«Галоўнае – не падвёў аграсэрвіс!»

НА ПРЭСТЫЖНЫМ конкурсе аратых, які праходзіў у чэрвені падчас правядзення выставы «Белагра-2013», механізатар Генадзь БАБІЦКІ (на здымку) з ААТ «Докшыцкі райаграсэрвіс» заняў трэцяе месца. Гэта другі поспех на падобных спаборніцтвах маладога аратага. Чатыры гады таму ў яго было серабро.

Механізатар Генадзь Бабіцкі:

НА ПРЭСТЫЖНЫМ конкурсе аратых, які праходзіў у чэрвені падчас правядзення выставы «Белагра-2013», механізатар Генадзь БАБІЦКІ (на здымку) з ААТ «Докшыцкі райаграсэрвіс» заняў трэцяе месца. Гэта другі поспех на падобных спаборніцтвах маладога аратага. Чатыры гады таму ў яго было серабро.

Генадзя Бабіцкага давялося добра пашукаць. Забраўся ён на сваім трактары МТЗ-2822 з сямікорпуснымі плугамі ажно на самую мяжу з Мінскай вобласцю, дзе ля вёскі Куты рыхтаваў сярод лесу поле пад сяўбу рапсу.

— Сапраўдны кут, нездарма вёска носіць падобную назву, — цісну пры сустрэчы руку падцягнутаму каржакаватаму хлопцу. — І як вы самі толькі знаходзіце гэтыя ўчасткі?

— А нам не прывыкаць! — кідае ён. — Зямлі ў падсобнай гаспадарцы сапраўды шмат. Адсюль да Беразіно, дзе заканчваецца, паўсотні кіламетраў. Як піць даць. І такіх загагулін шмат. Але я тут трынаццаць год ужо, і ўсе іх ведаю. Ніякіх суправаджальнікаў не трэба.

— Абед як? У сухамятку даводзіцца? Дзеля аднаго чалавека не павязуць? — выказваю сумненне.

— Не, якраз нядаўна перакусіў. Не забыліся. У нас з гэтым строга. І падвячорак яшчэ будзе.

— Так позна працуеце?

— Самая гарачая пара цяпер, — змахвае кропелькі поту з ілба. — Трэба паспець падрыхтаваць глебу пад сяўбу азімых. Пачынаем работу ў 6 гадзін раніцы і заканчваем у 9 вечара.

— Цяжкавата вытрымаць?

— Мы то якраз вытрымліваем, хоць і сапраўды не надта салодка, а вось жалеза ломіцца, зношваецца. Лемешы на плугах мяняю праз кожныя трыста гектараў, а далоты — праз трыццаць, або раз у два дні. Адных гаек даводзіцца перакруціць колькі!...

— Норму даяце?

— Норму? — перапытвае. — Паўтары-дзве даю! Гэта 20—25 гектараў, калі не трэба асабліва круціцца.

Спакваля спрабую перавесці гаворку пра конкурс «Белагра».

— Я ўжо і забыўся пра яго, — глядзіць некалькі разгублена. — Зрабіў, што там прасілі... Спачатку была тэорыя. Адказвалі на пытанні па камп’ютару. З дзесяці пытанняў правільна адказаў на восем. Дапамагла практыка. Потым выдзелілі ўчастак узараць. Пасадзілі на трактар, не такі, як тут у мяне, да якога прывык, на меншы, МТЗ-1523. І плуг пяцікорпусны. Яму і чатырох занадта. Ледзь цягнуў. Неяк  управіўся. Пасля глыбіню ворыва замералі. Ну і вызначылі мне трэцяе месца. Каб трактар быў, як мой, ды каб не хваляваўся трохі, то можа б і вышэйшае ўзяў. Але і гэта добра. Не дзеля славы выступаў. Галоўнае — не падвёў аграсервіс.

— А чаму менавіта вас паслалі?

— Дык я ж чатыры гады назад быў на такім жа конкурсе. Другое месца тады ўзяў.

...Нарадзіўся Генадзь Бабіцкі ў Віцебску. Не споўнілася малому і года, як сям’я пераехала ў Докшыцкі раён, вёску Пруднікі, на радзіму маці. Бацька Мікалай працаваў механізатрам, быў знакамітым камбайнерам. Часта браў з сабою і Генадзя. Тады сын і «захварэў» тэхнікай. Пасля арміі прапаноўвалі яму “цёплае” месца ў фірме, немалыя грошы. Не клюнуў на «лёгкі хлеб».

— Генадзь Бабіцкі — вельмі адказны работнік. Ён усюды ўпраўляецца: і на ворыве глебы, і на сяўбе, і на ўборцы траў, і на вывазцы арганікі. Вельмі станоўчы чалавек — такую характарыстыку свайму падначаленаму дае дырэктар ААТ «Докшыцкі райаграсервіс» Мікалай Шульгат.

....Механізатар зноў залез у кабіну трактара. Рытмічна зататакаў матор. Свежая ралля за плугамі клалася раўнюткай паласой: не было бачна ні груд, ні загрыўкаў. Майстар ёсць майстар!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?