Галоўнае — наяўнасць выбару

Новыя гандлёвыя аб’екты адкрываюцца на Міншчыне, а «сеткі» больш актыўна ідуць у раёны...

Новыя гандлёвыя аб’екты адкрываюцца на Міншчыне, а «сеткі» больш актыўна ідуць у раёны

Рэстаран хуткага абслугоўвання ў Салігорску, піцэрыя ў Барысаве, дзіцячае кафэ з Слуцку, супермаркеты ў Жодзіна і Заслаўі... Сёлета ўведзена амаль 300 аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, у тым ліку 17 буйных магазінаў з гандлёвай плошчай больш за 300 кв. м.

І зараз на будаўнічых пляцоўках не спыняецца работа. Начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінаблвыканкама Таццяна Абляк дзеліцца планамі:

— Наша дзейнасць скіравана на найбольшае задавальненне спажывецкага попыту. Таму многае робіцца не толькі для развіцця гандлёвых аб’ектаў, прымянення новых форм і метадаў абслугоўвання, але і для ўкаранення новых фарматаў аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання. Да канца года мяркуем увесці яшчэ больш за 50 аб’ектаў, у тым ліку 8 з гандлёвай плошчай больш за 300 кв.м.

Трэба сказаць, што аб’екты грамадскага харчавання апошнім часам пачынаюць усё больш набываць нацыянальны каларыт. Фактычна ўсе, за выключэннем спецыялізаваных, піцэрый і г.д., прапаноўваюць стравы нацыянальнай беларускай кухні. Развіццё іх, паводле слоў Таццяны Абляк, у вобласці працягваецца:

— Мінскі аблспажыўсаюз актыўна займаецца перапрафіляваннем сваіх аб’ектаў пад фармат беларускай на­цыянальнай кухні з адпаведным каларытам, інтэр’ерам і гэтак далей. Цікавяцца такім накірункам і іншыя ўласнікі, атрымліваецца даволі арыгінальна. Узяць хаця б рэстаран хуткага абслугоўвання ў Салігорску — прыгожы драўляны будынак, з густам аформленыя залы, свежапрыгатаваныя нацыянальныя і іншыя стравы.

Апошнім часам на Міншчыне ўсё большую актыўнасць дэманструюць сеткавыя гандлёвыя кампаніі, і зараз яны прадстаўлены практычна ва ўсіх рэгіёнах. Акрамя будаўніцтва буйнафарматных аб’ектаў, яны пачынаюць рабіць і першыя крокі ў сельскую мясцовасць, у аддаленыя населеныя пункты.

— Хаця на сёння пераважная ўдзельная вага па абслугоўванні пакупнікоў у сельскай мясцовасці належыць Мінскаму аблспажыўсаюзу, але сітуацыя пакрысе мяняецца, у вёскі пачалі ездзіць аўтамагазіны прыватнай формы ўласнасці. Пакуль гэта індывідуальныя прадпрымальнікі, і іх не вельмі шмат, але цікавасць да сельскай мясцовасці праявілі буйныя кампаніі. Да прыкладу, у двух раёнах вобласці — Нясвіжскім і Мінскім — вядомая сетка «Еўраопт» сёлета ўжо запусціла ў работу свае аўтамагазіны. Зазначу, што яны карыстаюцца вялікім попытам у насельніцтва. Увогуле, на Міншчыне ствараюцца роўныя ўмовы для развіцця гандлёвых аб’ектаў рознай формы ўласнасці, а канкурэнцыя будзе толькі на карысць спажыўцу, — пераканана Таццяна Абляк.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter