Галоўныя вясельныя чыны

Нарэшце падсумуем некаторыя высновы і сфармулюем некалькі правілаў, якія тычацца шафера і шаферкі:

 (Заканчэнне. Пачатак у № 217, 218.)

*Дружак, шафераў ці ганаровых сведак выбіраюць сярод самых блізкіх сяброў. Пры гэтым неабходна памятаць, што ганаровую ролю шафераў на вяселлі можна выконваць толькі адзін раз у жыцці, каб своечасова стварыць сваю сям’ю, у адваротным выпадку, лічылі ў народзе, можна нашкодзіць самому сабе — застацца шаферам назаўсёды: “Калі дзеўка ўжо была два разы дружкаю, то як яе просяць, павінна адмовіць, бо ўжо больш ніяк няможна”.
* Шаферам і шаферкай маглі быць толькі незамужнія, нежанатыя маладыя людзі, якія не мелі сваіх дзяцей.
* У храме ў час вянчання абавязак шафера і шаферкі — трымаць вянцы над галовамі маладых.
* Яны павінны разаслаць ручнік, на якім будуць стаяць маладыя, яны ж паднімуць яго пасля вянчання, каб больш ніхто не змог наступіць на дарогу жыцця і “перабіць” долю маладых.
* На працягу ўсяго вяселля шафер і шаферка павінны стаць аб’яднальным звяном паміж маладымі і ўдзельнікамі вясельнай урачыстасці. Іх абавязак — захаваць маладых ад непатрэбных кантактаў з удзельнікамі вяселля, дапамагаць у любых абставінах, спрыяць таму, каб маладых у час вяселля ніхто не мог “раз’яднаць”, няхай нават на некалькі хвілін.
* І сёння жыццё прыносіць нам нямала “сюрпрызаў” нават з боку самых блізкіх людзей, якія рознымі спосабамі жадаюць нарабіць шкоды маладой пары ў час вяселля. Менавіта аб гэтым папярэджвалі нашы продкі: “Дружкі пільнуюць, уся дружына глядзіць, і маладая таксама ўвесь час асцерагаецца, каб з вянка, які аздабляе яе галаву, не адшчыкнуў хто-небудзь лістка руты, бо ў такім разе не зможа яна ўжо зберагчы ніводнага з тых дзетак, якіх ёй наканавана мець”. “Калі пад вянцом у нявесты выпадае хустка, жаніх не павінен падымаць яе, іначай такі неасцярожны муж нядоўга пражыве” — падняць любую рэч, якую выпусцілі з рук жаніх ці нявеста, маглі толькі самыя блізкія да іх у гэты момант людзі, г.зн. шафер і шаферка. Для іх рэчы, перададзеныя ад жаніха і нявесты, наадварот, прадказвалі хуткі шлюб.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter