Гісторыя ў здымках

У Мінску адкрыта выстава фотаздымкаў Аляксандра Дзітлава

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрыта выстава, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння фатографа, ваеннага карэспандэнта, вядомага журналіста Аляксандра Дзітлава

«Многія рэчы нам незразумелыя не таму, што наша разуменне слабае, а таму, што гэтыя рэчы не ўваходзяць у кола нашых разуменняў...» Гэты афарызм Казьмы Пруткова асабліва любіў Аляксандр Сяргеевіч Дзітлаў. А яшчэ ён любіў жыццё і ўмеў жыць.

Пацвердзіць гэта могуць усе старэйшыя супрацоўнікі газеты «Рэспубліка», якім у свой час пашчасціла працаваць побач з непараўнальным па ўзроўні і маштабе творчасці калегам.

— Можа падацца дзіўным, але дагэтуль персанальных выстаў гэтага знакамітага фотамайстра ў нашай краіне не было. Здымкі Аляксандра Сяргеевіча выстаўляліся на шматлікіх калектыўных выставах. Як сапраўдны інтэлігент, ён шчыра дапамагаў у іх арганізацыі сябрам і маладым аўтарам, — расказвае загадчык аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Нацыянальнага гістарычнага музея Надзея Саўчанка.

Па словах дачкі фатографа Вольгі Дзітлавай, Аляксандр Сяргеевіч ніколі не любіў афіцыйных і пышных прамоў. Па характары ён быў чалавекам сціплым, але з цвёрдымі перакананнямі. Прыроджаная дасціпнасць, выдатнае пачуццё гумару і непадробная цікаўнасць да ўсяго, што акружае, былі галоўнымі рысамі яго характару. А яшчэ ён вельмі пяшчотна адносіўся да жонкі, якая ўвесь час знаходзілася побач, нават асвоіла прафесію мужа і выдатна праявіла сябе ў якасці загадчыцы фоталабараторыі Батанічнага саду сталіцы: у аб’ектыве яе фотаапарата нават самыя простыя кветкі набывалі чароўны выгляд...

У душы Аляксандр Сяргеевіч быў рамантыкам і вандроўнікам. Каб адчуць гэта, дастаткова пагартаць старонкі фотаальбома «Там, дзе сінее Нарач» з тэкстам Янкі Брыля і ўнікальнай кнігі — даведніка для аматараў падарожжаў «Беларускі экватар». Гэтае выданне, створанае калектывам вядомых аўтараў, запомнілася чытачу ў першую чаргу сваім арыгінальным знешнім выглядам: да сярэдзіны кнігу са шматлікімі ілюстрацыямі можна чытаць як з першай, так і (перакруціўшы ў руках) з апошняй старонкі...

Забаўная мудрагелістасць, тонкі лірызм і энцыклапедычнасць ведаў Дзітлава падкуплялі. Яго бяскрыўдныя розыгрышы, ідэі, праекты і вынаходніцтвы надоўга захаваліся ў памяці сяброў і знаёмых.

...Да прыкладу, а ці ведаеце вы, дзе і як з’явіўся на свет галоўны герой дзіцячага часопіса «Вясёлка» Вася Вясёлкін? Няцяжка здагадацца, што ў сям’і Дзітлавых! У адзін цудоўны дзень лялька задзірыстага футбаліста ва ўмелых руках гаспадыні дома ператварылася ў сімпатычнага белабрысага хлопчыка, апранутага ў ільняную кашулю, аздобленую беларускім арнаментам. Аляксандр Сяргеевіч сфатаграфаваў «пераўвасобленага героя», і той з задавальненнем перасяліўся на старонкі папулярнага дзіцячага часопіса. Больш таго, пачаў ездзіць з карэспандэнтамі ў камандзіроўкі па краіне і за яе межы, пісаць юным чытачам пісьмы, ахвотна прысутнічаць на сустрэчах у школах, бібліятэках, рэдакцыі...

Між іншым, мала хто здагадваўся, што журналістыка зусім не тая прафесія, што пазначана ў дыпломе заслужанага журналіста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Дзітлава. Ён нарадзіўся перад Першай сусветнай вайной у сталіцы Расійскай імперыі Санкт-Пецярбургу ў дваранскай сям’і. З дзяцінства захапляўся біялогіяй, марыў стаць даследчыкам зямных нетраў, геолагам. І літаральна нідзе не расставаўся з фотаапаратам, які яму падарыў бацька.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, менавіта фотакамера стала яго асноўнай зброяй. У якасці ваеннага карэспандэнта «Фотахронікі ТАСС» Аляксандру Сяргеевічу не раз давялося бываць на перадавой, у акопах, бліндажах, весці здымку баявых дзеянняў, рабіць малюсенькія фотакарткі салдат, якія тыя ўкладвалі ў трохвугольнікі лістоў з фронта... Ён прайшоў вогненнымі вёрстамі з пасведчаннем, дзе была пазначана просьба да ўсіх ваенных і грамадзянскіх асоб «садзейнічаць таварышу Дзітлаву ў рабоце і перасылцы негатываў у Маскву».

Па здымках Дзітлава можна вывучаць гісторыю, кажуць сёння супрацоўнікі музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. І вывучаюць. А наведвальнікі, экскурсанты не перастаюць здзіўляцца паэтычнасці і патэтычнасці творчага почырку фотамайстра. Асабліва ўражвае яго сяміметровае фотапалатно, на якім увасоблены байцы 2-га Ярцаўскага матацыклетнага палка. Полк гэты вызначыўся ў баях пад Віцебскам. 49 кавалераў ордэнаў Славы пераможна глядзяць у будучыню, сціскаючы ў руках аўтаматы.

Па ўспамінах сяброў са слоў аўтара гэтага гістарычнага фотаздымка, слаўныя воіны-ардэнаносцы былі ўзброены на той дзень пераважна трафейнымі аўтаматамі. Савецкіх налічвалася толькі шэсць. Як быць? Не рэкламаваць жа зброю праціўніка... І Дзітлаў знаходзіць выйсце. Ён выстройвае байцоў у шарэнгу і здымае па шэсць чалавек. Папярэднія па чарзе перадаюць свае аўтаматы наступным... Потым усе адзнятыя фрагменты былі старанна склеены, і ў выніку атрымалася ўнікальнае фотапалатно, якое нікога не пакідае раўнадушным.

Талент? Бясспрэчна. Наватарства? Безумоўна. Вынаходніцтва, кемлівасць, прага да эксперыменту спадарожнічалі Аляксандру Сяргеевічу Дзітлаву ўсё жыццё. І тады, калі ў пасляваенны час ён выбраў месцам сваёй працы часопіс «Маладосць». І тады, калі ў 1952 годзе адважыўся паэксперыментаваць з колерам на фотаплёнцы. І тады, калі ўзяўся весці ў прамым эфіры тэлеперадачу «Фотапанарама», і калі натхнёна працаваў у дакументальным кіно, і калі стварыў першы ў Беларусі слайд-клуб «Спектр»…

Зрэшты, пра многае яшчэ з творчасці і жыцця сапраўднага АСа нашага часу (як жартам называлі яго блізкія людзі) можа паведаць нам фотавыстава «Беларускі экватар Аляксандра Дзітлава», прымеркаваная да 100-годдзя славутага фотамайстра, разгорнутая ў гэтыя дні ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, папулярнасць выставы аказалася настолькі вялікай, што арганізатары прынялі рашэнне пакінуць цікавую экспазіцыю ў сценах музея яшчэ на адзін тыдзень.

На здымку: апошні прыжыццёвы партрэт фотамайстра.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter