Галоўны клопат паштальёна — клопат пра людзей

— Ці шмат мы ведаем пра большасць нават самых звычных прафесій? — пачала гаворку начальнік Старасельскага аддзялення сувязі Жабінкаўскага раёна Алена Мікалаеўна Калюшык. — Таму, пэўна, маладыя людзі часцей і выбіраюць найбольш, так бы мовіць, “раскручаныя” спецыяльнасці.

Пра настаўніцкі “хлеб” шмат расказваць не даводзілася: гэтая праца ў кожнага навідавоку. А як жа хацелася ёй у дзяцінстве быць падобнай на любімага педагога! Гэта і вызначыла  Аленін  выбар: пасля школы падала дакументы ў Брэсцкі дзяржуніверсітэт імя Пушкіна.
Будучы студэнткай і збіраючыся на вяселле ў Старое Сяло, яна і не  здагадвалася  нават,  што знойдзе менавіта там сваё шчасце. Сярод сотні гасцей дзяўчына вылучыла напрыгажэйшага  хлопца Васіля Калюшыка, студэнта Гродзенскага сельгасінстытута. З прыязнасцю пазнаёміліся і далі зарок, што пажэняцца яшчэ да заканчэння вучобы.
Вось дыпламаваны спецыяліст-настаўнік і прыехала ў Старое Сяло, дзе малады муж працаваў землеўпарадчыкам у сельвыканкаме. Першага верасня пайшла ў школу — дзетак-пачаткоўцаў вучыць чытаць, пісаць, рашаць задачкі. Але ўся справа была ў тым, што працоўнае месца ёй дасталося часовае — на перыяд дэкрэтнага водпуску маладой маці.
А калі Алена засталася без работы, мясцовыя ўлады, чуючы пра яе толькі лепшыя водгукі, прапанавалі ёй узначаліць мясцовае аддзяленне сувязі — былы начальнік пайшоў на пенсію. Зрываць сям’ю з абжытага месца не хацелася, таму і згадзілся на новую невядомую пасаду. І хутка зразумела: людзі да яе і яе работы ставяцца добра, справа сапраўды ладзіцца — чаго яшчэ жадаць?
— Да таго ж у паштавікоў і педагогаў спецыяльнасці блізкія, — разважае Калюшык. —
У тых і другіх работа звязана з людзьмі. Ад таго, як сустрэнеш чалавека, як яго абслужыш, залежыць, з якім настроем пакіне ён аддзяленне сувязі, ці прыйдзе сюды яшчэ.
Штодзённыя клопаты паштавікоў даўно ўжо  выйшлі за межы звычайнай дастаўкі пошты і аказання паштовых паслуг. Сёння яны яшчэ страхуюць маёмасць, прадаюць прамысловыя тавары і прадукты, выконваюць банкаўскія паслугі, прымаюцьь плату за святло, газ, тэлефон. А падчас падпісных кампаній найпершая і галоўная задача — падпіска на перыядычныя выданні. Гэтым і займаюцца сёння ў Старым Сяле Алена Калюшык ды паштальён Галіна Сахарчук.
Вёска старэе, але блага падпісчыкаў не змяншаецца. 420 экземпляраў газет і часопісаў сёння выпісваюць у Старым Сяле. Гэта нават амаль у паўтара раза  болей, чым гадоў з дзесятак таму. Бо ўмеюць тут прыгожа расказаць пра ўсе галоўныя выданні краіны, у  тым ліку пра “Народную газету”.
— Угаворваць доўга не даводзіцца, — расказвае Алена Мікалаеўна. — Газета з нумара ў нумар расказвае пра  людзей і падзеі, блізкія нашаму чалавеку, таму і любяць яе.
Адным словам, клопатам пра людзей жыве гэты адказны і неабыякавы вясковы паштальён. І гэта заўважана: імя Алены Мікалаеўны Калюшык знаходзіцца ў раённай Галерэі славы. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter