Форум высакародных ідэй і спраў. У Гродне адбылося грандыёзнае свята эколагаў нашай краіны.

Навукоўцы і палітыкі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і вытворчых прадпрыемстваў, студэнты і школьнікі... Сотні людзей напрыканцы жніўня прыехалі ў горад над Нёманам, каб узяць удзел у фінальных мерапрыемствах VIII Рэспубліканскага экалагічнага форума. Сёлетні “зялёны” фестываль меў адразу дзве нагоды: 50-годдзе стварэння прыродаахоўнай службы Беларусі і Міжнародны год біялагічнай разнастайнасці, які абвешчаны ў гэтым годзе па ініцыятыве Генеральнай Асамблеі ААН.

Ушаноўвалі лепшых

З пачэсным юбілеем эколагаў павіншаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён высока ацаніў працу нашай “зялёнай дружыны”. Дарэчы, менавіта на гэтым форуме ўпершыню адбылося ўзнагароджанне сямі найбольш выбітных дзеячаў прыродаахоўнай галіны нагрудным знакам “Ганаровы эколаг”, які сёлета быў зацверджаны Прэзідэнтам Беларусі. Сярод іх — вядомыя навукоўцы акадэмікі Іван Ліштван і Уладзімір Логінаў, заслужаныя работнікі прыродаахоўнай службы Беларусі міністр сельскай гаспадаркі Міхаіл Русы і Вячаслаў Алешка, ветэраны галіны Юрый Пакумейка, Яўген Мігаль і Віктар Бялькоў.
Віталі ўдзельнікаў і гасцей форуму намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Іван Бамбіза, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра, а таксама замежныя vip-госці — міністр аховы навакольнага асяроддзя Польшчы Анджэй Крашэўскі, міністр навакольнага асяроддзя Латвіі Райманд Вейоніс, прадстаўнікі прыродаахоўных ведамстваў Расіі і Украіны. Усе яны на чале з міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Уладзімірам Цалка ўзялі чынны ўдзел у важнейшых мерапрыемствах экалагічнага форуму. Не стала выключэннем і дабрачынная акцыя па азеляненні аднаго з нёманскіх берагоў: дзякуючы гасцям экафестывалю ў Гродне з’явілася вішнёвая алея, закладзеная зноў жа ў гонар 50-годдзя прыродаахоўнай службы Беларусі.

Навука ўсяму галава

Адной з цэнтральных падзей экалагічнага форуму стала міжнародная навуковая канферэнцыя, дзе вядучыя эколагі краіны разам з супрацоўнікамі Мінпрыроды і прадстаўнікамі грамадскасці мелі магчымасць абмеркаваць галоўныя экалагічныя праблемы сучаснай Беларусі.
Каля сямідзесяці айчынных і замежных экспертаў у галіне прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя сабраліся разам, каб удакладніць ролю навукоўцаў у прыродаахоўнай дзейнасці, абазначыць асноўныя праблемы сучаснай экалагічнай адукацыі.

Парад сучасных тэхналогій

На некалькіх пляцоўках Гродна ў фінальны дзень форуму — 28 жніўня — жыццё літаральна бруіла, нягледзячы нават на непагадзь. Праліўны дождж, які часам літасціва перапыняўся, аднак не стаў перашкодай для тых, хто прыйшоў на плошчу Леніна з канкрэтнай мэтай. Тут размясціліся адразу тры выставачныя блокі. У першым — “Сучасныя тэхналогіі ў галіне рацыянальнага прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя” — былі прадстаўлены больш за тры дзесяткі прадпрыемстваў.
Свае прапановы і распрацоўкі ў сферы прыродакарыстання прадэманстравалі як буйныя, так і невялікія вытворчыя прадпрыемствы і грамадскія арганізацыі. Да прыкладу, экспазіцыя ААТ “Гродна Азот” знаёміла з тэхналогіяй па вытворчасці біяпаліва, а спецыялісты Мінскага аўтазавода апантана распавядалі пра дзівосны аўтобус, які нядаўна стварылі. Па словах мазаўцаў, ён адпавядае найвышэйшаму экалагічнаму стандарту Еўра-5. А каля павільёна Беларускага навукова-даследчага геолагаразведачнага інстытута наведвальнікі выставы маглі ўбачыць, як выглядаюць сучасныя мінеральныя ўгнаенні, даведацца, якую цудоўную тэхналогію іх здабычы вынайшлі нядаўна навукоўцы. Чакаецца, што падземнае растварэнне карналіту, якое прызнана перспектыўным метадам атрымання ўгнаенняў і іншых прадуктаў, у недалёкім будучым дапаможа зберагчы вельмі значныя сродкі.

Тут табе і ягады, і рыба...

Другі блок выставы на плошчы Леніна быў прысвечаны Міжнароднаму году біяразнастайнасці. Вядома, яго экспазіцыі карысталіся прадказальнай папулярнасцю: разабрацца ў складаных сучасных тэхналогіях пад сілу хіба спецыялістам, а зразумець, што прырода роднага краю багатая і цудоўная, здольны кожны з нас. І менавіта тут, сярод гасцей з Цэнтральнага батанічнага сада, з нацыянальных паркаў і запаведнікаў, сярод “зелянбудаўцаў” і абаронцаў птушак было дзе “разгуляцца” сапраўднаму аматару прыроды.                                                д
Падарункі тут раздаваліся на ўсе бакі, ласункі — таксама. Супрацоўнікі батанічнага сада шчодра “залацілі ручкі” тым, хто цікавіўся вырошчваннем ягад: поўныя прыгаршчы буйных і звышсмачных дурніц і журавін мог атрымаць на пробу кожны жадаючы. Ля павільёна Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў усім жадаючым быў забяспечаны прыстойны ўлоў: таўсталобіка і карпа, карася і белага амура.
Шмат каго прывабіла экспазіцыя Дзяржаўнага музея прыроды і экалогіі. Тыя гродзенцы, якія прыйшлі на свята з дзецьмі, увогуле былі вымушаны зрабіць тут прывал — супрацоўнік музея Таццяна Лаўрыновіч можа распавядаць пра жывёлін гадзінамі.
А побач з часовым “музеем” разгарнулася ці не цэлая сталярская майстэрня, дзе супрацоўнікі грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” запрашалі далучыцца да будоўлі штучных гнёздаў для пустальгі — птушкі 2010 года. Але ж мала было забіць цвік ці адпілаваць дошку — патрабавалася прыдумаць пажаданне птушкам, якія будуць жыць у новым дамку. Дарэчы, засяляльнасць такіх гнёздаў у гарадскіх умовах амаль стопрацэнтная.

“Візітная картка” рэгіёна

Запавольвалі крок наведвальнікі выставы і на “парадзе” рэгіёнаў. Разнастаіць экалагічны форум дапамаглі лепшыя мастацкія калектывы і народныя майстры з розных куткоў Гродзеншчыны. То з аднаго, то з другога боку вялікай плошчы чуліся вясёлыя гукі народных песень, артысты заводзілі захапляльныя танцы-скокі. То тут, то там ляпілі збанкі ганчары, выразалі з дрэва дзівосныя прылады разьбяры...
Амаль паўсюдна ладзіліся бяспройгрышныя латарэі: за невялікую плату кожны мог атрымаць драўляную лыжку альбо гарлачык, вязаную ігольніцу або пацеркі з прыродных матэрыялаў.
Нягледзячы на тое што падзеі форуму адбываліся адначасова на некалькіх пляцоўках, многія паспелі пабываць у фестывальны дзень і на іншых выставах. У гарадскім Доме культуры можна было падзівіцца на катоў усіх магчымых парод, а ў парку Жылібера быў наладжаны сапраўдны конкурс прыгажосці для сабак. Да таго ж Гродзенскі заапарк — старэйшая ў краіне ўстанова такога кшталту — зрабіў выдатны падарунак: у гэты дзень грошы за ўваход тут не бралі.
Яшчэ адна выстава — мастацкая — заняла сваю, унікальную нішу ў фестывальнай праграме. Мы маем на ўвазе экспазіцыю “Беларусь запаведная”, якую яе аўтар мінскі фотамастак і ад таго дня ганаровы эколаг Вячаслаў Алешка прывёз спецыяльна на форум і ўрачыста перадаў у дар Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Плануецца, што гэту экспазіцыю ў бліжэйшы час убачаць жыхары розных куточкаў Беларусі. А ў дзень форуму яна ўпрыгожыла залы Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі.

Зоркі ў небе і на сцэне

І шмат яшчэ было ў старажытным горадзе куточкаў, дзе хацелася затрымацца. А ўвечары на Савецкай плошчы, непадалёку ад гродзенскага замчышча, затрымаліся ледзь не ўсе: тут ужо “запальвалі” публіку сталічныя “зоркі” Ірына Дарафеева, Саша Нэма, Аляксей Хлястоў, гурты “Беларусы” і “Верасы”. Нарэшце і публіку, і неба над сталіцай экафоруму-2010 “запаліў” феерверк. Іскрыста рассыпаўся ён над горадам і над Нёманам, каб яшчэ раз нагадаць пра ўсе самыя яркія падзеі свята і праз год загарэцца зноў — у іншым кутку, у чарговай экалагічнай сталіцы, на новым свяце “зялёных” ідэй.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter