Фестываль як сапраўднае свята

Чатыры гадзіны язды ад Мінска — і мы ў невялічкім гарадкў у Віцебскай вобласці, які прыгожа завецца Дуброўна. Менавіта тут ужо ў чатырнаццаты раз праходзіў Міжнародны фестываль песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, які традыцыйна збірае таленты з Беларусі, Расіі, Украіны — тых краін, якіх звязвае нетаропкая плынь Дняпра.
Вось так са святочнага шэсця ўдзельнікаў пачынаўся Міжнародны фестываль “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”Чатыры гадзіны язды ад Мінска — і мы ў невялічкім гарадкў у Віцебскай вобласці, які прыгожа завецца Дуброўна. Менавіта тут ужо ў чатырнаццаты раз праходзіў Міжнародны фестываль песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, які традыцыйна збірае таленты з Беларусі, Расіі, Украіны — тых краін, якіх звязвае нетаропкая плынь Дняпра.

Для маленькага гарадка гэты фестываль — сапраўднае свята. Амаль усе жыхары горада задоўга да пачатку канцэрта збіраюцца каля мясцовага Дома культуры, дзе на адкрытай пляцоўцы павінны выступаць артысты. А тыя, у сваю чаргу, разумеюць жаданні гледачоў пабачыць сапраўднае мастацтва і здзіўляюць іх сваім майстэрствам. Сёлета ў Дуброўна прыехалі калектывы і асобныя выканаўцы з Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей, Мінска, традыцыйна — з Украіны і Расіі. Больш таго, сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі Латвіі і Эстоніі. А з Літвы прыехаў мастацкі калектыў нашых суайчыннікаў “Купалінка”, які вось ужо пяць гадоў працуе пры таварыстве беларускай культуры “Крыніца” ў Клайпедзе.

— Мы вельмі ўдзячны арганізатарам фестывалю за запрашэнне, — усхвалявана гаварыла перад пачаткам канцэрта старшыня суполкі Алена Мірончык. — Для нас, беларусаў, якія жывуць па-за межамі радзімы, удзел у святочных мерапрыемствах, фестывалях, што праходзяць у роднай краіне, — творчы стымул, магчымасць часцей бываць на радзіме, адчуваць пульс яе жыцця, радавацца тым зменам, што тут адбываюцца. І, канешне ж, мы прыехалі паказаць сябе. Сваімі песнямі расказаць аб сваім жыцці, пра тугу аб Беларусі.

Дарэчы, гледачы вельмі цёпла прымалі “Купалінку” як на адкрыцці фестывалю, так і на гала-канцэрце ўсіх удзельнікаў. Калі выйшлі на сцэну беларусы Літвы, неяк прыціхла зала, нібы затаіўшы дыханне, чакалі гледачы, на якой мове, якую песню будуць спяваць артысты. Надзеі спраўдзіліся, бо заспявалі яны беларускую народную.

Пакуль гучалі песні, я думала, як беражліва, нібы па драбніцы, збіраюць і захоўваюць беларусы замежжа сваю культуру. Каля васьмідзесяці чалавек уваходзяць у таварыства беларускай культуры “Крыніца”, і збіраюцца яны кожны тыдзень. Дзеляцца навінамі, арганізоўваюць святы, адзначаюць у суполцы дні нараджэння. Ад кіраўніка ансамбля “Купалінка” Валянціны Снігур даведалася, што пры таварыстве дзейнічае нядзельная беларуская школа, штогод вучні яе здаюць экзамен па беларускай мове і часцяком прыязджаюць далей вучыцца ў Беларусь. Працуюць і два дзіцячыя ансамблі, разам з дарослымі іх удзельнікі выступаюць па ўсёй Літве. З пакалення ў пакаленне перадаецца любоў да мовы, роднай культуры.

— Перад фестывалем у Дуброўне мы вельмі хваляваліся, — прызнаецца Валянціна Снігур, — рыхтаваліся з асаблівым натхненнем. Бо гэта ж наша першая творчая паездка, тым больш у Беларусь. У рэпертуары ў нас шмат песень — і беларускія народныя, і літоўскія, і тыя, што пішуць удзельнікі ансамбля. Цікавімся і замежнымі. Але ў Беларусі мы хочам спяваць па-беларуску. Таму наша праграма складаецца ў асноўным з народных песень. Тым больш, што і нацыянальныя касцюмы абавязваюць.

Пасля размовы з Валянцінай падумалася, як было б добра, каб аднойчы з’явілася свята для беларусаў замежжа. Радуе, што такія думкі ўзнікаюць не толькі ў мяне. Галоўны спецыяліст аддзела нацыянальнасцяў апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Міхаіл Рыбакоў запэўніў:

— Ужо ў недалёкім будучым плануецца арганізаваць Фестываль культуры беларускай дыяспары. Акрамя песенных і харэаграфічных калектываў на яго будуць запрашацца майстры народнай творчасці, мастакі. І Фестываль беларусаў замежжа павінен праводзіцца менавіта ў Беларусі: ён будзе злучаць суайчыннікаў з радзімай, а нас знаёміць з культурай беларускага замежжа.

Вельмі б хацелася, каб гэтыя задумы хутчэй ажыццявіліся. Бо дзе б ні гучала беларуская песня, там заўсёды пануе атмасфера свята. Калі не верыце, абавязкова пабывайце ў наступным годзе ў Дуброўне. Туды прыедуць творчыя калектывы беларускай дыяспары, збруцца госці з розных краін. Тады вы пабачыце, як у імгненне вока маленькі гарадок ператвараецца ў сапраўдны цэнтр народнай творчасці, адчуеце гасцінны прыём мясцовых жыхароў, больш даведаецеся аб нацыянальных культурах суседніх краін.

Кацярына Немагай
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter