Главный агроном ляховичского ОАО «Жеребковичи» Евгений Терпицкий: снег выпадет, тогда можно и расслабиться

Галоўны аграном ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна Яўген Цярпіцкі: «Шчасце мільгаціць па жыцці нібыта сонечны зайчык»

У вяскоўцаў не згублена каштоўная звычка ў пэўны момант вылучаць патрэбных людзей. З першых дзён працы аграномам у ляхавіцкім ААТ «Жарабковічы» Яўген Цярпіцкі заўзята ўзяўся за справу. Вывучаў асаблівасці кожнага поля, знаёміўся з вопытам перадавых гаспадарак, вызначаў асноўныя напрамкі дзейнасці агранамічнай службы. Старанне і працавітасць маладога спецыяліста не засталіся незаўважанымі. Дзесяць гадоў таму Яўген Казіміравіч узначаліў агранамічную службу гэтай самай буйной гаспадаркі раёна. Плошча сельгасугоддзяў перавышае 13 400 гектараў, з якіх пераважная большасць ворыва. З максімальнай эфектыўнасцю выкарыстоўваецца кожны гектар. Трэцяя частка палёў гаспадаркі — меліяраваныя землі. Пераважна вырошчваюцца на іх кармавыя культуры. Для ўмацавання кармавой базы для грамадскага статка пашыраны збожжавы клін. Валавы намалот зерня летась перавысіў 22 тысячы тон. 

З-за неспрыяльных кліматычных умоў на дзве тысячы тон менш збажыны атрымана сёлета. Найбольш пацярпелі з-за летняй засухі пасевы яравых збожжавых. Вытрымала прыроднае выпрабаванне азімае поле. На некаторых участках ураджайнасць азімага ячменю дасягнула 80 цэнтнераў на круг, і амаль столькі ж азімай пшаніцы. Атрыманым ураджаем збожжавых гаспадарка поўнасцю забяспечыла свае патрэбы.


— Падабралі больш эфектыўныя для нашых зямель сарты сельгаскультур і рацыянальна прымянілі комплекс удабрэнняў, — падсумоўвае галоўны аграном ААТ «Жарабковічы» Яўген Цярпіцкі. — Вырошчваем у асноўным культуры беларускай селекцыі. Дакладна вытрымліваем усе тонкасці тэхналагічнага працэсу. Хлебная ніва надта чакала дажджу ў перыяд калашэння і наліву зерня. Балюча было глядзець на патрэсканую ад спякоты зямлю. Дзякуючы тэхналогіі пасевы вытрымалі прыродныя катаклізмы. Уборку пачалі з абмалоту насення рапсу. Ураджай гэтай культуры парадаваў. Потым амаль два тыдні чакалі, пакуль даспеюць збожжавыя. Як толькі настаў спрыяльны час, камбайны адразу ўключыліся ў работу. 

На працягу ўсіх гадоў майго кіравання агранамічнай службай нашы механізатары пастаянна сярод прызёраў абласнога і раённага спаборніцтваў на жніве. І па ўраджайнасці збожжавых гаспадарка сярод абласных лідараў. У лепшыя гады з кожнага гектара намалочвалі звыш 70 цэнтнераў зерня. У нас склаўся моцны касцяк хлебаробаў. Неаднаразова пераможцам у рэспубліканскім і абласным спаборніцтвах на жніве выходзіў экіпаж камбайнера Андрэя Дзянішчыка і яго памочніка Генадзя Хмарука. Сёлета на іх рахунку 1900 тон збажыны. Амаль столькі і на рахунку камбайнераў Віктара Клямені і Сяргея Бурака. У былыя гады гэтыя паказчыкі былі яшчэ большымі.

— Яўген Казіміравіч, пасля завяршэння ўборкі збожжавых каласавых адчулі спад працоўнага напружання?

— Калі снегам зацярушыць зямлю, толькі тады аграному можна крыху расслабіцца. Яшчэ не паспеў апошні збожжаўборачны камбайн пакінуць поле, як пачаўся новы віток хлебаробскіх клопатаў. У гэтыя напружаныя дні ў мяне кожная мінута распісана. З галоўным інжынерам Юрыем Рагаўцовым і загадчыкам рамонтнай майстэрні Міхаілам Пятроўскім вызначаем маршруты тэхнікі, занятай на падрыхтоўцы глебы і сяўбе азімых культур. Нядаўна ў нашым калектыве памяняўся кіраўнік. Былы дырэктар Антон Булаты ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя падаў заяву на вызваленне ад займаемай пасады. Замяніў яго Андрэй Новік. У суседнім СВК «Ляхавіцкі» ён узначальваў інжынерную службу. Знаёмім Андрэя Анатольевіча з калектывам. Кожны з пяці вытворчых участкаў гэта былыя асобныя гаспадаркі са сваёй інфраструктурай. Трэба прызвычаіцца да кіравання дзейнасцю такога вялікага калектыву, у якім, акрамя раслінаводчай галіны, яшчэ і жывёлагадоўля. Дзейнічаюць тры буйныя малочнатаварныя фермы. Грамадскі статак неабходна забяспечыць кармамі ўласнай вытворчасці. На палях, акрамя збожжавых, вырошчваем цукровыя буракі, кармавыя культуры, грэчку, проса. Амаль 600 гектараў штогод выдзяляем ільнозаводу для вырошчвання лёну. За дзень складана ўсю гаспадарку аб'ехаць.

— Загадзя плануеце свой працоўны дзень?

— З вечара звычайна акрэсліваю, на што ў наступны дзень у першую чаргу звярнуць увагу. Але жыццё непрадказальнае, і па ходу каардыную задумы. Зараз, акрамя сяўбы азімых, на кантролі трымаю і корманарыхтоўку. Для грамадскага статка плануем закласці ў траншэі 37 тысяч тон сенажу і 60 тысяч тон сіласу. Нарыхтавалі неабходную колькасць сена. Акрамя ферм буйной рагатай жывёлы, у нас самая вялікая ў рэспубліцы авечкагадоўчая ферма, дзе ўтрымліваецца 2600 галоў жывёлы. У былыя гады летнім часам атару трымалі ў кашарах. Зараз у асноўным усё пагалоўе на круглагадавым стойлавым утрыманні. Так што нагрузка на корманарыхтоўку ўзмацнілася. Завяршылі трэці ўкос люцэрны на сянаж. Каб атрымаць паўнацэнны чацвёрты ўкос, патрэбен дождж, як і для кукурузных плантацый. Аглядаю іх штодзённа, каб вызначыцца з пачаткам уборкі. Трэба скасіць на сілас 1600 гектараў кукурузы і на 200 гектарах абмалаціць пачаткі на зерне. Галоўная задача агранамічнай службы — вырасціць ураджай. З поля кармы адпраўляем на закладку, а там ужо тэхналогіяй займаюцца іншыя спецыялісты. Кожны мой дзень насычаны справамі. У працоўных клопатах прамільгнула цёплае лета.

— Свой жыццёвы лёс вы звязалі з працай на зямлі. Гэта быў асэнсаваны выбар?

— Спадчыннае ў мяне жаданне працаваць на зямлі. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на агранамічнае аддзяленне Ляхавіцкага агракаледжа. Мой выбар прафесіі бацькі і сваякі падтрымалі. Вучоба ў каледжы мяне захапіла. Вытворчую практыку праходзіў у гаспадарках Ляхавіцкага раёна. Вышэйшую агранамічную адукацыю атрымаў у Гродзенскім дзяржаграуніверсітэце. Са студэнцкіх гадоў запомніліся лекцыі па біялогіі доктара сельгаснавук Алены Браніславаўны Карпач. Пад яе кіраўніцтвам займаўся навуковымі даследаваннямі і выступаў на студэнцкай навуковай канферэнцыі. Пасля завяршэння вучобы меў прапанову паступаць у магістратуру. Ідэя гэта для мяне застаецца актуальнай. 

Працаваць выпала ў гаспадарцы, адкуль карані майго радаводу. Дзяды і прадзеды па лініі маці Вольгі Фёдараўны жылі ў напеўнай вёсцы Падлессе, што на тэрыторыі нашага ААТ «Жарабковічы». Амаль сто гадоў адмерана было лёсам прабабулі Мар'і. У наваколлі яна слыла народнай знахаркай. Умела загаворы рабіць і пярэпалах з чалавека здымаць. Калі што чалавеку трапляла ў вока, звярталіся да яе. Імгненна языком даставала любую парушынку. І мне дапамагла, калі ў вока трапіла смяцінка. Ад болю не мог адкрыць века. Нават не заўважыў, як бабуля языком выхапіла смяцінку. За такую дапамогу ніколі ад людзей грошы не брала. Жыла, як і ўсе ў вёсцы. Працавала на зямлі, дзяцей выхавала. У яе хаце покуць упрыгожвалі абразы. Неаднойчы бачыў, як на каленях раніцай ці ўвечары шчыра малілася. На яе доўгі век выпала шмат важных гістарычных падзей. Перажыла Першую сусветную і Вялікую Айчынную войны, пасляваенную разруху. Разам з аднавяскоўцамі ўступіла ў калгас. Ніколі не гналася за багаццем. Была пераканана, што не ў ім шчасце чалавека. Нават у самыя складаныя моманты не падала духам. Мо таму такім доўгім выдаўся яе век. Як у той песні: «І пець буду, і гуляць буду, а смерць прыйдзе — паміраць буду». Не хварэла. Прылегла і лёгка адышла ў вечнасць. Сын яе Фёдар Таўс збудаваў уласны дом у Падлессі, у якім прайшло маё дзяцінства. Працаваў дзед Фёдар нарыхтоўшчыкам. Заможным слыў гаспадаром. Ганарыўся, што ў яго роднай вёсцы ў далёкія даваенныя часы малады этнограф Генадзь Цітовіч арганізаваў самадзейны хор. З канцэртамі ездзілі сельскія артысты па навакольных вёсках. Потым іх запрашалі выступаць у Баранавічах на радыё. 

У 1940-м падлескаму калектыву пашчасціла быць удзельнікам Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве. Вялікая Айчынная вайна спыніла работу хору. Нямецка-фашысцкія захопнікі як толькі ўварваліся ў Падлессе, адразу расстралялі калгасных актывістаў, сярод іх былі і ўдзельнікі хору. Пасля вызвалення нашай мясцовасці савецкімі войскамі ад гітлераўцаў дзейнасць хору аднавілася. Землякі выступалі ў вайсковых часцях, шпіталях, спявалі на сцэнах беларускіх гарадоў і вёсак. Ганарымся, што ў 1945 годзе калгасны хор выступаў у Маскве на аглядзе мастацкай самадзейнасці, а потым яшчэ неаднаразова выязджаў у сталіцу. З нашымі землякамі пасябравалі артысты маскоўскага хору імя Пятніцкага. Бабуля расказвала, як усёй вёскай сустракалі маскоўскіх гасцей у Падлессі. І зараз вёска багата на спеўныя таленты. Многія мясцовыя песні сталі асновай створанага ў пасляваенны час Дзяржаўнага народнага хору БССР, які сёння носіць імя народнага артыста СССР Генадзя Цітовіча. Не толькі працавітасцю, але і талентамі славяцца мае землякі.

— А жонка ваша з тутэйшых?

— Гэта гледзячы каго тутэйшымі называць. Родам яна з суседняга Клецкага раёна, з якім мяжуюць землі нашай гаспадаркі. Выпадковая сустрэча на клецкай вуліцы стала для нас лёсавызначальнай. Быццам асляпіла яна мяне сваім поглядам. Не ўтрымаўся, падышоў і пазнаёміўся. Прапанаваў Наталлі разам схадзіць на фільм. З гэтага і пачалося наша сямейнае кіно. Амаль дзесяць гадоў жывём разам у катэджы, атрыманым ад гаспадаркі. Прасторныя пакоі, кухня з усімі выгодамі. Наталля працавала загадчыцай комплексу па адкорму буйной рагатай жывёлы. Зараз у дэкрэтным водпуску. Падрастаюць сын Марк і дачушка Ева.

— Такія біблейскія імёны ў дзяцей!

— З жонкай падбіралі іх па прынцыпе, каб лёгка спалучаліся з маім імем. Сапраўды прыгожа гучыць Марк Яўгенавіч ці Ева Яўгенаўна. Для дзяцей у нашым аграгарадку Жарабковічы дзейнічаюць дзіцячы садок, школа. З навакольных вёсак аўтобусам прывозяць дзяцей. Многія маладыя сем'і жывуць у катэджах. Жадаючыя могуць выкупіць жыллё. Каштуе такі дом каля 80 тысяч рублёў. Амаль усе ў нашым калектыве забяспечаны жыллём. Радуе, што ў аграгарадок сёлета праведзены газаправод. На чарзе газіфікацыя іншых населеных пунктаў на тэрыторыі гаспадаркі. Гэта паспрыяе замацаванню маладых сем'яў. Трэба на дзяржаўным узроўні больш увагі надаваць сельскай мясцовасці, накіроўваць сродкі на далейшае паляпшэнне сацыяльных умоў вяскоўцаў. Некаторыя нашы галоўныя спецыялісты жывуць у Ляхавічах, да якіх з Жарабковічаў рукой падаць. 

— Якімі значнымі справамі напоўнены ў вашым жыцці аб'яўлены ў краіне на дзяржаўным узроўні Год міру і стварэння?

— Інакш як стваральнай працу хлебароба не назавеш. Галоўнае, каб над полем было мірна і ціха. Бацькам і майму пакаленню выпала жыць у мірны час. Зараз у свеце надта неспакойна. Заходнееўрапейскія краіны не могуць змірыцца з новым парадкам. Пра ўсё гэта і іншыя важныя палітычныя справы адзначалася ў інтэрв'ю Прэзідэнта Беларусі ўкраінскай журналістцы Дзіяне Панчанка. Асабліва выклікала інтарэс выказванне Аляксандра Рыгоравіча пра перамовы з Украінай, пра тыя ўмовы, што прапаноўваліся нашай паўднёвай суседцы, каб не даводзіць справу да ваеннага канфлікту. Хочацца спадзявацца на адкрыты дыялог для ўрэгулявання гэтай зацяжной канфрантацыі. 

Каб стваральнымі справамі завяршыўся год. У нашым калектыве ён багаты на добрыя справы. На пачатку лета ўступіў у эксплуатацыю буйны жывёлагадоўчы комплекс. З уводам яго ў дзеянне вырасла валавая вытворчасць малака. Ад рэалізацыі яго фінансамі папаўняецца казна гаспадаркі. Заробкі стануць большымі. Кожны ў калектыве гэта ведае і зацікаўлены працаваць як мага лепш.

— На працы вы кіраўнік агранамічнай службы, а дома хто гаспадарыць?

— Як бы ні было, а маё рашэнне ў сям'і галоўнае. Гэта можна бачыць па паводзінах дзяцей. Больш яны мяне слухаюць. Хаця ў асноўным бачу іх у ложках. Рана падымаюся і позна вечарам вяртаюся дамоў. Як падрастуць сын і дачушка, мару з сям'ёй адправіцца да мора, каб адчуць шум хваль, пакупацца ўдосталь. За мяжою бываў у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і ў Турцыі. Цікава павандраваць па роднай зямлі. У Беларусі столькі прыгожых гістарычных мясцін, помнікаў архітэктуры і дойлідства. Запаў у сэрца Гродна, дзе вучыўся ва ўніверсітэце. Хочацца пахадзіць па брукаваных вулачках, цяністых алеях у студэнцкім гарадку. Ці проста з сям'ёй на некалькі гадзін адправіцца ў лес па грыбы альбо пасядзець з вудамі на рачным беразе. На ўсё гэта патрэбен час.

— Якім вы ўяўляеце шчасце?

— Складана адназначна адказаць. Для кагосьці гэта мець шмат грошай, а для іншых — радавацца згодзе ў сям'і. Хто не мае дзяцей, лічыць, што шчасце іх мець. Для хворага чалавека шчасце паправіцца. Адчуваю сябе максімальна шчаслівым, калі аддаю. Маё жыццёвае крэда — крочыць толькі ўперад. Увогуле паняцце шчасця няпростае. Свет агарнула трывога, і людзі памяняліся. Раней, калі ў каго на вёсцы здаралася бяда, усе кідаліся дапамагчы. Цяпер часцей кожны ў першую чаргу думае пра сябе.
Трэба больш увагі надаваць духоўнаму выхаванню людзей. Духоўнасць абагачае кожнага. Калі чалавек нешта губляе, пачынае задумвацца пра страчанае шчасце. А яно заўжды побач з намі, трэба толькі ўмець адчуваць гэта.
Часта ўзгадваю, як бабуля частавала прыгатаванымі ў печы бобам і яблыкамі, спечанымі на патэльні мучнымі блінамі з мачанкай. Звычайна гатавала яе з грыбоў кабылак. Цяпер чамусьці вучоныя не раяць харчавацца імі, бо яны маюць асаблівасць назапашваць нітраты. Мінулае часцей выклікае настальгію. Нездарма кажуць, што раней сонца было больш яркім і паветра чысцейшым. Мо гэта і так. Шчасце мільгаціць па жыцці нібыта сонечны зайчык. Для мяне яно — бачыць сваіх родных і блізкіх жывымі і здаровымі.

ДАВЕДКА «СГ»

Хлебная ніва сельгаспрадпрыемства самая вялікая ў раёне — 3700 гектараў. Убіралі збажыну 18 камбайнаў. Кожны гектар даў па 58 цэнтнераў зерня і звыш 30 цэнтнераў насення рапсу. Засыпана ў засекі 20 тысяч тон збожжа. Поўнасцю выкананы план пастаўкі ў дзяржаўны фонд насення рапсу. Гаспадарка паставіць дзяржаве 1800 тон пшаніцы і 1100 тон піваварнага ячменю. Па паказчыках сельгаспрадпрыемства стабільна трымаецца сярод лепшых у раёне. Хлебаробаў неаднаразова ўшаноўвалі на рэспубліканскіх, абласных і раённых святах-кірмашах «Дажынкі». Дыпломамі і ганаровымі граматамі Мінсельгасхарчу, Брэсцкага аблвыканкама адзначана вытворчая дзейнасць галоўнага агранома. Разам з перадавікамі жніва будзе ён прадстаўляць гаспадарку на абласных «Дажынках» ў Ганцавічах.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter