В полесской деревушке Городная на протяжении 600 лет все мужчины выбирают своей профессией гончарное дело

Ганчарны круг жыцця

Вёска Гарадная знаходзіцца ў самым сэрцы Палесся, на поўдні Столінскага раёна. Здавалася б, вёска і вёска, але ж не. На працягу шасці стагоддзяў амаль што ўсе тутэйшыя мужчыны былі ганчарамі. Сакрэты рамяства ў Гарадной зберагаюць і сёння. Карэспандэнт «Р» пабываў у вёсцы ганчароў і пазнаёміўся з майстрамі, для якіх усё жыццё — ганчарны круг.



Недалёка ад цэнтральнай плошчы Гарадной на ціхай вуліцы стаіць непрыметная хатка. Тут знаходзіцца музей-сядзіба ганчара. На ганку ў традыцыйным строі мяне сустракае Алімпіяда Леанавец. Яна ведае шмат пра гараднянскія звычкі, традыцыі, лад жыцця: 

— У гэтай хатцы мы паспрабавалі аднавіць сапраўднае жыллё ганчара. Пад столлю зрабілі пятры. Гэта такія спецыяльныя паліцы, на якіх сушыўся посуд. Калі гліняныя вырабы паставіць проста каля грубкі або печы, іх пакруціць. Да таго ж пятры не займаюць месца ў хаце. Пакоі раней былі невялікія, а сем’і ого-го якія! Цяпер пятры можна ўбачыць хіба што на фотаздымках. І ў нашай сядзібе.

Алімпіяда ЛЕАНАВЕЦ паказвае рушнікі, вытканыя150 гадоў таму.

У Гарадной бадай што кожны мужчына мог круціць ганчарны круг. Асаблівага выбару ў іх не было: зямля тут так сабе, а вось гліны навокал шмат. Трэба было неяк жыць, таму рамяство асвойвалі з маленства. Палешукі з суседніх вёсак грэбліва называлі жыхароў Гарадной гаршкалепамі. Напэўна, з зайздрасці — сяло мела Магдэбургскае права, а на гербе быў намаляваны лось з залатымі рагамі. Відаць, нездарма. Зараблялі ганчары ў тую пару нядрэнна. 

— У XX стагоддзі ганчары жылі небагата, але і ў старцы не хадзілі. Свае вырабы прадавалі ў гарадах на рынках. У Варшаве і Кракаве нават былі крамы, дзе гандлявалі выключна мініяцюрнай гараднянскай керамікай, — расказвае Алімпіяда Леанавец.

У музеі-сядзібе ганчара можна паглядзець, як жылі і працавалі вяскоўцы ў пачатку XIX стагоддзя.

На сценах утульнай хаткі шмат чаго цікавага: рушнікі, фотаздымкі, розныя прылады. На паліцах — гліняны посуд. У кожнага збана свая форма і прызначэнне. У «паляку», напрыклад, захоўвалі збожжа. У літровай «мамзэльцы» варылі кашу. Назваў — дзясяткі. І ўсе гучныя, каларытныя: «сямак», «клечык», «злівач», «адзінец», «рынька». У «баньцы» бралі ваду на сенакос, і яна ўвесь дзень заставалася халоднай. 

А яшчэ ў сядзібе ганчара захоўваюцца ўнікальныя рушнікі: 

— Гэты, напрыклад, быў зроблены ў XIX стагоддзі. У Гарадной жыве 90-гадовая баба Вольга, дык яна з гэтым рушніком замуж выходзіла. Мне і передала. Бачыце, як вышывалі? Дрэва жыцця, сонца, абавязкова — баба, заступніца сям’і і роду. Зараз такіх няма. Зараз маладыя купяць на базары рушнiк з фабрычным надпiсам «Совет да любовь» і задаволеныя. 

У мясцовым цэнтры ганчарства займаюцца больш за два дзясяткі хлапчукоў. Сакрэтамі рамяства з імі дзеляцца кіраўнік установы Васіль Казачок і майстар Рыгор Кавалька.

Рыгор КАВАЛЬКА дзеліцца сваім багатым досведам з вучнямі мясцовага цэнтра ганчарства.

— У другой палове мінулага стагоддзя ганчарства пачало губляць свае пазіцыі. У вёсках з’явіліся газавыя пліты, у крамах — прамысловы посуд. Ганчарныя вырабы сталі неканкурэнтаздольнымі. Зараз інтарэс да рамяства зноў абуджаецца. Ганчарства становіцца модным. Але наша галоўная задача — навучыць дзяцей, каб рамяство, якім жылі іх продкі, не знікла. Нават у школе на ўроках працы мы вучым дзяцей працаваць з глінай і кругам. Але ж толькі адзінкі звязваюць сваё жыццё з ганчарствам. 

Жыхар Гарадной Рыгор Кавалька 66 гадоў круціць ганчарны круг. Ён нарадзіўся ў 1941 годзе. Бацька падарваўся на міне, хлапчук рос сіратой. Прыйшлося асвойваць рамяство самастойна: 

— Збаны мы прадавалі ў суседніх вёсках. Вазілі вазамі ў Столін, Пінск, Драгічын. Нават у Брэст. Няпроста было. У савецкі час займацца гэтай справай забаранялі. Гаршкі і горны разбівалі. Ды і заробкі былі невялікія. І штаны не спадуць, і новыя не купіш… 

Макар ШЭЛЕСТ — старэйшы майстар у Гарадной. Ганчарствам ён займаецца больш за 70 гадоў.

Цяпер я свае веды дзеткам перадаю. На заняткі яны прыходзяць з задавальненнем. Гэта важна. 

Рыгор Іосіфавіч гаворыць, што навучыцца рабіць элементарныя рэчы на крузе можна за тыдзень, адточваць майстэрства трэба гадамі: 

— Неяк да мяне прыехала дзяўчына з Мінска. Сказала, што паглядзела відэа ў інтэрнэце і асвоіцца за кругам за дзве гадзіны. Гадзіны праз тры яна змянілася ў твары, стамілася, сказала, што адпачне і прыедзе пасля выхадных. Больш я яе ніколі не бачыў…



У кожнага майстра свой почырк і свае сакрэты. Але галоўнае правіла адно: перш-наперш трэба як след падрыхтаваць гліну: 

— Некаторыя трохі патопчуць гліну — і на круг. З такім падыходам нічога добрага не атрымаецца, — перакананы Васіль Казачок. — Гліну трэба як мінімум два разы ўзбіць, тоненька пастругаць. Тады яна становіцца больш пластычнай. Гэта як у гаспадыні на кухні: без падышоўшага цеста добрых пірагоў не атрымаецца. 

losich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter