Галоўнае багацце сям’ і Верабей

У іх доме ніколі не бывае сумна, бо там заўжды гучыць дзіцячы смехМнагадзетная сям’я Ніны Іванаўны і Уладзіміра Іванавіча Верабей з вёскі Каплічы — шчаслівая. Усе радасці і няшчасці яны перажываюць разам, усе пытанні вырашаюць сумесна. Iх адносіны пабудаваны на ўзаемаразуменні і павазе. А як жа інакш? Толькі такім чынам, лічаць яны, можна стварыць сям’ю, у якой усе будуць шчаслівыя.

Ніна Іванаўна і Уладзімір Іванавіч вельмі розныя па характары. Яна — гаманкая, вясёлая, эмацыянальная, ён — сур’ёзны, спакойны, разважлівы. “Мне здаецца, што гаспадар, бацька і павінен быць такім, — адзначае Ніна Іванаўна. — Мой муж умее вырашаць цяжкія пытанні, на яго я магу паспадзявацца ў любы момант”.
Нягледзячы на розныя характары, яны разам з 1986 года. Ніна Іванаўна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Каплічы, Уладзімір Іванавіч — у Старых Навасёлках. Сустрэліся, калі ёй было семнаццаць.
— Гэта было каханне з першага погляду і на ўсё жыццё, — успамінае Ніна Іванаўна. — Я, як з ім пазнаёмілася, адразу ж вырашыла: вось ён, мой будучы муж, чалавек, з якім я хачу звязаць свой лёс, нараджаць і гадаваць дзяцей. Так і адбылося, сэрца мяне не падманула.
Праз некалькі месяцаў пасля знаёмства яны ажаніліся, праз год у маладой сям’і з’явіўся першынец — сын Віталь. Але... Жыццё спачатку вырашыла выпрабаваць маладых на трываласць: у сына аказаўся дзіцячы цэрэбральны параліч.
— Спачатку я з-за гэтага шмат плакала, перажывала, думала, чым мы ўгнявілі Бога? За што нам такое выпрабаванне? Чаму менавіта нам? — расказвае Ніна Іванаўна. — Муж у той цяжкі перыяд вельмі мяне падтрымліваў, дапамагаў ва ўсім. Дзякуй яму вялікі.
Гэта няшчасце не разбіла сям’ю Верабей, як, на жаль, сёння часта бывае, а зрабіла яе больш моцнай. І Ніна Іванаўна, і Уладзімір Іванавіч вельмі хацелі, каб у іх было шмат дзяцей. У 1988 годзе нарадзіўся другі сын — Аляксандр (сёння ён служыць ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь), а ў 1994-м — дачка Таццяна, якая зараз вучыцца ў 8-м класе і дапамагае маці даглядаць малодшых сястрычак — чатырохгадовую Валерыю і двухгадовую Марыю, а таксама старэйшага брата. “Наш Віталя — цудоўны хлопчык, такі пяшчотны, наіўны, — расказвае Ніна Іванаўна. — Ён атрымаў базавую адукацыю, да яго прыходзілі дадому настаўнікі, займаліся з ім”.
Ніна Іванаўна зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, а да гэтага яна працавала ў КСУП “Каплічы” аператарам машыннага даення (па спецыяльнасці яна хімік-лабарант, скончыла Акцябрскае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча). Таксама працуе ў гаспадарцы Уладзімір Іванавіч, ён — газаэлектразваршчык.
Сям’я Верабей садзіць вялікі агарод: бульба, морква, цыбуля, буракі і іншая гародніна ў іх свая, вырашчаная сваімі рукамі. Працаваць на зямлі яны вельмі любяць, да гэтага прывучаюць і сваіх дзяцей. Акрамя таго, яны трымаюць вялікую гаспадарку. “Свайго жыцця ў горадзе я не ўяўляю, — адзначае Ніна Іванаўна. — Як не папрацаваць на роднай зямельцы, на гаспадарцы? Вядома, стамляюся, але гэта праца прыносіць нам з мужам задавальненне. Такое шчасце жыць у вёсцы, далей ад гарадской мітусні, шуму, побач з прыродай. Мне хацелася, каб і дзеці перанялі нашу з мужам любоў да роднай зямлі, да працы на ёй”.
Не так даўно пры садзейнічанні кіраўніцтва раёна вялікай сям’і Верабей быў выдзелены новы дом, бо месца ў старой кватэры ўсім не хапала. Ніна Іванаўна прызналася ў размове, што яны з мужам у хуткім часе збіраюцца ўзяць дзіця з прытулка, каб падарыць і яму сваю бацькоўскую любоў і пяшчоту. Старэйшыя дзеці падтрымліваюць іх у гэтым.
26 верасня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў указ аб узнагароджанні Ніны Іванаўны ордэнам Маці. Гэту высокую ўзнагароду ёй уручыў старшыня райвыканкама Яўген Адаменка падчас мерапрыемства, прысвечанага Дню маці.
— Дзеці — маё багацце, адзначае Ніна Іванаўна. — Нават не ўяўляю без іх і мужа свайго жыцця, якое шчасце, што я сустрэла Уладзіміра Іванавіча на сваім жыццёвым шляху. Я — шчаслівая маці і жонка, мне нічога не патрэбна, толькі каб мае родныя былі здаровыя, каб Бог аберагаў іх ад страт і нягод.


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter