У Вялікую Айчынную вайну дзейнічала звыш 6 тысяч партызанскіх атрадаў і падпольных груп

Фронт за лініяй фронту

У Вялікую Айчынную вайну на акупаваных ворагам тэрыторыях дзейнічала звыш 6 тысяч партызанскіх атрадаў і падпольных груп
Вялікую Айчынную вайну на акупаваных ворагам тэрыторыях дзейнічала звыш 6 тысяч партызанскіх атрадаў і падпольных груп. У іх змагалася больш за мільён народных мсціўцаў.

На рахунку партызанскага падполля сотні подзвігаў. Атрады добраахвотнікаў узрывалі масты, пускалі пад адхон цягнікі. Нямецкія салдаты называлі партызан “лясным фронтам” і часта баяліся іх больш, чым байцоў фронту асноўнага. Жывая сувязь з мясцовымі жыхарамі рабіла гэтыя атрады няўлоўнымі, бо яны своечасова інфармавалі пра карныя акцыі праціўніка. Народная падтрымка аказвалася партызанскаму руху паўсюдна, і ў гэтым была яго сіла і неперамож­насць. За самаахвярныя і ўмелыя дзеянні, мужнасць і гераізм больш як 311 тысяч партызан узнагароджаны ардэнамі і медалямі, 248 чалавек атрымалі званне Героя Савецкага Саюза.


Першыя мсціўцы

Мала хто ведае пра тое, што першы партызанскі атрад падчас Вялікай Айчыннай вайны быў створаны ў Пінску ўжо да вечара 22 чэрвеня 1941 года. 28 чэрвеня ён уступіў у бой. Гэты дзень лічыцца датай першага партызанскага стрэлу ў Вялікай Айчыннай вайне.

Стварэнне першага партызанскага атрада звязана з імем легендарнага партызана Васіля Каржа. Раніцай 22 чэрвеня 1941 года ён звярнуўся да першага сакратара Пінскага абкама Аўксенція Мінчанкі па дазвол на стварэнне партызанскага атрада. Той спачатку адказаў у духу перадваеннай прапаганды: не панікуй, Чырвоная Армія дасць адпор на рацэ Буг, і ваяваць будзем на чужой тэрыторыі. Але ўжо пад вечар ацэнкі рэзка змяніліся. З добраахвотнікаў быў створаны невялікі атрад. У райваенкамаце знайшлася нават “лішняя” зброя.

28 чэрвеня немцы занялі Пінск. Раніцай Корж падняў атрад па трывозе. Выступілі на тракт Пінск — Лагішын да Рабога моста (цераз Ясельду). Наладзілі засаду. З’явіліся лёгкія танкі немцаў. Камандзір загадаў падпусціць іх на кідок гранаты. Інструктар гаркама партыі Салохін кінуў звязку гранат пад першы танк. Партызаны адкрылі прыцэльны агонь па назіральных шчылінах.

Другі танк павярнуў назад. З падбітага знялі ўзбраенне, узялі ў палон экіпаж. На допыце обер-лейтэнант не мог паверыць, што яго машыну падбілі грамадзянскія людзі. Ён заявіў: “Гэта не па правілах, я цывільным не здаюся ў палон. Дастаўце мяне да ваеннага камандавання”.

У ліпені — верасні 1941 года атрад не мог уступаць у баі з буйнымі воінскімі часцямі: не было дастаткова ні зброі, ні боепрыпасаў, ні сіл. Дзейнічалі з засад, нападалі на адзіночныя аўтамашыны, матацыклы. Знішчалі лініі сувязі, спальвалі масты. Удары былі не моцныя, але важныя. Па-першае, яны наводзілі паніку на ворага. Па-другое, паднімалі дух у тых, хто заставаўся на акупаваных тэрыторыях.

Прапаганда Гебельса штодня трубіла: “Чырвоная Армія разбіта. Сталін уцёк са сталіцы. Вялікі рэйх непераможны”. Маладушныя апускалі рукі, подлыя і баязлівыя ішлі служыць гітлераўцам. Мужныя, сумленныя людзі, сціснуўшы зубы і сабраўшы волю ў кулак, змагаліся. Партызаны не толькі змагаліся з ворагам — яны ўсялялі надзею на перамогу.

Са студзеня 1942 года на стыку Мінскай, Пінскай і Палескай абласцей пачала фарміравацца партызанская зона. У хуткім часе яна разраслася да памераў сярэдняй еўрапейскай дзяржавы. Гэтую своеасаблівую партызанскую рэспубліку гітлераўцы так і не змаглі заваяваць. У зоне былі сфарміраваныя партызанскія камендатуры, якія забяспечвалі парадак у вёсках. Без іх дазволу партызаны не мелі права нарыхтоўваць прадукты, браць коней і гэтак далей. Пад абаронай іх працавалі калгасы, дзеці вучыліся ў школах.


Вайна не па правілах

Тактыка партызанскай барацьбы не ўкладваецца ў ваенныя каноны, часам мае знешні налёт авантурызму, нейкай удаласці. Але гэта ад асаблівых умоў, у якіх даводзілася ваяваць. Бо партызаны — гэта ў большасці сваёй непакорлівыя і рызыкоўныя грамадзянскія людзі, якія на акупаванай тэрыторыі вымушаны былі нярэдка з віламі і сякерамі ў руках навязваць бой добра ўзброеным часцям рэгулярнай арміі саперніка. Вось і даводзілася ліхачыць, дзейнічаць не па правілах, ісці на хітрасці.

У лютым 1942 года быў праведзены першы буйны партызанскі рэйд па Любанскім, Старобінскім, Слуцкім, Краснаслабодскім, Старадарожскім, Ганцавіцкім і Жыткавіцкім раёнах. Атрады Камарова, Розава, Патрына, Сталярова, Канстанцінава на санях прайшлі некалькі сотняў кіламетраў, наводзячы страх і паніку на акупантаў. Яны грамілі гарнізоны, праводзілі масава-палітычную работу сярод насельніцтва. У іх рады ўлілося шмат новых байцоў, асабліва моладзі, акружэнцаў, бежанцаў з палону. У баях здабывалася зброя, боепрыпасы і прадукты харчавання. Поспех быў, у прыватнасці, прадвызначаны тым, што партызаны дзейнічалі не па шаблоне.

Непераможныя

Яшчэ Вальтэр Скот пісаў: спрабаваць акружыць партызан — усё роўна, што ваду ў рэшаце насіць. Армейскія афіцэры будуць па карце ацэньваць абстаноўку, а мясцовы партызан шукае не дарогу, а сцяжынку, па якой праско­чыць непрыкметна. Вось чаму ні Напалеон, ні Гітлер са сваімі магутнымі арміямі не змаглі справіцца з партызанамі.

Ёсць і больш блізкія да сённяшняга дня прыклады. Урэзалася ў памяць, як праз некалькі тыдняў пасля абрання Джона Кэнэдзі прэзідэнтам ЗША да яго ў кабінет прыйшлі тэлежурналісты. Бачаць: на століку томік Чэ Гевары, зборнік аб ірландскай партызанскай вайне. Кэнэдзі тлумачыць: хачу зразумець сутнасць партызанскага руху, каб выпрацаваць стратэгію нашых дзеянняў за мяжой. Дарэчы, ЗША так і не змаглі справіцца з в’етнамскімі партызанамі. Тыя іх выцеснілі з краіны.

Што датычыцца пінскіх партызан, то яны паказалі максімальную выніковасць у гады вайны. У Пінскім злучэнні да 1944 года налічвалася восем брыгад. Яны знішчылі каля 27 тысяч гітлераўцаў, разграмілі больш за 60 буйных варожых гарнізонаў, пусцілі пад адхон каля 500 эшалонаў з жывой сілай і баявой тэхнікай, узарвалі 62 чыгуначныя масты і каля 900 — на шашэйных дарогах. Але нават не ў нанясенні страт ворагу галоўнае дасягненне партызан, а ў адцягненні на сябе вялікіх сіл рэгулярнай арміі.

Паводле дадзеных германскага генштаба, на 1 кастрычніка 1943 года барацьбой супраць партызан, аховай ваенных аб’ектаў было занята каля 52 дывізій. Для параўнання: пасля адкрыцця другога фронту Гітлер выставіў супраць нашых саюзнікаў да 50 дывізій. Вось ацэнка партызан маршалам Жукавым: “Камандаванню варожых войскаў прыйшлося ў сябе ў тыле фактычна ствараць другі фронт для барацьбы з партызанамі, на гэта адцягваліся буйныя сілы войскаў. Гэта сур’ёзна адбілася на агульным стане германскага фронту і ў канчатковым выніку на зыходзе вайны”.

Максім Нікалаеў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter