Гісторыя натхнення

Убачыла свет кніга аб дзейнасці адметнага музычнага калектыву

Убачыла свет кніга аб гісторыі і дзейнасці адметнага музычнага калектыву

Называецца яна «Сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага». Нягледзячы на тое што гэты калектыў існуе пры музычнай навучальнай установе і пераважна складаецца са студэнтаў, ён вельмі прафесійны і вядомы не толькі ў краіне. Хутка аркестру споўніцца 45 гадоў. І кожны з іх напоўнены багатым творчым жыццём, новымі знаходкамі, карпатлівымі рэпетыцыямі, цікавымі канцэртамі і падарожжамі. Вось гэта гісторыя ў асобах, фактах і падзеях зараз занатавана ў цудоўнай кнізе, багатай па змесце і паліграфічным выкананні.

«Мы пастараліся ўвекавечыць усе адметныя вехі дзейнасці калектыву. Не пералічыць, колькі знакамітасцей працавалі з ім. Усю сваю творчую дзейнасць я збіраў матэрыял. Набраўся багаты архіў з фотаздымкаў, публікацый аб калектыве, арыгіналаў партытур і іншых памятных рэчаў. Гэта і стала фактычным матэрыялам для будучай кнігі. А зрабілі яе выпускніцы нашага каледжа, а цяпер выкладчыцы Вольга Царык і Вольга Корсак», — расказвае мастацкі кіраўнік аркестра, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага Рыгор Сарока.

Першы тыраж кнігі — 500 асобнікаў — выкарыстаны пераважна ў прэзентацыйных мэтах, таму ў свабодным продажы яе пакуль няма. Выданне выканана на беларускай і англійскай мовах, знайсці яго можна ў Нацыянальнай бібліятэцы, у фондах музычных навучальных устаноў і цэнтраў. Асобныя экзэмпляры накіраваліся нават за мяжу. Зразумела, што ў Польшчу, а таксама ў Швецыю, куды, дарэчы, зараз ладзіцца турнэ сімфанічнага аркестра.

Адметна, што ў кнізе свае думкі наконт дзейнасці калектыву выказалі многія ўплывовыя дзеячы беларускай культуры. Прадмову да яе напісаў знакаміты кампазітар, старшыня Беларускага саюза кампазітараў народны артыст Беларусі Ігар Лучанок, які лічыць сімфанічны аркестр каледжа адметнай з’явай для ўсёй краіны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter