“Першы час хавала форму ў шафу - цяжка было глядзець”. Дачка пайшла па слядах бацькі, які загінуў пры выкананні службовых абавязкаў

Галоўная дарога

Памяць працягваецца ў справах

Кожны год дарога забірае жыцці некалькіх сотняў чалавек. Трывожныя лічбы. Але статыстыка магла б быць нашмат больш палохаючай, калі б не праца тых, хто штохвілінна сочыць за бяспекай дарожнага руху — супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі. Кожны дзень, выходзячы на службу, яны рызыкуюць сваім жыццём. Тут няма месца перабольшванню: за час існавання ДАІ пры выкананні службовага абавязку загінула 34 чалавекі. 

Фота Артура Прупаса

Што хаваецца за фразай “загінуў пры выкананні службовых абавязкаў”?

Тры з паловай гады таму гэты выпадак выклікаў вялікі рэзананс. У СМІ хутка распаўсюдзілася навіна пра п’янага вадзіцеля, які на ўкрадзеным аўтамабілі насмерць збіў супрацоўніка ДАІ на сталічным праспекце Незалежнасці. Але сухія нататкі ніколі не раскажуць, якое гора перажылі бацькі і сёстры загінуўшага інспектара Паўла Груздзева. На момант трагедыі яму было ўсяго 24 гады.

— Ён хацеў усіх абараняць, — распавядае бацька хлопца Андрэй Ювенальдавіч. — З дзяцінства займаўся спортам, напрасіўся служыць у спецназ. Яшчэ недаслужыў, а ўжо падаў дакументы ў міліцыю. Праца яму вельмі падабалася. Збіраўся працягваць вучобу, паступіў у Акадэмію МУС. Але трэці курс скончыць не паспеў.

Трагедыя здарылася за тыдзень да экзаменацыйнай сесіі. У тую майскую ноч Павел прыехаў на пост за 15 хвілін да гібелі. Уезд у Мінск з боку Уручча, асветлены ўчастак праспекта. Павел спыніў Iveco — машына рухалася вельмі павольна. Аказалася, вадзіцель не ведае горада. Супрацоўнік ДАІ праверыў дакументы, падказаў дарогу і пажадаў каб яна была добрая. Праз секунду — гук удару і дождж з асколкаў шкла і пластыку. Fiat, што праносіўся міма, узяў правей і на вялікай хуткасці збіў інспектара. Вадзіцель паспрабаваў уцячы з месца злачынства. Але яго ўдалося затрымаць яшчэ ў межах горада.

Аднаўляючы ў памяці тыя страшныя падзеі, часова выконваючы абавязкі намесніка начальніка аддзела інфармацыйна-аналітычнай работы УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама (тады — начальнік аддзела ДАІ Першамайскага РУУС Мінска) падпалкоўнік міліцыі Вячаслаў Гаўрош успамінае:

— Цяжка перадаць словамі, што я адчуў, калі прыехаў на месца ДТЗ. Боль, горыч. Яшчэ за дзень да трагедыі мы з Паўлам размаўлялі. Ён падпісваў рапарт на навучальны адпачынак. Як заўсёды, з усмешкай, якая была яго візітнай карткай.

Цаной свайго жыцця Павел прадухіліў сур’ёзную небяспеку. У вадзіцеля, які яго збіў, на момант аварыі ў крыві было 2,75 праміле. Машыну ён украў, кіраваў ёю без правоў. Да гэтага 8 разоў прыцягваўся да адказнасці за крадзяжы, махлярства, язду ў нецвярозым стане. 

Андрэй Ювенальдавіч кажа, што ніколі не зможа дараваць злачынцу. Без Паўла сям’я пазбавілася апоры:

— Такіх дзяцей трэба пашукаць. На выхадныя, як толькі выпадала вольная хвілінка, ехаў дадому, пад Баранавічы, дапамагаў па гаспадарцы — у нас свой дом. Я працаваў тады ў Маскве, уся гаспадарка была на ім. Мы сазвоньваліся кожны дзень. Апошні раз — за паўгадзіны да яго гібелі.

Пасля невялікай паўзы бацька прызнаецца: як далей жыць без сына, ён не ведае. Але радуе, што Пашу не забываюць. Калегі прыязджаюць на могілкі, заязджаюць да бацькоў. Клічуць на мерапрыемствы ў Мінск. Дапамога сваякам загінуўшых вельмі важная, кажа Вячаслаў Гаўрош:

— Афармляючы ДТЗ на той жа кальцавой дарозе, нашы супрацоўнікі фактычна кожны дзень рызыкуюць жыццём. І яны павінны ведаць: калі здарыцца трагедыя, сям’я не застанецца без падтрымкі.

Лена Лукашэвіч працуе ў падраздзяленні ДАІ МУС і носіць афіцэрскія пагоны. Яе чатырнаццацігадовая сястра Маша ў будучыні таксама марыць служыць у праваахоўных органах. Дзяўчынкі ідуць па слядах бацькі. Іван Лукашэвіч быў супрацоўнікам элітнага спецпадраздзялення дарожна-патрульнай службы МУС “Страла”. Ён загінуў пры выкананні службовых абавязкаў, калі Лене было 8 гадоў, а яе мама Святлана была на шостым месяцы цяжарнасці — сям’я чакала з’яўлення Машы.

— Прайсці адбор у “Стралу” для Івана было марай, — распавядае Святлана. — Ён гэтым ганарыўся і вельмі любіў сваю працу. Яму плацілі тым жа: людзі яго паважалі, калегі часта прыходзілі да нас у госці, мы сябравалі сем’ямі.

Таму, убачыўшы ў нядзелю ля пад’езда машыны “Стралы” і таварышаў па службе, Святлана і падумаць не магла, што здарылася нешта страшнае. Вырашыла, муж запрасіў таварышаў у госці. Ён якраз павінен быў вярнуцца дадому з камандзіроўкі — праца ў выхадныя была справай звыклай. Цяжарная Святлана вярталася з Ленай з прагулкі ў парку. Абмяркоўвалі, як павіншаваць тату на Дзень абаронцаў Айчыны. Было 22 лютага 2003 года.

Алена Лукашэвіч страціла бацьку, калі ёй было 8 год. Зараз — 23. Яна працуе ў падраздзяленні ДАІ МУС і марыць пайсці па слядах бацькі — стаць супрацоўнікам “Стралы” 

Іван вяртаўся са службовага задання. У Баранавіцкім раёне ён убачыў на абочыне занесены снегам мікрааўтобус. Прытармазіў, падыйшоў даведацца, што здарылася. Аказалася, аўтамабіль зламаўся. Маразы тады стаялі лютыя — людзі ў машыне замярзалі. Капітан “Стралы” перасадзіў іх у службовы аўтамабіль, стаў чапляць трос для буксіроўкі. У гэты момант на вялікай хуткасці на машыны наехала фура. Вадзіцель заснуў за рулём.

Аляксандр Кузьменка, цяпер старшыня савета ветэранаў УДАІ МУС, тады быў першым намеснікам начальніка УДАІ МУС. Прызнаецца, упершыню ў жыцці не мог стрымаць слёзы:

— Іван быў добры чалавек, усё рабіў грунтоўна. Гэтая якасць характарызавала ўвесь яго жыццёвы шлях. У дадзенай сітуацыі таксама: ён спыніўся, каб выканаць свой службовы абавязак — дапамагчы людзям.

Усе клопаты па арганізацыі пахавання леглі на плечы Аляксандра Міхайлавіча і яго калегі Мікалая Сасіновіча. Самае цяжкае — паведаміць родным.

— Для Святланы загадзя выклікалі доктара і медсястру. Трэба было паведаміць пра ўсё вельмі акуратна, каб, не дай бог, не нашкодзіць.

Гадаваць дзяўчынак Святлане дапамагала мама — яна пераехала да яе пасля смерці Івана. Вялікую падтрымку, маральную і фінансавую, сям’я атрымала і ад Дзяржаўтаінспекцыі.

— Мы адчуваем пастаянны клопат, нам заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу, — кажа Святлана. — Да гэтага часу калегі мужа віншуюць са святамі: Новы год, 8 Сакавіка, Дзень міліцыі і іншыя.

У мінулым годзе па ініцыятыве начальніка УДАІ МУС Дзмітрыя Карзюка ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых прайшло ўнікальнае мерапрыемства — у спецыяльныя нішы, убудаваныя ў сцены крыпты, ва ўрачыстай абстаноўцы заклалі капсулы з зямлёй з месцаў спачынку загінуўшых супрацоўнікаў ДАІ. Тут прысутнічалі і кіраўніцтва МУС, і маладыя міліцыянеры, і ветэраны. Члены сем’яў і сваякі загінуўшых прынялі ўдзел у набажэнстве і запалілі свечкі ад нязгаснай лампады. Святлана кажа:

— Гэта быў асаблівы дзень. Усіх перапаўнялі эмоцыі. Перажыць гора лягчэй, калі маеш зносіны з людзьмі, якія сутыкнуліся з той жа бядой. 

Цяпер сям’я Лукашэвіч так ці інакш звязана з людзьмі ў пагонах. Святлана, філолаг па адукацыі, пайшла працаваць у Акадэмію МУС. Алена ўносіць свой уклад у забеспячэнне парадку на дарогах. У планах — атрымаць юрыдычную адукацыю і... працаваць у “Страле”. Святлана прызнаецца:

— Калі Лена прынесла дадому форму, першы час хавала яе ў шафу — цяжка было глядзець. Вядома, перажываю за дачку. Але вельмі ёю ганаруся. Іван, думаю, таксама ганарыўся б.

ДАРЭЧЫ

Сяргей Рудзенка, начальнік спецыяльнага падраздзялення дарожна-патрульнай службы “Страла” МУС:


— Традыцыя клопату пра сем’і, якія страцілі блізкіх на службе, склалася ў Дзяржаўтаінспекцыі даўно. Калі я заступіў на пасаду, палічыў, што не падтрымаць яе нельга. Бо пакуль мы будзем памятаць пра загінуўшых, яны будуць жыць у нашай памяці, у нашых сэрцах. У нас у падраздзяленні ёсць памятныя дошкі. 

Гэта прыклад для маладых супрацоўнікаў — як людзі ставіліся да сваіх абавязкаў, былі гатовыя аддаць жыццё, выконваючы свой службовы і грамадзянскі абавязак. Мы не забываем пра ветэранаў — і жывых, і тых, якіх ужо няма з намі. 

Гэта па-чалавечы правільна, калі калектыў, дзе працавалі загінуўшыя, памятае аб іх.

gavrusheva@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter