Гісторыя роду — гісторыя краіны

Навука і мастацтва супольна ўдзельнічаюць у вяртанні гістарычна-культурнай спадчыны Па ініцыятыве Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана ў мінскім Палацы мастацтва ладзілася Першая навукова-практычная канферэнцыя “Рэйтаны. Гісторыя роду — гісторыя краіны”. Пра Тадэвуша Рэйтана, аднаго са знакамітых прадстаўнікоў старажытнага шляхецкага роду, гаварылі як пра ўзор патрыятызму і любові да Бацькаўшчыны. Хоць называюць яго часам і беларускім Дон-Кіхотам…
Навука і мастацтва супольна ўдзельнічаюць у вяртанні гістарычна-культурнай спадчыны

Тадэвуш РэйтанПа ініцыятыве Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана ў мінскім Палацы мастацтва ладзілася Першая навукова-практычная канферэнцыя “Рэйтаны. Гісторыя роду — гісторыя краіны”. Пра Тадэвуша Рэйтана, аднаго са знакамітых прадстаўнікоў старажытнага шляхецкага роду, гаварылі як пра ўзор патрыятызму і любові да Бацькаўшчыны. Хоць называюць яго часам і беларускім Дон-Кіхотам…
Чаму так? Бо праславіўся спадар Тадэвуш, самааддана, па-рыцарску, з апошніх сіл баронячы разам з Самуэлем Корсакам незалежнасць сваёй Айчыны ў красавіку 1773 года. Абодва яны былі пасламі, ці дэпутатамі Сойма Рэчы Паспалітай ад Наваградскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Тады, нагадаем, склалася крытычная для дзяржавы сітуацыя: кіруючыя эліты Расіі, Аўстрыі ды Прусіі, папярэдне рознымі захадамі аслабіўшы Рэч Паспалітую, у жніўні 1772-га дамовіліся аб яе захопе. І нават правялі падзел тэрыторыі паміж сабой: гэта быў так званы Першы падзел Рэчы Паспалітай. Усяго ж іх у гісторыі было тры, у выніку чаго моцная дзяржава двух народаў знікла з палітычнай карты Еўропы. Паводле першапачатковых планаў, тэрыторыя ВКЛ адрывалася на карысць Расійскай імперыі. Прычым “законнасць” захопу павінен быў пацвердзіць Сойм, які і сабраўся ў Варшаве...
Як вядома, здаўна для паслоў на агульнадзяржаўны Сойм выпрацоўвалася спецыяльная інструкцыя. Яны павiнны былi ўсiмi сiламi адстойваць наказ мясцовай шляхты, не адступаючы ад яго. Рэйтану і Корсаку наказалі: настойваць на поўнай эвакуацыi расiйскiх войскаў з тэрыторыі ВКЛ. І рабіць усё для таго, каб перашкодзіць працы Сейма, адстаяць незалежнасць Бацькаўшчыны, цэласнасць Рэчы Паспалiтай. У прыватнасці, паслы ад Наваградчыны ўжо на першых пасяджэннях Сойма выступілі супраць здраднікаў, якія вялі справу да гібелі дзяржавы. На адным з пасяджанняў Тадэвуш Рэйтан, дамагаючыся ад паслоў рашэння на карысць незалежнасці, не выпускаючы іх з залы, лёг крыжам перад выхадам. Гісторыкі сцвярджаюць, што пры тым ён крычаў: “Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву!”. Той трагічны момант з нашай гісторыі адлюстраваны на знакамітай карціне Яна Матэйкі “Рэйтан”, напісанай у 1866 годзе. Адстаяць незалежнасць Рэйтану і Корсаку, на жаль, не удалося: расклад палітычных сіл быў яўна не на іх карысць...
Не ўсе ведаюць, што апошнія гады жыцця Тадэвуш Рэйтан правёў у родавым маёнтку Грушаўка, пад Ляхавічамі (цяпер Брэсцкая вобласць). Ён памёр у 1780-м: магчыма, не без дапамогі нядобразычліўцаў, па адной з версій — скончыўшы жыццё самагубствам. Таму пахавалі патрыёта не ў фамільным склепе, і магіла яго не ацалела. Аднак у 1930 годзе камісія расшукала месца спачыну патрыёта. Рэшткі Тадэвуша Рэйтана захоўваліся ў склепе капліцы ў Грушаўцы, цяпер — у адным з прыватных уладанняў у Ляхавічах.
Пра гэтыя ды іншыя факты з жыцця нацыянальнага героя, пра яго шляхецкі род прускага паходжання рабіліся даклады на канферэнцыі “Рэйтаны. Гісторыя роду — гісторыя краіны”. Навукоўцы, краязнаўцы, энтузіясты выказвалі свае прапановы: як зрабіць прывабным для турыстаў родавае котлішча Рэйтанаў у Грушаўцы, напоўніць пакінуты дом новым жыццём. Гэта важна, каб аддаць даніну павагі слаўным сынам Айчыны, бо род Рэйтанаў даў Беларусі яшчэ і знакамітых пісьменнікаў, воінаў, прадстаўнікоў улады. Сістэмна працуе над гэтым і Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана, дзе сакратаром мастак Зміцер Юркевіч.
Удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі прагледзелі дакументальныя відэафільмы “Тадэвуш Рэйтан. Беларускі Дон-Кіхот” і “Суботнік у Грушаўцы”. А вечарам, як своеасаблівы працяг канферэнцыі, у Палацы мастацтва ладзіўся фестываль эксперыментальнага мастацтва “ДАХ” — ХХІІІ: “Забытым Героям”, у якім удзельнічалі мастакі, літаратары, творчыя гурты.

Іван Іванаў

На здымку:
Тадэвуш Рэйтан
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter