Фестываль прызямлiцца ў Гароднi

У Гродне ў чэрвенi адбудуцца заключныя мерапрыемствы VI Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур

Прадстаўнiкi дваццацi пяцi нацыянальнасцей, якiя жывуць на Беларусi, збяруцца напачатку чэрвеня ў Гродне — тут адбудуцца заключныя мерапрыемствы VI Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур. I хаця да падзеi  яшчэ больш за два месяцы, абласны цэнтр актыўна рыхтуецца да трохдзённага свята, падчас якога канцэртнай пляцоўкай па традыцыi становiцца ўвесь гiстарычны цэнтр старажытнага горада

Рэжысёрска-пастановачная група на чале з заслужаным дзеячам культуры Беларусi  Уладзiмiрам Сяргейчыкам ужо распрацавала праграму свята, падчас якога на гродзенскiх вулiцах разгорнецца дваццаць пяць нацыянальных пляцовак — на пяць больш, чым на мiнулым фэсце. Фестывальная сям’я папоўнiлася: да яе далучылiся «беларускiя» латышы, казахi, iндусы, французы i палестынцы. 

Як расказаў дырэктар фестывалю, загадчык аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкома Генадзь Жалязняк, праграма заключных мерапрыемстваў пашырылася. Сярод навiнак VI  Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур — канцэрт майстроў мастацтва Беларусi «Зорны каскад», канцэрт маладых выканаўцаў нацыянальнай эстраднай песнi, гала-канцэрт творчых калектываў нацыянальных суполак абласцей Беларусi. Упершыню на фестывалi адбудзецца i вялiкае лазерна-светлавое прадстаўленне. 

Нацыянальныя суполкi  будуць прадстаўляць у Гродне 550 iх самых актыўных удзельнiкаў. Усяго ж горад рыхтуецца прыняць каля дзевяцiсот удзельнiкау i ганаровых гасцей усебеларускага свята не толькi з усiх рэгiёнаў Беларусi, але i з-за мяжы. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter