Калі верыць адной з тэорый, то менавіта 15-ы год задае тон усяму стагоддзю

Формула дакладнай інтэграцыі

Калі верыць адной з тэорый, то менавіта 15-ы год задае тон усяму стагоддзю. Але ў адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі гучала шмат аналогій з Першай сусветнай вайной, сёння ёсць адчуванне, што свет, ва ўсякім разе, еўрапейскі, не зваліўся ў чарговы гістарычны штопар. Самае галоўнае — украінскі канфлікт не перарос у татальнае супрацьстаянне, як прадракалі песімісты. І ў гэтым таксама адрозненне 2016-га года: ён нясе больш надзей, чым песімізму.


Падчас перамоў у Мінску па канфлікце ва Украіне

Момант ісціны


12 лютага 2015 года: Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сардэчна прымаў у Палацы Незалежнасці канцлера ФРГ  Ангелу Меркель, прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда, прэзідэнтаў Расіі ды Украіны Уладзіміра Пуціна і Пятра Парашэнку. І калі пасля 15 гадзін бесперапыннай работы яны выйшлі да журналістаў з падпісанымі Мінскімі пагадненнямі — свет уздыхнуў спакайней. Мінск стаў цэнтрам запуску новага мірнага працэсу, які і вызначае сёння чаканне перамен да лепшага.  

Але як гэтыя перамены ажыццявіць? У міжнародных адносінах існуюць непарушныя, падавалася б, формулы, і адна з іх належыць Уінстану Чэрчылю, які сказаў: “У Брытаніі няма пастаянных сяброў, але ёсць пастаянныя інтарэсы”. Мінску ўдалося прапанаваць свету новае прачытанне формулы прагматызму, якая належала вялікаму Чэрчылю. У нашай інтэрпрэтацыі гэтую формулу  можна злёгку мадэрнізаваць: “У Мінска ёсць і пастаянныя сябры, і пастаянныя інтарэсы”. Менавіта дзякуючы гэтаму спалучэнню ўдалося павярнуць 2015 год на новыя, пазітыўныя рэйкі.

Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы  не толькі чыста геаграфічна, але і палітычна. А значыць, у нашых інтарэсах стаць мостам міру, а не вайны. Мостам супрацоўніцтва, а не канфрантацыі. Гэтай формулай і вызначаюцца галоўныя знешнепалітычныя задачы Мінска на аглядную перспектыву.

Мінскі якар у бушуючым свеце


Але перш чым гаварыць пра ролю Беларусі як геапалітычнага моста, ёсць сэнс ацаніць галоўную палітычную падзею ўнутры краіны. Такой падзеяй, безумоўна, сталі выбары Прэзідэнта Беларусі, якія адбыліся 11 кастрычніка 2015 года.  

Вось ужо на працягу 20 гадоў Прэзідэнт Лукашэнка кіруе незалежнай беларускай дзяржавай, забяспечваючы непарыўнасць найноўшай беларускай гісторыі. Магчыма, дадзены феномен на Захадзе змогуць лепш зразумець, расцэньваючы яго  менавіта з пункту гледжання захавання і развіцця суверэннай беларускай дзяржаўнасці. Бо сёння Беларусь з’яўляецца адной з нямногіх еўрапейскіх дзяржаў, якая стабільна развіваецца, не дастаўляючы ніякіх праблем сваім суседзям па кантыненце.

Выбары Прэзідэнта Беларусі, якія прайшлі летась, паказалі, што роля палітычнага моста, які сімвалізуе адзінства нацыі, важная і ва ўнутраным развіцці. Развіцці без разрываў і вакуумаў. Інакш будзе як ва Украіне, дзе менавіта разрыў паміж захадам і ўсходам краіны, паміж элітай і грамадствам прывёў да сацыяльнага канфлікту.  Або ўспомнім яшчэ больш наглядны прыклад гістарычнага разрыву эпохі традыцыяналізму і гвалтоўнай “дэмакратызацыі Блізкага Усходу”, які прывёў да вялікай блізкаўсходняй вайны.

Беларуская  дэмакратызацыя адбываецца знутры, паступова і паступальна, і Прэзідэнт Лукашэнка адыгрывае пры гэтым ролю палітычнага якара, які забяспечвае ўстойлівасць дзяржаўнага карабля. Можна прывесці такі вобраз: калі чалавек мяняе сябе з дапамогай аўтагеннай трэніроўкі, у яго заўсёды  ёсць абавязковая ўстойлівая прывязка да галоўных каштоўнасцяў. Тое, дзеля чаго ён мяняецца і да чаго імкнецца.

Суверэннасць і незалежнасць Беларусі з’яўляецца галоўнай безумоўнай каштоўнасцю для ўсіх беларусаў, і прывязка да гэтага якара будзе заўсёды, якія б перамены і рэформы ні чакалі нас наперадзе.

Дарэчы, прэзідэнцкія выбары сталі магутнай прэлюдыяй парламенцкіх выбараў у Беларусі, якія павінны адбыцца ў цяперашнім, 2016 годзе.  Тры кандыдаты ў Прэзідэнты не змаглі скласці сур’ёзную канкурэнцыю Прэзідэнту Лукашэнку, але з улікам атрыманага досведу рыхтуюцца праявіць сябе ў парламенцкай кампаніі. Грамадская дыскусія аб шляхах развіцця краіны напэўна будзе прадоўжана.

Дэлегацыя міжнародных назіральнікаў, уключаючы прадстаўнікоў БДІПЧ АБСЕ,  Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, а таксама Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы, пакідаючы нашу краіну пасля прэзідэнцкіх выбараў, паабяцала вярнуцца ўжо сёлета. Іх рэкамендацыі датычацца і змен  у выбарчым заканадаўстве, і пашырэння магчымасцяў партый. Але важна, што палітычныя сілы, якія ўдзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах, атрымалі магутны імпульс праверыць сябе ў парламенцкіх выбарах. І ўсе яны выказваюць зацікаўленасць у тым, каб развіццё краіны было без разрываў, вакуумаў і ўзрушэнняў, але з прадаўжэннем незалежнай беларускай гісторыі.

Беларусь працягне быць донарам бяспекі


Адзін з галоўных знешнепалітычных вынікаў мінулага года, які вызначыць парадак-2016, заключаецца ў змене адносінаў Захаду да Мінска. Сёння гэтыя адносіны больш рэалістычныя, больш прагматычныя і больш паважлівыя. Што зрабіла погляд Еўрасаюза больш цвярозым?  У першую чаргу тое, што  Мінск стаў адзінай пляцоўкай, дзе сталі магчымыя мірныя перагаворы па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу. Пры гэтым наша краіна не праследвала ніякіх выгод, прапаноўваючы перагаворную  пляцоўку  для работы кантактнай групы па Украіне.

Прэзідэнт Лукашэнка заўсёды паўтараў, што беларусы, украінцы і рускія былі і застаюцца брацкімі народамі. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей так тлумачыць галоўнае знешнепалітычнае крэда: “Мы ніколі не імкнуліся падыграць якому-небудзь боку ва ўрон іншаму боку. Мы шчыра зацікаўленыя ў тым, каб у нашым рэгіёне ўсталяваліся мір і стабільнасць, але не ва ўрон нашым адносінам з Расіяй. Як бы банальна гэта ні гучала, тры брацкія народы стагоддзямі жылі разам. І сёння нам балюча назіраць гэтую вялікую напружанасць, якая існуе ў нашым рэгіёне, у тым ліку паміж двума брацкімі народамі. І калі два браты пасварацца, павінен быць нехта трэці, хто змог бы прыкласці намаганні для іх прымірэння. Тут мы сапраўды не проста адыгрываем ролю пасрэдніка, але спрабуем зрабіць усё магчымае, каб народ Украіны, у тым ліку ў Данбасе, жыў мірна”.

Такая філасофія пасрэдніцкай місіі Мінска. І на яе спраецыраваны прагматызм іншых гульцоў. Украінскі крызіс завёў у тупік усю Еўропу. Якія б ні былі геапалітычныя перадумовы для яго ўзнікнення, аднак да поўнамаштабнай вайны ва Украіне  ніхто не хоча даходзіць. Так што Мінск стаў паратункам і для карабля еўрапейскай дыпламатыі, які тоне на Дняпры

Сёння варта гаварыць пра далейшыя перспектывы гэтага працэсу. Бо канфлікт ва Украіне высвеціў фундаментальную  праблему еўрапейскай бяспекі. Старыя правілы ў духу Хельсінкі  ўжо не спрацоўваюць, і, дарэчы кажучы, праблемы ўзніклі яшчэ раней, у Косава. Тады, калі Еўрасаюз не палічыў патрэбным улічваць меркаванні іншых партнёраў, у першую чаргу, Расіі. Так што на парадку дня стаіць выпрацоўка ўсім зразумелых і ўсімі прынятых  правілаў гульні. А гэта азначае працяг Мінскага працэсу ў больш шырокім, агульнаеўрапейскім сэнсе. Некаторыя аналітыкі нават прадракаюць, што ўслед за Мінскам-2 можа быць і Мінск-3 як аналаг новых хельсінскіх пагадненняў. Занадта амбіцыйныя планы? Але ж Мінск дэ-факта ўжо стаў донарам бяспекі ў Еўропе, і гэта датычыцца не толькі ўрэгулявання ва Украіне. Мы знаходзімся на скрыжаванні значных транспартных і гандлёвых шляхоў Еўрапейскага кантынента, уносім значны ўклад ва ўмацаванне бяспекі, забяспечваючы надзейны заслон наркатрафіку і нелегальнай міграцыі, паспяхова процідзейнічаючы гандлю людзьмі.

Міністр Уладзімір Макей бачыць у гэтым перадумовы нармалізацыі адносінаў з Еўрапейскім саюзам:

— З часам у Еўрасаюзе зразумелі, што Беларусь — гэта не марыянетка ў нечых руках, а незалежная дзяржава, якая праводзіць самастойную палітыку зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў. Вядома, збег абставінаў таксама дапамог Еўрасаюзу асэнсаваць матывы, якімі кіруецца Беларусь пры прыняцці знешне- і ўнутрыпалітычных рашэнняў. Мы не маем нейкіх ружовых надзей, што заўтра адкрыюцца ўсе дзверы і Еўрасаюз заключыць Беларусь у абдымкі. Але тэндэнцыя да нармалізацыі адносінаў прысутнічае”.

Дарэчы, характэрная ў гэтым плане заява, якая паступіла з Офіса прэс-сакратара Дзяржаўнага дэпартамента ЗША. У ёй паведамляецца, што 16 снежня ЗША і Беларусь правялі другое пасяджэнне рабочай групы па дэмакратыі і правах чалавека. ЗША адзначылі, што большая павага да дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі з’яўляецца асноўнай умовай для паляпшэння двухбаковых адносінаў і жыццёва важная для працвітання краіны. З улікам  далейшых пазітыўных крокаў у сферы дэмакратыі і правоў чалавека, ЗША разгледзяць магчымасць крокаў у адказ з перспектывай канчатковай нармалізацыі адносінаў.

ЗША таксама застаюцца адданымі справе падтрымкі суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і неза­лежнасці Беларусі.


Рэсурс для Еўропы


Такім чынам, адным з галоўных палітычных трэндаў 2016 года абяцае быць нармалізацыя адносінаў Беларусі з заходнімі партнёрамі. Што дае падставу для аптымізму?

Па-першае, той беларускі рэсурс, які не заўважаўся, пакуль старая Еўропа не сутыкнулася з новымі выклікамі. Ва ўмовах нарастаючага міграцыйнага крызісу сёння  па-іншаму ўспрымаецца вядомы факт, што Беларусь цалкам можа выступаць прыкладам  старой добрай хрысціянскай цывілізацыі. І захавальнікам еўрапейскіх традыцыйных каштоўнасцяў у класічным разуменні. У той жа час  беларуская нацыя склалася як грамадзянская нацыя. Яна поліэтнічная і з’яўляецца на дадзены момант унікальным прыкладам канфесійнай і міжэтнічнай салідарнасці. На гэта ў сучаснай Еўропе існуе попыт, і Беларусь можа падзяліцца сваім досведам з партнёрамі і суседзямі.

Існуе і попыт эканамічны на ўмацаванне сувязяў нашай краіны  з Еўрасаюзам.  За апошнія 20 гадоў узаемны гандлёвы абарот вырас у 40 разоў. Асноўнымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі сярод еўрапейскіх дзяржаў для нас з’яўляюцца Вялікабрытанія, Нідэрланды, Германія, Літва, Італія, Польшча, Латвія.

Дарэчы, пераважна гэтыя краіны адыгралі ролю айсбрэкера (icebreaker), які зламаў лёд   ва  ўзаемадзеянні Мінска і Брусэля.  У 2014 годзе стартавалі кансультацыі па пытаннях мадэрнізацыі, перагаворы аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі. У 2015 годзе Беларусь прынята ў Балонскі працэс, а таксама атрымала статус назіральніка ў Паўночным вымярэнні.

У апошнія гады “размарожаны” шэраг механізмаў міжведамаснага ўзаемадзеяння з ФРГ.  У адносінах з Францыяй удалося заснаваць двухбаковую міжурадавую камісію па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і ў 2015 годзе правесці яе першае пасяджэнне, пачаць рэалізацыю сумесных інвестыцыйных і вытворчых праектаў.

У той жа час  паўнацэннай нармалізацыі адносінаў перашкаджаюць адсутнасць доступу для Беларусі да гандлёвых прэферэнцый і фінансавых рэсурсаў Еўрасаюза, неразві­тасць дагаворна-прававой базы. Наша краіна гатова прайсці сваю частку шляху ва ўхіленні ўсіх бар’ераў і чакае ад еўрапейскіх партнёраў такога ж адкрытага, сумленнага і канструктыўнага падыходу.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка рэзюмуе:

— Я думаю, што наступае перыяд прагматызацыі ў нашых адносінах з Еўрапейскім саюзам. Напэўна еўрапейскія палітыкі, людзі, якія прымаюць рашэнні, зразумелі, што палітыка націску і палітыка санкцый не дае свайго выніку. Перш за ўсё праз дыялог можна ўстанаўліваць адносіны, вырашаць існуючыя праблемы і знаходзіць выхады з гэтых праблем. Спадзяюся, што менавіта 2016 год будзе годам прагматызму ў адносінах Беларусі з Еўрапейскім саюзам.

Інтэграцыя інтэграцый


Мінск называюць нефармальнай сталіцай постсавецкай інтэграцыі. Тут знаходзіцца штаб-кватэра СНД, у рамках якога дзейнічае зона свабоднага гандлю. Тут заключаліся важнейшыя дамоўленасці пры стварэнні  Еўразійскага  эканамічнага саюза, галоўнай мэтай якога з’яўляецца  еўразійская эканамічная інтэграцыя. Працэс ідзе, і, акрамя дасягненняў, ён ставіць перад удзельнікамі і новыя выклікі. На жаль, у Еўразійскім эканамічным саюзе існуе  вялікая колькасць абмежаванняў, якія не садзейнічаюць хуткаму стварэнню адзінай эканамічнай прасторы.

Яшчэ адным выклікам стала спыненне дзеяння рэжыму свабоднага гандлю паміж Расіяй і Украінай — у сувязі з пачаткам дзеяння зоны свабоднага гандлю паміж Украінай і Еўрасаюзам, а таксама далучэннем Кіева да антырасійскіх санкцый ЕС.

У гэтых няпростых умовах Беларусь паслядоўна адстойвае свае нацыянальныя інтарэсы. Мінск і Кіеў узгаднілі алгарытм далейшых сумесных дзеянняў па зняцці абмежавальных мер ва ўзаемным гандлі. Гэта адбылося за некалькі дзён да таго, як пачала дзейнічаць зона свабоднага гандлю ЕС і Украіны. Украінскім прэзідэнтам быў падпісаны закон “Аб мерах па стымуляванні знешнеэканамічнай дзейнасці”.  З  1 студзеня 2016 года ён адмяніў дадатковы імпартны збор, які прымяняўся ў тым ліку ў дачыненні беларускай прадукцыі.

У беларускім МЗС задаволеныя: адмена дадатковага імпартнага збору дасць магчымасць зняць дзеючыя тарыфныя бар’еры па доступе беларускай прадукцыі на ўкраінскі рынак.  І створыць перадумовы для павелічэння аб’ёмаў экспарту беларускіх  тавараў ва Украіну.

А ў цэлым, наша краіна прытрымліваецца філасофіі “інтэграцыі інтэграцый”: гаворка ідзе пра супрацоўніцтва не толькі двух буйнейшых інтэграцыйных блокаў кантынента — Еўрасаюза і Еўразійскага эканамічнага саюза. У гэтых працэсах ужо відавочна прысутнічае і трэці партнёр — Кітай.  І калі  21-му стагоддзю наканавана быць стагоддзем “кітайскім”, як прадракалі аналітыкі, маючы на ўвазе самы высокі эканамічны рост у гэтай краіне, то зразумела, што гэта закране і еўрапейскі кантынент. Размова сёння ідзе пра спалучэнне праектаў Эканамічнага пояса Шаўковага шляху і Еўразійскага эканамічнага саюза. А разам гэтыя праекты нацэлены на супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам, што добра відаць па  напрамку новага Шаўковага шляху. “Інтэграцыя інтэграцый” адкрывае перад намі добрыя перспектывы. Рух да агульнай эканамічнай прасторы на кантыненце, безумоўна, будзе мець глабальны сінергетычны эфект.

Летась заключана пагадненне аб стварэнні зоны свабоднага гандлю Еўразійскага эканамічнага саюза з В’етнамам. І адным з першых замежных візітаў зноў абранага Прэзідэнта Лукашэнкі стаў дзяржаўны візіт менавіта ў В’етнам.


Брама ў Паўднёва-Усходнюю Азію


Надзвычайны  і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Сацыялістычнай Рэспубліцы В’етнам Валерый САДОХА так пракаменціраваў значэнне  В’етнама для пашырэння беларускіх эканамічных інтарэсаў у Паўднёва-Усходняй Азіі:

— Заключэнне Пагаднення аб свабодным гандлі паміж краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза і В’етнамам у маі 2015 года адкрывае прынцыпова новыя далягляды развіцця гандлёва-эканамічных адносінаў паміж нашымі краінамі. З улікам створанай зоны свабоднага гандлю мы разглядаем В’етнам як своеасаблівы “плацдарм” для нашага замацавання ў Паўднёва-Усходняй Азіі ды сумеснага выхаду з вырабленай прадукцыяй у суседнія краіны, у прыватнасці, у краіны АСЕАН. Для гэтага ёсць добрыя перспектывы. АСЕАН — адзін з буйнейшых у свеце блокаў з 600-мільённым насельніцтвам, сукупным ВУП большым за 2,5 трыльёна долараў, знешнегандлёвым абаротам большым за 2 трыльёны долараў і ўстойлівым эканамічным развіццём.

У 2015 годзе інтэграцыйныя пра­цэсы ў Паўднёва-Усходняй Азіі выйшлі на новы ўзровень — створана Супольнасць АСЕАН. Інтэграцыйнае супрацоўніцтва будзе паглыбляцца па трох асноўных напрамках: палітыка і бяспека, эканоміка, сацыяльна-культурная сфера. Пачаў функцыянаваць адзіны рынак Супольнасці, які, нягледзячы на некаторыя абмежаванні, здымае практычна ўсе бар’еры ў гандлі паміж краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі.

Стварэнне зоны свабоднага гандлю паміж краінамі ЕАЭС і В’етнамам стварыла дадатковы імпульс для росту беларускага экспарту ў Паўднёва-Усходнюю Азію. Падпісаўшы пагадненне аб свабодным гандлі з В’етнамам, Беларусь зможа інтэгравацца ў адзін з буйнейшых сусветных эканамічных блокаў — АСЕАН.

Заключэнне пагаднення таксама мае палітычны падтэкст і дасць магчымасць умацаваць стратэгічнае партнёрства бакоў, заснаванае на шматгадовым высокім узроўні супрацоўніцтва паміж краінамі ЕАЭС і В’етнамам, а таксама пацвердзіць нашу прыхільнасць да ўсебаковага развіцця гандлю і супрацоўніцтва ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.

Ключавымі напрамкамі супрацоўніцтва з В’етнамам у сувязі з гэтым становяцца прамысловая кааперацыя, разведка і здабыча карысных выкапняў, а ў перспектыве — сумесная рэалізацыя сельскагаспадарчых ды інфраструктурных праектаў.

Сярод асноўных існуючых праектаў — пашырэнне дзеючай зборачнай вытворчасці грузавой тэхнікі “МАЗ” у В’етнаме на базе в’етнамскай машы­набудаўнічай карпарацыі “ВЕАМ”; арганізацыя супрацоўніцтва ў галіне зборкі асобных мадэляў грузавых аўтамабіляў, адаптаваных для мясцовага рынку, з буйной в’етнамскай карпарацыяй “ТМТ Мотар”.

У рамках развіцця прамысловай кааперацыі ў галіне машынабудавання ў 2015 годзе паспяхова складвалася ўзаемадзеянне ААТ “МАЗ” з яшчэ адной буйной в’етнамскай машынабудаўнічай карпарацыяй — “SAMCO”. Сабраны першыя ўзоры нізкападлогавых гарадскіх аўтобусаў. Падпісаны кантракт на вытворчасць у 2016 годзе 30 адзінак пасажырскай тэхнікі “МАЗ” у Хашыміне. Ёсць нядрэнныя задзелы па пастаўках у В’етнам беларускіх угнаенняў, кар’ерных самазвалаў “БелАЗ”, шын, лякарстваў, харчовай прадукцыі, спецыяльнай тэхнікі. Сярод плануемых да рэалізацыі буйных праектаў — стварэнне ў В’етнаме ў перспектыве зборачных вытворчасцяў беларускіх рухавікоў, трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі, сумесных вытворчасцяў малочнай прадукцыі, комплексных угнаенняў з выкарыстаннем беларускай сыравіны і тэхналогій.

Беларускім прадпрыемствам важна выкарыстаць існуючы досвед паспяховага супрацоўніцтва з в’етнамскімі кампаніямі. У прыватнасці, кампанія “Mekong Machinery”, якая знаходзіцца ў горадзе Хашыміне, больш як 20 гадоў паспяхова ўзаемадзейнічае з ААТ “МТЗ”. За гэтыя гады на рынак В’етнама і суседніх краін Паўднёва-Усходняй Азіі экспартаваныя тысячы беларускіх трактароў, якія добра сябе зарэкамендавалі. Абапіраючыся на такія кампаніі, важна пашыраць свае эканамічныя інтарэсы не толькі на в’етнамскім рынку, але і на рынках іншых краін АСЕАН.

Нядаўні візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і характар праведзеных перагавораў яшчэ раз пацвердзілі нацэленасць кіраўніцтва дзвюх краін на ўсёабдымнае стратэгічнае партнёрства. І, мяркуючы па ўсім, В’етнам апраўдае назву “варотаў” Беларусі ў Паўднёва-Усходнюю Азію.

Ніна РАМАНАВА

Малюнак Алега КАРПОВІЧА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter