Майские мечты поэта-песенника Владимира Каризны

Галоўная песня краіны

Беларускі паэт Уладзімір Карызна — адзін з аўтараў Дзяржаўнага гімна Беларусі. Хутка, 25 мая, ён будзе прымаць віншаванні з 85-годдзем, а ўжо ў гэту нядзелю — і з днём нараджэння дзяржаўных сімвалаў як чалавек, які мае непасрэднае дачыненне да стварэння нашага галоўнага музычна-паэтычнага твора.

Фото из архива «СБ»

Гімн — гэта святое

— Уладзімір Іванавіч, у вас багатая паэтычная спадчына. Выдадзены зборнікі вершаў, уся Беларусь спявае вашы песні. Кожны новы дзень у нашай краіне пачынаецца і заканчваецца Дзяржаўным гімнам, у абнаўленні якога вы прынялі непасрэдны ўдзел. Адна справа — выказаць свае асабістыя пачуцці ў новай песні і зусім іншая — замахнуцца на напісанне галоўнага музычнага твора краіны. Як працавалася над ім?

Фото из архива «СБ»
— Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці наспела неабходнасць мець Дзяржаўны гімн. Увогуле, гімн, герб і сцяг — найвышэйшыя атрыбуты дзяржаўнасці краіны. Пасля распаду СССР былыя саюзныя рэспублікі сталі самастойнымі дзяржавамі. Такую незалежнасць атрымала і Беларусь. Савет Міністраў абвясціў конкурс на напісанне гімна. Усенародным галасаваннем прымаўся варыянт Дзяржаўнага сцяга і герба. Так было і з гімнам. Спецыяльная камісія прымала творы на конкурс. Прапанова паўдзельнічаць у гэтым важным мерапрыемстве паступіла і мне.

Сэрцам разумеў, што Дзяржаўны гімн — гэта святое. Гучанне яго надае гонару за сваю краіну, узмацняе ўпэўненасць. Прыняў рашэнне ўдзельнічаць і ўсе іншыя справы адклаў. Перад тым як нешта сваё ствараць, хацелася паслухаць, што прапануюць іншыя ўдзельнікі конкурсу. Скажу шчыра: мяне агарнулі вялікая напружанасць і адказнасць. Разумеў, што Дзяржаўны гімн не проста песня, а самы галоўны музычны твор краіны. За ім стаяць дзяржава, народ. Для напісання такога надзвычай важнага твора патрэбна мець вялікі творчы запас. Вось у такіх развагах і працаваў. За аснову будучага твора вырашана было ўзяць мелодыю былога гімна Беларускай ССР.

— Як падбіралі словы для такога адказнага твора?

— У кожнага паэта свой стыль працы. У новым гімне ад тэксту, што некалі напісаў беларускі паэт Міхась Клімковіч, мала што засталося. Час і падзеі ўнеслі карэктывы. Засталася некранутай музыка кампазітара Нестара Сакалоўскага. Словы для новага варыянта гэтага важнага дзяржаўнага твора, як пацеркі, перабіраліся ў памяці мноства разоў, адшліфоўваліся, выкрышталізоўваліся ў рыфмаваныя радкі, клаліся пад мелодыю. Сам Гасподзь дараваў натхненне выказацца трапна. Творчы працэс — справа далікатная і даволі складаная. Імкнуўся ў гэты ўрачысты вянок пачуццяў уплесці ўсё самае святое, чым можна выказаць любоў да роднай краіны, да свайго народа. Беларусь заўсёды мілая і дарагая майму сэрцу. Свае глыбокія пачуцці выказваю ў вершах і песнях. Гэта і вядомая песня «Беларусь мая сінявокая», і тыя ж «Азёры дабрыні», і іншыя творы. Спецыяльную музычную адукацыю не атрымліваў. Самастойна засвоіў музычную грамату. Магу напісаць акампанемент, а мелодыю, аркестроўку выконваюць прафесіяналы. Памятаю, як падчас вучобы на 3-м курсе філфака БДУ свой музычны твор паказаў беларускаму кампазітару прафесару Анатолю Багатырову. Уважліва ён паслухаў яго і параіў мне паступаць вучыцца ў кансерваторыю. Гэту задуму пазней здзейсніў мой сын Уладзімір. Пасля заканчэння вучобы ён стаў прафесійным кампазітарам і зараз паспяхова займаецца музыкай. Творчую эстафету нашага радаводу прадоўжыў унук Іван. Больш за дзесяць гадоў ён гастраліруе па свеце, выступае з віяланчэльнымі канцэртамі ў самых прэстыжных залах многіх краін. Не забывае і пра родную Беларусь. Пастаянна прыязджае ў Мінск, ладзіць аўтарскія выступленні ў Белдзяржфілармоніі. Абавязкова знаходзіць час і для наведвання бабулі па лініі нявесткі ў Дзятлаве.

— А як вы ставіцеся да таго факта, што апошнім часам на міжнародных спартыўных спаборніцтвах, дзе перамагаюць нашы спартсмены, не дазваляюць выконваць гімн Беларусі?

— Інакш як дзікунствам не магу назваць такія дзеянні тых, хто прымаў гэта прымітыўнае рашэнне. А мо іх там, у заходніх краінах, бянтэжыць, што такога па пафасе і велічыні ўздзеяння музычнага твора ў іх няма. У нашым Дзяржаўным гімне захавана сувязь пакаленняў, у кожным слове закладзены глыбокі сэнс. Не будзем прыспешваць час. Як казаў класік нашай літаратуры Кандрат Крапіва: «Смяецца той, хто смяецца апошнім».

— Уладзімір Іванавіч, многія вядомыя беларускія спевакі лічаць за вялікі гонар мець у сваім рэпертуары вашы песні. А ці звяртаюцца яны да вас па новыя песні?

— Да кожнага выканаўцы маіх твораў заўжды стаўлюся з павагай. Даражу творчымі адносінамі. З многімі артыстамі падтрымліваю сяброўскія стасункі. Адной з першых выканаўцаў маіх песень была заслужаная артыстка Беларусі Тамара Раеўская. Запісвала яна іх у студыі Дома радыё, выконвала на шматлікіх канцэртах у розных кутках Беларусі. Яе душэўнасць выканання кожнага твора кранала слухачоў. У яе мо не такі моцны голас, як у расійскай спявачкі Людмілы Зыкінай, але такая багатая душа! Для выканання арыі ці раманса патрэбны выдатны голас, а ў лірычных песнях важную ролю адыгрывае артыстызм спевака. Вось узяць вядомую франтавую песню «Бьется в тесной печурке огонь». Выканаўца яе не павінен гучна спяваць — тады губляецца ўвесь сэнс. Там ледзьве не рэчытатыў. Не абавязковы выдатны голас. А ваенны марш «Мы смело в бой пойдем», пад які байцы наступалі на ворага? Песня надавала ім смеласці і адвагі, бараніла іх. Без песні няма народа. Колькі цудоўных беларускіх, рускіх, украінскіх песень дасталося нам у спадчыну, колькі нараджаецца новых! Калі народ спявае, значыць, душа гэтага патрабуе. Без песні няма нацыі. Да нашага часу дайшлі спевы з сівой мінуўшчыны. Гэта наша багацце. Калі хлеба няма — народ галодны. Хлеб дае фізічную моц, а песня — духоўную.
Аўтар музыкі Гімна Беларускай ССР и сучаснага Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь — кампазітар Нестар Сакалоўскі. Ён «апрануў» у ноты верш Міхася Клімковіча «Мы, беларусы». Гэты музычны твор і стаў гімнам БССР у 1955 годзе. А з ­2002-га ў яго арганічна ўпляліся словы Уладзіміра Карызны.
З ДАСЬЕ

Уладзімір Іванавіч Карызна нарадзіўся 25 мая 1938 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Закружка Мінскага раёна. У 1961-м скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў настаўнікам беларускай і рускай моў на Браслаўшчыне, затым — на Бела­рускім радыё, у часопісах «Полымя» і «Крыніца», ­выдавецтве «Юнацтва».

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, а таксама прэміі прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь і літаратурнай прэміі «Залаты Купідон». Творчая дзейнасць літаратара адзначана ордэнам Францыска Скарыны.

Выпусціў каля 30 кніг, сярод якіх «Жураўліны досвітак», «Святло ліўня», «Цеплыня», «Цішыня баразны», «Музыка ў свеце» і іншыя. На яго вершы пісалі музыку беларускія кампазітары Юрый Семяняка, Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Леанід Захлеўны, Уладзімір Карызна — малодшы. Залаты фонд нацыянальнай культуры папоўнілі яго песні «Люблю цябе, Белая Русь», «Азёры дабрыні», «Маміна вішня», «Зорачка мая», «Калі цябе сустрэў упершыню» і іншыя.

Уладзімір Іванавіч і сам піша музыку, ён аўтар больш чым паўсотні песень. Некаторыя з іх аздобілі рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча.

subbat50@mail.ru

НЕ ПРАПУСЦІЦЕ

14 мая на «Беларусь 3» пабачым праграму «Майстры і куміры» (12:30) з удзелам паэта заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Карызны.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter