Галасы над Дняпром сiвым

Юбiлей з дня нараджэння Караткевiча адзначылi прабегам на катамаране

Адзiн з рэдкiх i дзных рамантыкаў нашага прагматычнага часу Уладзiмiр Караткевiч быў яшчэ пры жыццi прызнаны класiкам сучаснай беларускай лiтаратуры

Сёлета яму магло б споўнiцца 80 гадоў. Але лёсам аўтару многiх хрэстаматыйных твораў было наканавана даволi кароткае зямное жыццё... Гэта, безумоўна, не азначае, што яно скончылася. Нават для звычайных людзей хрысцiян­скага веравызнання жыццё нiколi не перапыняецца.

Для асоб жа такога маштабу, як Уладзiмiр Карат­кевiч, божы дар бессмярот­насцi матэрыялiзаваны яшчэ i ў творчай спадчыне пiсьменнiка. На гэты конт трапна выказаўся ў прадмове да двухтомнiка ягоных выбраных твораў другi сусветна вядомы класiк беларускай лiтаратуры Васiль Быкаў (яшчэ пры жыццi Караткевiча).

«Лепшыя з твораў Уладзiмiра Караткевiча надоўга застануцца ў скарбонцы роднай лiтаратуры, бо на яго тэмы можна, напэўна, напiсаць горш, а магчыма, i лепш, але напiсаць так, як гэта зрабiў ён, не зможа нiхто. Мастакi з такiм выразна адметным талентам, з такiм своеасаблiвым бачаннем свету нараджаюцца нячаста».

А цяпер хацелася б расказаць аб арыгiнальнай мастацка-патрыятычнай акцыi, якая адбылася з нагоды 80-годдзя з дня нараджэння зна­камiтага беларускага пiсьменнiка Уладзiмiра Караткевiча. У газеце «Рэспублiка» за 21 лiпеня нашым чытачам коратка паведамлялася, што на радзiме класiка лiтаратуры, у Оршы, стартавала водная экспедыцыя па рацэ Днепр — для ўшанавання яго памяцi i прапаганды творчасцi. Пры падтрымцы мясцовай улады ўдзельнiкi шасцiдзённай экспедыцыi прайшлi на вялiкiм катамаране ад Оршы да Рагачова (адлегласць у 230 км).

Аб вынiках падарожжа па Дняпры карэспандэнту «Р» паведамiла дырэктар музейнага комплексу гiсторыi i культуры Аршаншчыны Iрына Воранава. Менавiта гэта ўстанова разам з ад­дзелам культуры Аршанскага гарвыканкама, цэнтрамi спорту, турызму i дзiцячай творчасцi сталi iнiцыятарамi тыднёвай воднай экспедыцыi.

Хоць падарожжа па Дняпры было i няпростым, але праграму ўсiх намечаных мерапрыемстваў яго ўдзельнiкi паспяхова выканалi. У складзе экспедыцыi былi энтузiясты, улюблёныя ў творчасць У.Караткевiча — чацвёра мужчын i дзве жанчыны.

Плаванне «лiтаратурнага» катамарана выпала на самы пiк лiпеньскай спякоты. Гэта толькi здаецца, што на вадзе вельмi камфортна. Насамрэч гарачыня тут яшчэ большая, бо вада прыцягвае сонечныя промнi. Часам ад спякоты не было паратунку. Таму палову шляху падарожнiкi iшлi толькi ўначы.

Паводле сцэнарыя экспедыцыi, былi запланаваны прыпынкi: у доме-сядзiбе Янкi Купалы ў Ляўках, затым у Магiлёве i Быхаве. Паўсюдна праходзiлi сустрэчы з тамтэйшым насельнiцтвам, творчай iнтэлiгенцыяй, моладдзю, усiмi прыхiль­нiкамi чароўнага мастацкага слова Караткевiча. Самым лепшым пачастункам для членаў экспедыцыi былi разам з хлебам-соллю звычайныя ахаладжальныя напоi цi жывая крынiчная беларуская вадзiца.

Увесь час плаванне сумяшчалася з вывучэннем прыдняпроўскiх ландшафтаў, фатаграфаваннем, здыманнем прафесiянальным аператарам тэле­кампанii «СКIФ» кароткаметражнага вiдэафiльма. Свой творчы ўнёсак абяцае зрабiць таксама бард Андрэй Мельнiкаў. А дзве жанчыны з экспедыцыi — супрацоўнiцы музея Уладзiмiра Караткевiча ў Оршы Вольга Пашковiч i Таццяна Груца — мяркуюць папоўнiць i без таго салiдны фонд, паводле матэрыялаў падарожжа, жывымi аповедамi для наведвальнiкаў i турыстаў. Тым больш што падчас плавання ўдалося пабачыцца з людзьмi, якiм пашчасцiла сустракацца з Уладзiмiрам Караткевiчам.

Нагадаем, што завяршылася дняпроўская адысея памяцi народнага пiсьменнiка ў Рагачове. Там адбыўся круглы стол з прадстаўнiкамi мясцовай улады i прыхiльнiкамi таленту Уладзiмiра Караткевiча. У поўным складзе, стомленыя, але шчаслiвыя ўдзельнiкi экспедыцыi начным цягнiком вярнулiся з Рагачова ў Оршу.

Акцыя з нагоды 80-годдзя з дня нараджэння нашага славутага земляка прадоўжыцца сустрэчамi, успамiнамi, правядзеннем круглых сталоў i абавязкова стварэннем тэлефiльма аб людзях i зямлi пад белымi крыламi, што так вытанчана адлюстраваны ў шматлiкiх творах Уладзiмiра Карат­кевiча.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter