ХІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур пачаўся ў мінулыя выхадныя, на Дні горада Мінска, а закончыцца вялікім святам у Гродне ў 2016 годзе

Фестываль — на год амаль!

ХІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур пачаўся ў мінулыя выхадныя, на Дні горада Мінска, а закончыцца вялікім святам у Гродне ў 2016 годзе

З векавых традыцый павагі да людзей розных этнасаў, якія з дабром прыходзяць на зямлю Бацькаўшчыны, з’явілася гэтая ідэя: праводзіць рэспубліканскія фестывалі нацыянальных культур. Бо дзе ж яшчэ, як не са сцэны, кожная этнасуполка можа найлепшым чынам паказаць свае таленты! Важна і тое, што пра такое культурнае самавыяўленне прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў клапоціцца беларуская дзяржава. У прыватнасці, на нядаўняй прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Беларусі падкрэслівалася: чарговы, ХІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур праводзіцца ў адпаведнасці з пастановай Саўміна. І ладзіцца ён, як запісана там, “у мэтах развіцця міжнацыянальнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь, адраджэння, захавання і фарміравання культурных традыцый нацыянальных супольнасцяў, адлюстравання культурнай разнастайнасці беларускага грамадства”.

Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў акцэнтаваў увагу: урачыстае адкрыццё фэсту і вялікі гала-канцэрт з тае нагоды ўпершыню выйшаў — і было тое 12 верасня — за межы камерных урачыстасцяў, канцэртных залаў. Артысты з розных этнасуполак выступалі на адкрытых пляцоўках беларускай сталіцы, і творчыя здабыткі прадстаўнікоў розных нацыянальных культур змаглі ўбачыць шматлікія гледачы пад час святкавання Дня горада Мінска.

У адкрыцці Фэсту паўдзельнічалі  творчыя гурты больш чым 20 этнасуполак Мінска і рэгіёнаў краіны. Цяпер, паводле інфармацыі РЦНК, у Беларусі жывуць прадстаўнікі каля 140 розных нацыянальнасцяў.
 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter