Актыўна жывуць беларускія суполкі Іркуцка

Фестывалі на Байкале

Актыўна жывуць беларускія суполкі Іркуцка

“Напрыканцы жніўня паўдзель­нічалі ў вялікім арт-фэсце “Байкал-лайф”, што праходзіць пры Байкале ў пасёлку Сахюрта — пра яго можна глянуць на сайце фэсту, — напісала ў рэдакцыю старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры Алена Сіпакова. — Многія чулі пра фэст, а не ўсе ведаюць: адзін з галоўных яго арганізатараў Аляксандр Жылінскі — беларус па родавых каранях. Натуральна, што і мы да цікавай дзеі далучаныя: правялі, напрыклад, на фэсце майстар-клас па саломапляценні, зрабiлi на захапленне ўсім Павука! У час фэсту беларусаў можна было лёгка знайсці па нацыянальных строях. А пра “рухавік фэсту”, Аляксандра, мы раскажам пазней”.

Нядаўна актывісты ІТБК ладзілі сустрэчу, пры­свечаную Дню Байкала і ў падтрымку Фэсту Беларусаў Свету на Байкале-2015. Сабралі творы беларусаў пра Байкал: фотакарцiны (выстава на сядзібе суполкі), вершы, песні, фiльмы. Нядаўна ў Іркуцку даведаліся: аўтар слоў знакамітай песні “По диким степям Забайкалья” — беларус Іван Кандрацьеў (гл.: “Жыў у Маскве, а душа па Айчыне тужыла”, Голас Радзімы, 2014, 28 жніўня). У Прыбайкаллі ўжо ёсць пераклад яе на беларускую мову — будуць спяваць!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter