Галiнка пушкiнскага дрэва

Нашчадак Пушкiна Ганна Варанцова-Вельямiнава наведала Бабруйшчыну

Нашчадак вялiкага паэта Ганна Варанцова-Вельямiнава наведала радзiму продкаў на Бабруйшчыне

У вёсцы Цялуша Бабруйскага раёна пабывала нашчадак пушкiнскага роду Ганна Варанцова-Вельямiнава. Што прывяло яе сюды? Роднасныя сувязi. Справа ў тым, што ў гэтым населеным пункце пахавана яе прабабка Наталля Варанцова-Вельямiнава.

Аднак жа раскажам пра саму Наталлю Аляксандраўну. Яна была дачкой старэйшага сына Пушкiна Аляксандра. Нарадзiлася ў Пецярбургу ў 1869 годзе. Там атрымала адукацыю, была начытанай, валодала англiйскай, французскай, нямецкай мовамi. Адрознiвалася не толькi своеасаблiвымi ўнутранымi якасцямi, але i адметнай знешнасцю. Мела шмат паклоннiкаў. Аднаму з iх, Паўлу Варанцову-Вельямiнаву, i аддала сваё сэрца. Афiцэр служыў у палку, якiм камандаваў Аляксандр Пушкiн. Вось i ўступiлi ў шлюб. Аляксандр Аляксандравiч падтрымаў выбар дачкi, бо добра ведаў зяця па сумесных баявых паходах, той за смеласць i мужнасць быў адзначаны сярэбранай шабляй.

Пасля таго, як Варанцоў-Вельямiнаў выйшаў у адстаўку, ён пераехаў з жонкай у маёнтак сваёй мацi ў вёску Вавулiчы Бабруйскага павета. Тут i пускалi каранi. Усё напачатку як быццам бы складвалася някепска. Сам гаспадар, як уплывовая асоба, узначальваў павятовае дваранства, Наталля Аляксандраўна болей рупiлася па гаспадарцы, вывучала мясцовы быт, займалася адукацыяй вясковай дзятвы. Не без яе ўдзелу ў Цялушы была пабудавана школа, найбольш адукаваных вучняў iмкнулiся пасылаць вучыцца далей. Гэта стала як бы сямейнай традыцыяй.

Варанцовы-Вельямiнавы прымалi самы актыўны ўдзел у стварэннi Бабруйскай гарадской бiблiятэкi, падаравалi ёй нямала кнiг Пушкiна, унiкальны экземпляр трагедыi «Фауст» Гётэ i iншай лiтаратуры. Сёння, дарэчы, гэтая бiблiятэка, якая носiць iмя Пушкiна, адна з самых умяшчальных, мае прывабны ўнутраны i знешнi выгляд, яе з задавальненнем наведваюць шматлiкiя чытачы.

У вёсцы Цялуша збудавалi за свае сродкi арыгiнальную шматкупальную царкву, якая функцыянiруе i цяпер. Толькi не ведала Наталля Аляксандраўна, што праз колькi часу памрэ ад запалення лёгкiх i яе будуць адпяваць у гэтым храме. Канешне, страта жонкi была вялiкай трагедыяй для Паўла Аркадзьевiча. Адзiнае, што ён зрабiў для яе,– устанавiў беласнежны мармуровы помнiк. Было гэта ў 1912 годзе, сам жа пражыў яшчэ восем гадоў i знайшоў апошнi прытулак пад Кiевам...

Што ж да дзяцей, то iх у Варанцовых-Вельямiнавых было пяцёра: два сыны – Мiхаiл i Феадосiй i тры дачкi – Марыя, Соф’я i Вера. У паслярэвалюцыйны час яны разляцелiся, хто куды...

Мiхаiл Варанцоў-Вельямiнаў апынуўся за мяжой, у Францыi. Там ажанiўся, нарадзiўся сын Георгiй, а ў Георгiя – дачка Ганна.

Ганна Варанцова-Вельямiнава сама мае дзяцей, унукаў. Зараз пражывае ў iтальянскай Фларэнцыi. Яшчэ працуе. Па абавязку службы давялося бываць у Беларусi. I, вядома ж, не прапусцiла магчымасцi зазiрнуць на радзiму продкаў. Аўтамабiль ёй выдзелiў «Белаграпрамбанк», куды прыехала перакладчыцай на мiжнародную канферэнцыю сельскагаспадарчых банкаў. I адразу – у Цялушу. Тое, што ўбачыла, глыбока ўзрушыла яе: магiла прабабкi патанае ў кветках, устаноўлены лаўкi, на якiх размяшчаецца шматлiкая глядацкая аўдыторыя, калi праводзяцца Пушкiнскiя святы. Лiтаральна за агароджай — царква, якая збудавана на сродкi Варанцовых-Вельямiнавых. Як усё гэта аглядала Ганна Георгiеўна, якую асалоду атрымала ад паветра радзiмы продкаў! Яе распытвалi, i яна распытвала. Здзiўлялася таму, якiя тут дасведчаныя людзi, як беражлiва захоўваюць памяць Пушкiна, яго нашчадкаў. Нiбы ўсё гэта ўбiрала ў сябе, а потым стала на калена i ўзяла жменьку зямлi:«Хай будзе мне напамiнам аб продках, цяпер я злучыла свае палавiнкi – цяперашняе i мiнулае».

Канешне, час у госцi быў абмежаваны, але яна змагла праехацца па Бабруйску, дзе ёй прыветна махалi таполi, яшчэ саджаныя яе продкамi, спынiлася ў гарадскiм краязнаўчым музеi. А тут – экспазiцыя, прысвечаная пушкiнскаму роду, Варанцовым-Вельямiнавым.«Вы гэта захоўваеце? – узрадавана запытала. – Дзякуй вам. I яшчэ раз дзякуй!» Пакiнула такi ж эмацыянальны запiс у кнiзе водгукаў, абяцала доўжыць знаёмства, падтрым-лiваць больш цесныя сувязi.

— Ганна Георгiеўна, — потым гаварылi музейныя работнiкi, — пакiнула ўражанне чалавека iнтэлiгентнага, якойсьцi асаблiвай вытанчанасцi. Гэта, вядома, у яе ў крывi, але ж нельга скiдваць з рахунку i тое, што мае дзве вышэйшыя адукацыi, скончыла знакамiты Сарбонскi унiверсiтэт, дзе выкладала рускую мову i лiтаратуру. Ведае некалькi еўрапейскiх моў, добра разбiраецца ў палiтыцы, эканомiцы, ва ўсiм тым, што робiць яе цiкавай i прыцягальнай. Мы з задавальненнем правялi з ёй час».

Сама Ганна Георгiеўна шкадавала аб тым, што не давядзецца пабываць на Пушкiнскiм свяце, якое традыцыйна, вось ужо трыццаць першы раз, пройдзе ў Цялушы.«У наступны раз, — казала, — пастараюся быць. Магчыма, прыеду з дзецьмi, унукам, ва ўсякiм разе, я праклала сцяжыну ў любы мне край i не буду яе забываць».

Ну а гаспадары былi рады таму, што адшукалася галiнка пушкiнскага дрэва. У пачатку семiдзесятых гадоў мiнулага стагоддзя на свята ў Цялушу прыязджалi сыны i ўнукi сярэдняй дачкi Варанцовых-Вельямiнавых Соф’i, але потым гэта сувязь абарвалася... Думалi, назаўжды, а тут вось такi нечаканы прыемны паварот!

На здымку: Ганна Варанцова-Вельямiнава ў краязнаўчым музеi.

Фота: Ларыс ЦIМАШЭНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter