Вольга Грамыка друкуецца ў Маскве. І ўжо трэці год жыве толькі са сваёй літаратурнай працы. Пісьменніца знайшла сябе ў жанры фэнтэзі. Пачала выступаць на пісьменніцкай ніве не так даўно — у 2003 годзе. Як так хутка яна здолела ўзняцца на творчы алімп?
— Пакінуць працу па сваёй універсітэцкай спецыяльнасці “мікрабіялогія” я змагла толькі пасля выхаду пятай кнігі, — кажа фэнтэзі-класік. — Вось з таго часу гэта справа пачала мяне карміць. Але каб так было, трэба, каб тыраж кніг перасягнуў сто тысяч экземпляраў.
— Але, — аналізуе рынак літаратуры спадар Карпунін, — для “радавога” беларускага аўтара нават тысячны тыраж яго зборніка — ужо вялікі.
— Зрэшты, спадзявацца на тое, што ў Маскве часта здараюцца цуды, не варта, — заклікае да цвярозага ўспрымання рэчаіснасці спадарыня Грамыка. — Малады аўтар можа выдаць сваю кнігу ў расійскай сталіцы, але калі раней яму прапанавалі б ганарар 800 долараў, то цяпер могуць купіць талент і за 300. А другую кнігу могуць і зусім не ўзяць. Тут як пашанцуе.

То густа, то пуста

Такім чынам, сёння беларуская літаратура раздзялілася на некалькі сегментаў. Па-першае, на беларускамоўную і рускамоўную. Па-другое, на аўтараў, якія гатовы чакаць чаргі ў дзяржаўным выдавецтве, і тых, хто разлічвае на прыватнага друкара. З апошніх вылучаюцца тры групы: 1) тыя, хто друкуе свае шэдэўры (або нярэдка “шэдэўры”) за ўласны кошт; 2) тыя, каго прыватныя канторы гатовы выдаваць па ўласнай ініцыятыве (як Лісіцкую); 3) тыя, хто прабіваецца ў Маскву, а ўжо пасля атрымлівае прызнанне на радзіме (Грамыка). Ёсць і ўвогуле ўнікальны прыклад — Адам Глобус. У пачатку 90-х Глобус адкрыў свой уласны кніжны бізнес і, зарабляючы грошы, не мае патрэбы кудысьці ісці ды прасіцца — друкуе сябе сам, а галоўнае, яго чытаюць і купляюць, што пацвердзіла Інга Бекіш. І піша Глобус па-беларуску.
Памяшканне літаратурнай кухні ў нашай Айчыне вельмі вузкае. Не ўсім там хапае месца. Каб таленавітаму аўтару прыгатаваць на гэтай “варэльні” сваю страву-кнігу, трэба прайсці праз натоўп канкурэнтаў. І мала валодаць адным толькі талентам.

Зрабіў сябе сам
Юрый БАРАВІЦКІ, мінскі паэт:
“Выдаць кнігу мне каштавала два мільёны”
— Першы свой верш я надрукаваў трыццаць гадоў таму ў газеце. З таго часу публікаваўся зрэдку ў перыядычных выданнях. А сваю першую кнігу “Молюсь луне” я выдаў толькі цяпер, акурат на днях, у прыватным выдавецтве, за ўласныя грошы — два мільёны рублёў.
Але яшчэ прасцей публікаваць вершы на папулярным у Інтэрнэце сайце stihi.ru, дзе лёгка здабыць і ўдзячнага чытача, і аб’ектыўнага крытыка, які таксама патрэбен творцу. Дарэчы, такой колькасці паклоннікаў, як на сайце, не заваюеш кнігай. А ў мяне ўжо тысячы чытачоў з усяго свету!
Стаць знакамітым у сучаснай літаратуры каштуе вялікіх высілкаў і грошай. Мала надрукавацца, трэба сябе прапіярыць. Гэта штодзённая праца. І ніхто, апрача самога аўтара, яе не зробіць. Літаратурны агент — вялікая раскоша для пісьменніка. Я сам хаджу па клубах, выступаю. Аказваецца, у наш час сапраўдная паэзія цікавіць многіх людзей.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter