Галіна, Уладзімір ды пеўнік Пеця

НІКОЛІ не здагадаешся, дзе і пры якіх абставінах знойдзеш сваё шчасце. І што ўвогуле гэтае шчасце: сіняя птушка ці мех грошай? А я, здаецца, знайшла шчаслівых людзей! Знаёмцеся — Галіна ІГНАЦЕНКА і Уладзімір ГОЛАН з вёскі Васільеўка Бярэзінскага раёна. Ды і свая шчаслівая птушачка ў іх ёсць — пястун-пеўнік Пеця.

І не бяда, што на падворку няма «крутой» машыны...

НІКОЛІ не здагадаешся, дзе і пры якіх абставінах знойдзеш сваё шчасце. І што ўвогуле гэтае шчасце: сіняя птушка ці мех грошай? А я, здаецца, знайшла шчаслівых людзей! Знаёмцеся — Галіна ІГНАЦЕНКА і Уладзімір ГОЛАН з вёскі Васільеўка Бярэзінскага раёна. Ды і свая шчаслівая птушачка ў іх ёсць — пястун-пеўнік Пеця.

З маладосці працуюць у адной галіне — жывёлагадоўлі. А зараз — на ферме «Васільеўка» ААТ «Бярэзінскі». Галіна Францаўна — загадчыца, а Уладзімір Мікітавіч — аператар па доглядзе буйной рагатай жывёлы, пад іх наглядам знаходзяцца 228 цёлак. І ў хатняй гаспадарцы трымаюць карову Цёлу, парсючкоў Машку ды Ваську. А яшчэ пеўнік Пеця «вылупіўся» — да яго асаблівая ўвага. Дом мужа і жонкі ўнутры ўпрыгожаны вышыванымі абразамі, пейзажамі, узорамі ўсходніх матываў. Нават заслонка на печцы — і тая вышытая.

— Я, бывае, сяджу перад тэлевізарам, а Галя вышывае, — распавядае Уладзімір Мікітавіч. — А пражылі мы пад адным дахам ужо 30 гадоў і ні разу не пасварыліся: няма прычыны, нават дробязнай. А маглі ж і не сустрэцца…

...Лёс звёў Галіну і Уладзіміра ў Малдавіі. Яна туды пераехала разам з трыма дзецьмі з Украіны, пасля смерці мужа. Уладзімір таксама меў ужо трое дзяцей ад першага шлюбу. Спадабаліся адзін аднаму, вырашылі жыць разам. А на Бярэзіншчыну, радзіму бацькоў Галіны, прыехалі ў 1985 годзе. У той жа год нарадзілася іх Надзея — сёмае дзіцятка. Надзюша з сям’ёй зараз жыве бліжэй за ўсіх ад бацькоў, у суседняй вёсцы Каменны Барок.

— А ўсяго ў нас ужо шэсць унукаў і адзін праўнук, — усміхаецца Галіна Францаўна.

І нічога, што сцены хаціны амаль ураслі ў зямлю, а на падворку няма «крутой» машыны. Тут пануюць іншыя каштоўнасці: павага і ўзаемаразуменне, падтрымка і ўзаемадапамога. На зялёным дыване траў Уладзімір Мікітавіч асцярожна расклаў вышыванкі любай, прыгладзіў яе валасы: усё — можна фатаграфаваць!

Алена ГРОМАВА

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter