Галоўны экзамен для хлебароба

Аграрыі Мінскай вобласці рыхтуюцца да ўборачнай кампаніі

Аграрыі Міншчыны рыхтуюцца да ўборачнай кампаніі

88 % збожжаўборачнай тэхнікі і сушыльнай гаспадаркі ўжо гатова прыступіць да работы. І хоць ёсць яшчэ пэўны час — чакаецца, што жніво распачнецца дзесьці ў 20-х чыслах ліпеня, — тэмпы падрыхтоўчых работ трэба трымаць самыя напружаныя. А да 10 ліпеня ў вобласці павінна быць 100-працэнтная гатоўнасць збожжа-ўборачнай тэхнікі.

Такая задача пастаўлена перад АПК на пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта, на якім разглядалася адпаведнае пытанне. Сёлета на Міншчыне трэба ўбраць збожжавыя на плошчы 526,5 тыс. га. Аграрыі плануюць атрымаць 3 млн. тон збожжа разам з кукурузай. Як паведаміў першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Васілій Раманаў, для атрымання запланаванай ураджайнасці праведзена вялікая работа па доглядзе за пасевамі сельскагаспадарчых культур, і яна працягваецца. Па стане на 25 чэрвеня яравыя збожжавыя падкормлены на плошчы 125,3 тыс. га.

У механізаваных атрадах сельгасарганізацый вобласці налічваецца 2783 збожжаўборачныя камбайны, сярэдняя нагрузка на адзін камбайн складзе 223 га. На пасяджэнні аблвыканкама вялікая ўвага была ўдзелена якасці падрыхтоўчых работ і рацыянальнаму выкарыстанню тэхнікі. «Па выніках уборачнай кампаніі неабходна прааналізаваць прадукцыйнасць працы па кожнай адзінцы тэхнікі» — такую прапанову выказаў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.

Для своечасовай і якаснай пасля-ўборачнай падрыхтоўкі збожжа ў вобласці працуюць 903 збожжаачышчальна-сушыльныя комплексы. Трэба адзначыць, што за апошнія гады выканана вялікая работа па іх мадэрнізацыі. У мэтах выканання Рэспубліканскай праграмы па будаўніцтве і мадэрнізацыі збожжаачышчальна-сушыльных комплексаў за 6 гадоў пабудавана іх 203 адзінкі, а гэта кожны пяты комплекс з наяўных. І зараз работы не спыняюцца. Сёлета плануецца пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю 30 комплексаў, 18 з іх будуць уведзены да 1 жніўня. Збожжасушыльная гаспадарка мае высокую ступень гатоўнасці, работы падыходзяць да заканчэння. Як адзначыў Васілій Раманаў, пры ўмове належнай арганізацыі працы прадукцыйнасць збожжасушыльнай гаспадаркі дазволіць забяспечыць сушку ўсяго збожжа, што паступіць на зернятокі. Гатовы прыняць збожжа новага ўраджаю і камбінаты хлеба-прадуктаў.

Асобая ўвага пры абмеркаванні была нададзена кадраваму забеспячэнню ўборачнай кампаніі. Усяго трэба 11 209 механізатараў, у тым ліку 5382 камбайнеры. Для поўнай патрэбы не хапае 1902 механізатараў, з іх 921 камбайнера. Недахоп кадраў будзе кампенсавацца за кошт унутрыгаспадарчых перастановак, а таксама прыцягнення спецыялістаў з прамысловых прадпрыемстваў, выпускнікоў і практыкантаў навучальных устаноў.

Перад кіраўнікамі раёнаў пастаўлена таксама задача аб забеспячэнні бяспекі правядзення работ, каб не дапусціць траўміравання працуючых. Зроблены акцэнт і на інфармацыйна-ідэалагічным забеспячэнні ўборачнай кампаніі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter