Главный агроном «Снов»: пшеница белорусской селекции дает урожайность 120 центнеров с гектара

Галоўны аграном СВК «Агракамбінат Сноў» Нясвіжскага раёна Аляксандр Шаманаў: «Мары ўпрыгожваюць наша жыццё»

Раскінуты на ўзвышшы аграгарадок Сноў акружаюць палеткі, пакрытыя аксамітавым дываном усходаў азімых збожжавых. За ўзгоркам прымыкае да іх плантацыя цукровых буракоў. Магутны камбайн няспынна курсіруе па ёй, на хаду напаўняючы кузавы грузавікоў салодкімі каранямі. Штодзённа два дзясяткі транспартных сродкаў вязуць з гаспадаркі звыш 2500 тон гэтай культуры на Гарадзейскі цукровы камбінат. Плануецца паставіць на перапрацоўку звыш 30 тысяч тон буракоў. У СВК стала нормай стабільна атрымліваць высокія ўраджаі сельгаскультур. Доўгі час агранамічную службу ўзначальваў прафесіянал Уладзімір Бабёр, а дзесяць гадоў таму эстафету кіравання раслінаводчай галіной перадаў маладому спецыялісту Аляксандру ШАМАНАВУ.

У школьныя гады юнак цвёрда вырашыў звязаць лёс з працай на зямлі. Да сялянскіх заняткаў прывучаў яго дзядуля Уладзімір Уладзіміравіч. Напрыклад, разам касілі травы. Старанны ўнук таксама дапамагаў даглядаць трусоў: на ўласнай міні-ферме іх было больш за восемдзесят. Пасля заканчэння Сноўскай сярэдняй школы з закадычным сябрам Сяргеем Грыцам падалі дакументы на аграфак Беларускай дзяржсельгасакадэміі і паспяхова вытрымалі ўступныя экзамены. Вытворчую практыку праходзілі ў Снове. Кіраўніцтву гаспадаркі спадабаліся старанныя практыканты. Пасля заканчэння вучобы Аляксандр Шаманаў атрымаў накіраванне ў Жыткавіцкі раён, але былы старшыня агракамбіната Герой Беларусі Міхаіл Карчміт дапамог вярнуць маладога спецыяліста ў Сноў. Працоўную дзейнасць Аляксандр пачаў аграномам-аграхімікам, у тым жа годзе займеў сям'ю. З будучай жонкай Жаннай пазнаёміўся ў студэнцтве, яна на два гады раней скончыла бухгалтарскі факультэт сельгасакадэміі. Маладыя атрымалі катэдж у вёсцы Хвоева. Жанна ўладкавалася па спецыяльнасці на агракамбінат. Неўзабаве нарадзілася адна дачка (бацькі дапамагалі глядзець), а потым і другая. Дзяўчаты выраслі, атрымалі вышэйшую адукацыю. Старэйшая Хрысціна пасля заканчэння сталічнага медуніверсітэта працуе ўрачом-эпiдэмiёлагам у Баранавічах, а Аляксандра стала юрыстам. 


 — Сям'я — мая надзейная апора, — успыхваюць агеньчыкі ў вачах галоўнага агранома СВК «Агракамбінат Сноў» Нясвіжскага раёна Аляксандра Шаманава. — Пасля працоўнага дня вяртаюся ўвечары дамоў і адчуваю душэўнае цяпло родных. Старэйшая дачка і зяць Павел (летам зладзілі вяселле) часта нас праведваюць. Малодшая Аляксандра таксама амаль кожныя выхадныя ляціць са сталіцы ў мілы сэрцу куточак. У нашу вёску зручна дабірацца: непадалёку ад падворка прыпынак электрычкі. Разам з дзецьмі хутка справіліся з уборкай яблыкаў, падрыхтавалі агарод да зімы, кусты руж. Яблыні і грушы пасадзіў адразу, як перабраліся ў Хвоева. Дрэвы разрасліся. Цеснавата шаснаццаці яблыням і шасці грушам на васямнаццаці сотках прысядзібнага ўчастка. Усё патрабуе догляду. Прыеду на абед, хутка перакушу і адразу за бензакасілку альбо іншы інструмент. На падворку ёсць чым заняцца.

— Аляксандр Аляксандравіч, быць галоўным спецыялістам у адной з лепшых гаспадарак рэспублікі ганарова. Адказнасць адчуваеце?

— Ды яшчэ як! Трэба пастаянна трымаць дасягнутую планку па вытворчых паказчыках. Наш калектыў — флагман не толькі ў сталічнай вобласці, але і ў краіне. Аграномам-аграхімікам прымаў мяне на працу Герой Беларусі Міхаіл Карчміт. Галоўным аграномам ў 2013 годзе прызначаў Мікалай Вячаслававіч Радаман — я ледзьве стрымліваў хваляванне. Калі працуеш за спінаю вопытнага спецыяліста — адно адчуванне, а тут за ўсю галіну ў адказе. Разумеў, што дапускаць памылкі ні ў якім разе не дазволена: яны могуць выклікаць вялікія фінансавыя страты. Трывога агарнула ў першую самастойную веснавую сяўбу. Адчуваў, што ад маіх дзеянняў залежыць поспех калектыву. У кожнага сям'я, і трэба так усё спланаваць, каб справа ладзілася і людзі мелі заробкі. Мае калегі не білі ў хамут. Працуем усе разам. У нашай агранамічнай службе шэсць спецыялістаў: Сяргей Грыц, Віталь Слабко, Аляксандр Куратнік, Артур Якаўлеў, Дзмітрый Данількевіч і Сяргей Рацкевіч. Каб дабіцца добрых паказчыкаў, аграном павінен штодзённа назіраць за развіццём пасеваў. Фізічна адзін чалавек не можа кантраляваць усё, таму за кожным спецыялістам замацаваў па дзве з паловай тысячы гектараў. Некалькі гадоў таму да нашай гаспадаркі далучылі паўтары тысячы гектараў зямель каля клецкай вёскі Арда. Калі са старшынёй прыехалі аглядаць іх, агарнуў жах ад запушчанасці: усюды хмызнякі. Шмат давялося папрацаваць, каб давесці ўсё да ладу. Угоддзі ўключылі ў севазварот, забяспечваем ўдабрэннямі. І зямля адгукнулася на клопат. Не кожны дзень даводзіцца бываць там. Па палявых дарогах штодзённа на службовым аўтамабілі намотваю каля двухсот кіламетраў, імкнуся аб'ехаць па перыметры кожнае поле. Асабліва прыглядаюся, як развіваюцца пасевы. Асеннія дажджы паспрыялі іх умацаванню. Для агранома важна мець вопыт за плячыма, адчуваю, што з гадамі назапашваю яго.

— Але аснову поспеху, пэўна, складае тэхналагічная дысцыпліна? 

— Безумоўна, важна дакладна трымацца тэхналогіі пачынаючы ад падрыхтоўкі глебы пад сяўбу і запраўкі арганічнымі і мінеральнымі ўдабрэннямі. Штогод уносім каля 300 тысяч тон арганікі. Выручае высокая культура працы на зямлі. Летам за паўтара месяца ні каплі дажджу не выпала, але гэта кардынальна не паўплывала на ўраджай. Патэнцыял, які на нашых палях назапашаны гадамі, даў вынік. Пасевы гэта выпрабаванне вытрымалі. У засекі засыпалі 28 140 тон збожжа, што на чатыры тысячы тон больш, чым у мінулым годзе. Насення рапсу намалацілі звыш шасці тысяч тон, кожны гектар кукурузы даў амаль па 480 цэнтнераў зялёнай масы. Для грамадскага статка заклалі 85 тысяч тон сіласу, што складае паўтарагадовы запас, атрымалі чатыры паўнацэнныя ўкосы шматгадовых траў. Уборкай цукровых буракоў завяршаем сельскагаспадарчы сезон. На некаторых участках камп'ютар зафіксаваў ураджайнасць у тысячу цэнтнераў салодкіх каранёў. У сярэднім кожны з 370 гектараў дае звыш 930 цэнтнераў буракоў. Такі поспех — вынік старання ўсяго калектыву. Заўзята працавалі нашы механізатары на жніве. Звыш сямі тысяч тон зерня намалаціў камбайнер Анатоль Абрамовіч, па пяць тысяч тон збажыны на рахунку Віктара Карповіча і Сяргея Вайняка. Больш чым па чатыры тысячы тон ураджаю перавезлі з поля вадзіцелі Алег Вінічак і Вячаслаў Грыцкевіч. Іх паказчыкі ў ліку лепшых у сталічнай вобласці. 

— З вучонымі супрацоўнічаеце?

— Пачынаючы з восені спецыялісты Навукова-даследчага інстытута аграхіміі і глебазнаўства даследуюць кожнае поле і ўносяць прапановы па запраўцы арганічнымі і мінеральнымі ўдабрэннямі. На кожную фазу развіцця культур распрацоўваецца агратэхнічная праграма, яе і трымаемся. З савецкіх часоў у нас ні адзін гектар не засяваецца без поўнай нормы ўдабрэнняў. Калегіяльна працуем над севазваротам. Пераважаюць у ім збожжавыя і кукуруза, штогод пад пасеў гэтых культур адводзіцца па тры тысячы гектараў. Больш за тысячу гектараў займае азімы рапс, паўтары тысячы — шматгадовыя і лугавыя травы. Зараз вычышчаем іх перад зімоўкай. 

Супрацоўнічаем і з селекцыянерамі Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па земляробстве. На спецыяльных дзялянках сочым за развіццём сельгаскультур. Сёлета даследавалі 86 сартоў кукурузы айчыннай і замежнай селекцыі, эксперыментуем таксама з азімымі збожжавымі і рапсам. Апрабоўвалі каля 30 сартоў азімай пшаніцы. Нездарма кажуць: не ўсё золата, што блішчыць.

Больш урадлівыя гібрыды высяваем для атрымання насення. Пры максімальнай ураджайнасці культывуем сорт. Кукурузнае поле дае па 500 цэнтнераў зялёнай масы з гектара. Важна закласці высакаякасныя кармы, каб быў эфект у жывёлагадоўлі. Гадавы надой ад каровы перавышае 11 300 кілаграмаў малака.

— Ці бывае так, што старшыня памыляецца ў нечым? Хапае смеласці ў такім выпадку выказаць сваю думку?

— У мяне такі характар, што маўчаць не буду, калі правы. Па натуры халерык. Часта ўспыхваю, але, калі атрымаецца, што памыліўся, прызнаю гэта. Самае галоўнае — павага да кожнага, з кім працуеш. Механізатарам часам трэба затрымацца, каб паспець справіцца з заданнем. Дыктат з імі не праходзіць. Знаходжу агульную мову, калі неабходна абавязкова ўбраць высушанае сена, бо заўтра пойдзе дождж. Людзі адклікаюцца. Такі прынцып работы і нашага старшыні. Патрабавальны ён да ўсіх аднолькава, за што яго падтрымліваю. Парадак і тэхналагічная дысцыпліна — аснова поспеху. Магчымыя непаразуменні важна папярэдзіць кампетэнтным рашэннем, каб атрымаць станоўчы вынік. Да падначаленых імкнуся прыслухоўвацца. За ўсю гісторыю гаспадаркі кіравалі ёю тры чалавекі. Былы калгас імя Калініна ўзначальваў Герой Сацыялістычнай працы Якаў Аляксанкін, змяніў яго Міхаіл Карчміт. Сённяшні старшыня Мікалай Радаман за гады кіравання ўтроіў асноўныя вытворчыя паказчыкі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Канешне, поспех шмат у чым залежыць ад мудрасці дырэктара. Як ён накіруе штурвал, так карабель і паплыве. У нас склалася моцнае ядро галоўных спецыялістаў. Пастаянна абмяркоўваем вытворчыя моманты, дапамагаем кіраўніку прымаць важныя рашэнні.

— У рэспубліцы заўважна інтэрвенцыя імпартных сартоў сельгаскультур. А ў вас як абстаяць справы?

— Імкнёмся пашыраць пасевы сельгаскультур айчыннай селекцыі. Але ўсё ж нашым вучоным варта больш эфектыўна працаваць над вывядзеннем высокапрадукцыйных сартоў. На 70 гектарах сёлета вырошчвалі пшаніцу беларускага сорта «амелія». Атрымалі трыумфальную ўраджайнасць — 120 цэнтнераў зерня з гектара! Плошчы пад яе пашырылі да 300 гектараў. Такі поспех сведчыць, што нашы селекцыянеры не адстаюць ад сусветных лідараў. Не варта гнацца за замежнымі сартамі, калі можна атрымліваць выдатны ўраджай сельгаскультур айчыннай селекцыі. У апошнія гады палепшыліся справы з ураджайнасцю рапсу беларускіх сартоў, але пакуль імпартныя гібрыды гэтай культуры больш радуюць. З нашых палёў рэалізуем толькі цукровыя буракі і бульбу, астатнія сельгаскультуры забяспечваюць унутраныя патрэбы. Сёлета рэалізавалі 1920 тон элітнага насення азімага ячменю і паўтары тысячы тон элітнай азімай пшаніцы. Выручка значна папоўніла казну гаспадаркі.

У нас даўно стала нормай любую справу выконваць па тэхналогіі. Не аднойчы адзначаліся на самым высокім узроўні за якасную прадукцыю, атрымалі прэмію Урада за дасягненні ў галіне якасці. І не за далікатэсы, што вырабляюцца ў нас, хаця яны запатрабаваныя ў спажыўцоў. Гэта комплексная ацэнка працы калектыву. У вытворчым працэсе заўсёды ўзнікае нешта новае, што дае магчымасць павялічыць эфектыўнасць. Для нас важна атрымаць ураджайнасць з кожнага гектара на два-тры цэнтнеры больш. Павышаем прафесійны ўзровень. 

Непакоіць падрыхтоўка маладых кадраў у аграрных навучальных установах. У нас практыкуюцца студэнты. На жаль, пужае іх узровень тэарэтычнай падрыхтоўкі. Памятаю, як сам імкнуўся ўсё спасцігнуць. Мяне ўразіла, што будучыя аграномы не ведаюць элементарнага развіцця раслін. Спытаўся, з чаго складаецца колас, і ў адказ пачуў: «Мы гэтага не вучылі». На полі пацікавіўся, якое пустазелле ведаюць, — ні адну расліну не назвалі. Як і шкоднікаў сельгаскультур. Мы на першым курсе ўсё гэта ведалі, а тут завяршаюць вучобу і такі правал. Правільна адзначаў Прэзідэнт: у вучэбных праграмах аграрных навучальных устаноў трэба больш увагі надаваць спалучэнню тэарэтычных і практычных заняткаў. У жніво практыкантаў адправілі на хлебнае поле. Прыязджаю: чацвёра з пяці ляжаць у цяньку пад кустом. Пацікавіўся, як справы, і пачуў, што няблага піўца глытнуць ў спякоту. Адзін з пяцярых дапамагаў камбайнеру рэгуляваць механізмы, каб зменшыць страты на абмалоце зерня. Прыкмецілі старанне юнака і запрасілі на працу. Адслужыў у арміі і вярнуўся да нас спецыялістам. Зараз узначальвае адну з гаспадарак у раёне. 

— У гэтыя асеннія дні заціхае фронт работ на палях. Для кіраўніка агранамічнай службы таксама настае час для перадыху перад новым вітком хлебаробскай справы?

— Клопатаў заўжды хапае. Гаспадарка вялікая, шматпрофільная. Самая важная задача — забяспечыць грубымі кармамі жывёлагадоўчую галіну. У нас замкнёны вытворчы цыкл: ад зямлі да прылаўка. Акрамя жывёлагадоўчых комплексаў буйной рагатай жывёлы, дзейнічае птушкафабрыка. Аднаўляецца работа свінакомплексу, разлічанага на ўтрыманне 40 тысяч свіней. Уласным фуражом забяспечваем патрэбы жывёлагадоўчай галіны, а гэта вытворчасць амаль 90 тысяч тон грубых кармоў. Вырашэнню задачы падпарадкавана дзейнасць раслінаводства. У некаторыя гады даводзіцца закупляць зерне. 

Пад ураджай будучага года своечасова пасеялі 1100 гектараў азімага рапсу і 2737 — каласавых культур. Пшаніца раскусцілася, і ячмень радуе вока. Набраў неабходную форму азімы рапс. Са спецыялістамі агранамічнай службы абмяркоўваем, як рыхтавацца да вясновага выхаду ў поле. Праляціць зіма, і пачнецца новы віток хлебаробскай справы. Вось так непрыкметна праходзяць гады.

— Не шкадуеце, што выбралі такі жыццёвы шлях?

— А чаго шкадаваць? Мне пашчасціла пасля вучобы вярнуцца ў родныя мясціны.
Праца агранома, як і ўрача, звязана з вялікай рызыкай: расліны таксама жывы арганізм. З вясны і да першых замаразкаў днямі ў полі. Гэта толькі здаецца: пасей культуру — і яна сама вырасце. Тэхналогія вырашае ўсё на полі. Перад тым як прыняць рашэнне, перастрахоўваюся. Рызыкуем, высяваючы гібрыды на доследных палях.
З рызыкай звязана і прымяненне новых прэпаратаў па ахове раслін: спачатку апрабуем на спецыяльных дэмапалях, каб потым ведаць, у якіх дозах і калі найбольш эфектыўна прымяняць. Увесь працэс занатоўваю. Як ралля пакрыецца белым покрывам, збяромся агранамічнай службай і пачнём падводзіць вынікі года, аналізаваць работу. Будзем фарміраваць тэхналагічную карту. Пралічым усе затраты на вырошчванне культур, дэталёва распрацуем план дзеяння на кожны від палявых работ, разлічым дозы ўнясення ўдабрэнняў. А пакуль зіма не настала, штодня курсірую па палях. 

— Гэта так кліча сэрца ці неабходна па тэхналогіі?

— Павінен сам бачыць сітуацыю на полі. Назапашваю інфармацыю, каб лягчэй прымаць рашэнні. Штодзённа перад планёркай ведаю, якія работы і дзе трэба правесці. Вывучыў характар і прафесійныя здольнасці кожнага механізатара і адчуваю, каму што можна даверыць. Больш за дваццаць гадоў працую на зямлі. Не шкадую, што сам выбраў гэты жыццёвы шлях. Так захоплены справай, што не заўважаю, як час пралятае. Вось зараз самая пара любавацца асеннімі краявідамі, а ў мяне з раніцы да вечара і хвіліны вольнай няма. Кажуць, што грыбоў шмат, а я так і не выкраіў часу, каб завітаць у лес. І ў адпачынку яшчэ не быў.

— А дзе любіце адпачываць?

— У былыя гады адпраўляўся з сям'ёю на Чорнае мора. Дзеці любілі пазагараць пад цёплым паўднёвым небам, пакупацца. Як стала трывожна ў паўднёвай суседкі, паездкі на марское ўзбярэжжа замянілі адпачынкам на роднай зямлі. І ў нас пры жаданні можна цудоўна правесці вольны час. Колькі цікавых мясцін у Беларусі! Клімат змяніўся, больш цёплымі сталі летнія месяцы. Можна вандраваць па родных прасторах, паправіць здароўе ў санаторыі.

— У вас самая мірная прафесія — вырошчваць хлеб. У той час, калі так неспакойна ў свеце…

— Вялікае шчасце, што на нашай зямлі пануе мір. Гляджу навіны па тэлевізары, і становіцца жахліва ад падзей ва Украіне, на Блізкім Усходзе. Сваячка, што жыве ў Лондане, перастала тэлефанаваць, хаця раней у нас былі добрыя адносіны. І ўсё з-за таго, што атрымлівае скажоную інфармацыю. У нас з ёю розныя погляды.

— Што не паспелі зрабіць?

— Даўно мару завесці пчол, паставіць вуллі на агародзе. Мёдам са свайго пчальніка буду частаваць гасцей. Мары ўпрыгожваюць наша жыццё.

— Няхай здзейсніцца ўсё задуманае і шчасцем поўняцца вашы дні! 

НАША ДАВЕДКА

Сноўскія хлебаробы стабільна атрымліваюць рэкордна высокія ўраджаі сельгаскультур. Фуражом уласнай вытворчасці поўнасцю забяспечваюцца патрэбы жывёлагадоўчай галіны, а гэта 18 600 галоў буйной рагатай жывёлы (2900 кароў, свінакомплекс на 40 тысяч галоў і птушкафабрыка). Сёлета кожны з амаль трох тысяч гектараў хлебнай нівы даў па 99,9 цэнтнера збожжа. Ураджайнасць насення азімага рапсу дасягнула амаль 64 цэнтнеры, зерня кукурузы — звыш 175 цэнтнераў, бульбы — 669. Зараз актыўна вядзецца ўборка цукровых буракоў. Кожны гектар дае амаль па 920 цэнтнераў салодкіх каранёў. Спецыялізуецца гаспадарка на вытворчасці элітнага насення збожжавых. На доследным полі выпрабоўваюцца новыя сарты каласавых, рапсу. Элітнае насенне, вырашчанае на сноўскіх палях, пастаўляецца ў гаспадаркі краіны. 

За высокія вытворчыя паказчыкі Аляксандр Аляксандравіч неаднаразова адзначаўся ганаровай граматай і нагрудным знакам «За заслугі ў сельскай гаспадарцы» Мінсельгасхарча, ганаровымі граматамі Мінскага аблвыканкама, Рэспубліканскага аграпрамысловага саюза. Паспяхова спалучае гаспадарчую дзейнасць з грамадскай. Ён дэпутат Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter