Фестывальныя акорды

Канцэрты міжнароднага фестывалю класічнай музыкі ў Віцебску прайшлі з аншлагамУпершыню на канцэрты міжнароднага музычнага фестывалю імя І. Салярцінскага прыехалі аматары класічнай музыкі з усёй краіны.
Канцэрты міжнароднага фестывалю класічнай музыкі ў Віцебску прайшлі з аншлагам
Упершыню на канцэрты міжнароднага музычнага фестывалю імя І. Салярцінскага прыехалі аматары класічнай музыкі з усёй краіны. Не дзіўна, бо фестываль становіцца ўсё больш папулярным. На гэты раз яго наведаў амаль кожны дзесяты жыхар Віцебска. У будучым фестываль абяцае стаць адным з рэгіянальных цэнтраў прыцягнення прыхільнікаў класічнай музыкі.
Выразным фінальным акордам гэтага фестывалю прагучала выступленне Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі. А ўсяго ў сямі канцэртах прынялі ўдзел выканаўцы з Расіі, Фінляндыі, Швецыі, Галандыі і Беларусі. Афіша была багатая як на імёны выканаўцаў сусветнага ўзроўню, так і на вядомыя творы класікаў.
Дарэчы, на фестывалі выступіў адзін з самых запатрабаваных у свеце піяністаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў Мікалай Луганскі. Упершыню арганізатары запрасілі і адзін з лепшых у свеце струнных квартэтаў “Санкт-Пецярбург”. Акрамя таго, гледачы пачулі выступленні вядомага фінскага піяніста Юхані Лагерспетца, шведскага арганіста Ханса Фагіўса, які, дарэчы, пакарыў публіку не толькі бліскучым музычным выкананнем, але і артыстызмам.

Сяргей Кочатаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter