Ферма на дваiх

Жыццё як яно ёсць...

Ферма на дваiх

У той раз Аляксандр Пагодзiн вырашыў адзначыць дзень нараджэння жонкi своеасаблiва — прывёў у двор… карову. Гаспадыня, калi ўбачыла рагулю, аж рукамi пляснула: «Вой, а што ж мы будзем з ёю рабiць? «Аднак хутка справiлася з хваляваннем, загадала мужу весцi карову ў хляўчук, стала яе даглядаць. Неўзабаве зразумела: гэта тое, што трэба! Тым больш планы набыцця жывёлы абмяркоўвалi адразу пасля таго як купiлi дачу ў вёсцы Iзюмава, што за два дзесяткi кiламетраў ад горада. Цудоўныя мясцiны, побач рэчка Ваўчанка, луг… Аляксандр — былы ваенны, у чыне маёра пайшоў у адстаўку, жонка — гараджанка, як кажуць, i не спрабавала вясковага жыцця. Рызыка была, але калi ўзялiся, дык iсцi да канца! Ну i ўцягнулiся ў работу. Потым мелi ўжо тры каровы.

Дзе, спытаецеся, грошы бралi? Што са свайго рэзерву, а што пазычалi ў знаёмых. Такое iмкненне было паставiць справу як мае быць. Жонка навучылася кароў даiць. Аляксандр узяўся нарыхтоўваць корм, арганiзаваў пасьбу жывёлы. Калi разжылiся яшчэ на некалькi рагуль, дык прасiлi дапамогi ў таго-сяго з мясцовых жыхароў. Пачалi больш актыўна развiвацца. Вунь ужо i хлеў пабудавалi на 50 галоў. Шмат спецыяльнай лiтаратуры чыталi, а калi што было незразумела, звярталiся да зоаветспецыялiстаў мясцовай гаспадаркi, з якiмi наладзiлi сувязi. За сем гадоў, як маюць ферму, усялякага вопыту набралiся. Было, што i да сарака кароў трымалi, цяпер, праўда, трошкi меней. «Кароткi перадых, — кажуць, — узялi, а потым зноў пойдзем угару. Заседжвацца нiяк нельга! «Летась здалi дзяржаве больш за 100 тон малака, прадаюць i мясцовым жыхарам, дачнiкам. А яшчэ навучылiся сыры рабiць, масла бiць. Тут важна, каб прадукт не залежваўся, а адразу iшоў у справу.

-----------------------------

Любiн «сонцаварот»

Калi праязджаю каля вёскi Слабада, то абавязкова кiну позiрк на Любiн дом, якi пры самай дарозе. «Ага, — адзначаю пра сябе, — вунь хляўчук, блочны прысценак да хаты дабудоўваецца, значыць, жыццё ў доме не згасла, яно па-ранейшаму ярка гарыць!»

Люба Адамацкая была прыкметнай асобай у сваiм калгасе: i слесарам працавала, i памочнiкам камбайнера, нават ва Усесаюзным з’ездзе механiзатараў удзельнiчала. А пасля заканчэння Белсельгасакадэмii яна сакратар Хiмоўскага, старшыня Бортнiкаўскага сельскiх Саветаў. Толькi за дваццаць, а займала такiя адказныя пасады. Потым — iнструктар райвыканкама, яшчэ ў некалькiх арганiзацыях папрацавала… i вярнулася ў сваю родную вёску. I не адна, а са сваёй сяброўкай Iрынай, якой таксама не было дзе жыць. Чым заняцца? I тут навасёлам пашанцавала. Добрыя людзi далi iм карову: маўляў, разбагацееце, дык i разлiчыцеся. З адной рагулi «ўзнялiся» да чатырох — гэта ўжо фермачка!

Ферма кормiць (Iрына, якая выкладае ў мясцовай школе, мае дадатковы заробак), малако здаюць у мясцовую гаспадарку, а частка яго iдзе на сыры, якiя вырабляюць па спецыяльным рэцэпце. Пакупнiкоў шукаць не трэба, яны — i мясцовыя, i гарадскiя — паставiлi Любiнаму прадукту «знак якасцi». Тут жа разлiк. Жывая капейка, якая паступае, добра выручае.

— Першы час, — прызнаецца Люба, — былi цяжкасцi, але мы праявiлi волю i характар. Далей лягчэй пайшло. Нават лiшак з’явiўся, якi пусцiлi на ўмацаванне сваёй гаспадаркi. Навучылiся лiчыць, кожны крок свой вымяраць. Важна разумець адзiн аднаго. Тым больш мы i планавiкi, i выканаўцы, i эканамiсты, i бухгалтары — ва ўсiх ролях. Аднак жа гэта наша, жывём ў адказе за яго!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter