Феномен... рагачоўскага “Праменя”. У горадзе, дзе каля 35 тысяч жыхароў, кінатэатр за пяць месяцаў наведалі 42 тысячы чалавек.

У развіцці малых гарадоў і пасяленняў у адпаведнасці з мэтавай дзяржаўнай праграмай стаўка робіцца на стварэнне новых вытворчасцей па выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі і дадатковых рабочых месцаў. У той жа час не менш важным з’яўляецца стварэнне належнай інфраструктуры, якая забяспечвала б паўнацэннае пражыванне людзей у такіх населеных пунктах. Менавіта таму ў спіс аб’ектаў для знаёмства ў Рагачове, дзе праходзіў абласны семінар па развіцці малых гарадоў, быў уключаны галоўны кінатэатр горада.

У развіцці малых гарадоў і пасяленняў у адпаведнасці з мэтавай дзяржаўнай праграмай стаўка робіцца на стварэнне новых вытворчасцей па выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі і дадатковых рабочых месцаў. У той жа час не менш важным з’яўляецца стварэнне належнай інфраструктуры, якая забяспечвала б паўнацэннае пражыванне людзей у такіх населеных пунктах. Менавіта таму ў спіс аб’ектаў для знаёмства ў Рагачове, дзе праходзіў абласны семінар па развіцці малых гарадоў, быў уключаны галоўны кінатэатр горада.

...Калі пад’ехалі да кінатэатра “Прамень”, размешчанага ў цэнтры Рагачова, сталі сведкамі цікавага відовішча. Узяўшыся за рукі, па двое, на вуліцу выходзілі хлопчыкі і дзяўчынкі, па ўзросце школьнікі малодшых класаў. Дзеці ажыўлена дзяліліся ўражаннямі ад толькі што ўбачанага фільма, які, мяркуючы па іх рэакцыі, даставіў ім вялікае задавальненне.

Dolby падняла з канап

— Гэта нашы юныя гледачы, — патлумачыла дырэктар ДП “Рагачоўкінавідэасетка” Алена Мельнікава. — Зараз дзеці адпачываюць у лагерах і прыходзяць да нас разам з выхавацелямі, чаму мы, зразумела, рады. Для іх спецыяльна складзены рэпертуар фільмаў.
Безумоўна, прыемнаму прагляду кінастужак у “Прамені”, і не толькі дзіцячай аўдыторыяй, садзейнічае ўсталяваная тут некалькі гадоў назад акустычная сістэма Dolby. У Рагачове першымі сярод раённых кінавідэасетак Гомельшчыны ўкаранілі новаўвядзенне, што не толькі змяніла адносіны мясцовых жыхароў да свайго некалі напаўпустога кінатэатра, але і дазволіла кіраўніцтву прадпрыемства стварыць на базе кінаўстановы сучасны культурна-забаўляльны цэнтр. Пры гэтым былі задзейнічаны дадатковыя рэсурсы і магчымасці, праяўлены творчы падыход да справы. Сёння жыхары горада і наваколля не ўяўляюць жыцця без свайго цэнтра. Прадпрыемства дастойна выглядае і з фінансавага боку: сярод устаноў культуры раёна на яго прыпадае трэць усіх даходаў.
Дырэктар Алена Мельнікава шчыра прызнаецца, што для яе, чалавека, які не меў раней вопыту кіравання, узначаліць работу па адраджэнні галоўнага кінатэатра было чыстай вады авантурай.
— Але часам важныя менавіта свежы погляд на рэчы і вялікае жаданне зрабіць штосьці для сваіх землякоў, — гаворыць яна.
Для набыцця акустычнай сістэмы калектыў кінатэатра ўзяў далёка не льготны банкаўскі крэдыт. Пад новае абсталяванне мадэрнізавалі адну з дзвюх кіназалаў. Зацікаўленыя навінкай жыхары Рагачова і іншых населеных пунктаў раёна адарваліся ад канап і тэлевізараў і накіраваліся ў кінатэатр, каб зразумець, што ж такое сістэма Dolby і як яна ўплывае на прагляд фільмаў. Па-глядзелі — спадабалася, падзяліліся ўражаннямі з іншымі. Цікаўных станавілася ўсё больш. Паступова знікла праблема з напаўняльнасцю залы. Мяркуйце самі: за пяць месяцаў гэтага года кінатэатр наведалі больш як 42 тысячы чалавек, у той час як насельніцтва Рагачова складае 34,5 тысячы. Каментарыі, як кажуць, не патрэбныя.

Не хочаце партыю ў більярд?

Праз некаторы час абнаўленне закранула і другую кіназалу, дзе размясціліся камп’ютэрны клуб, більярдная, пункт пракату ліцэнзійных дыскаў DVD. У прасторным фае наладзілі дыскатэку, аснасціўшы памяшканне самай сучаснай гукавой і светлавой апаратурай. Прыватная структура адкрыла бар. Ён, як і дыскатэка, працуе ў рэжыме начнога клуба.
Сярод іншых асаблівасцей аб’екта, вартых увагі, несумненна, аснашчэнне кіназалы кандыцыянерамі, чаго няма ні ў адной аналагічнай установе вобласці. А таксама наяўнасць вонкавых і ўнутраных відэакамер, што ідзе на карысць грамадскаму парадку.
— Кожны раз, калі прыязджаю дамоў, — расказвае ўраджэнец Рагачова студэнт Гомельскага дзярж-універсітэта імя Францыска Скарыны Сяргей Ляўшук, — абавязкова наведваю і кінатэатр, і дыскатэку. Тут сустракаемся з сябрамі, цікава бавім час. Ганаруся, што ў родным горадзе ёсць такое цывілізаванае месца адпачынку.

“Еду ў Рагачоў. Кіно глядзець!..”

Наяўнасць некалькіх падраздзяленняў, прадпрыемстваў дзвюх форм уласнасці — камунальнай і прыватнай — значна аблегчыла ўтрыманне цэнтра, дзе і працаўладкавана 14 чалавек.
На базе ўстановы праходзяць значныя для раёна мерапрыемствы.
Калектыў раённай кінавідэасеткі арганізуе і свае мерапрыемствы-акцыі, накіраваныя на павышэнне інтарэсу гледачоў. Вось, напрыклад, быў праведзены конкурс паміж тымі, хто пабываў на прэм’ерных праглядах у лютым, — разыгрываўся тэлевізар. Да радасці пракатчыкаў, прыз сапраўды дастаўся аднаму з самых актыўных кінагледачоў “Праменя”.
Пра тое, што рэклама — рухавік пракату, у “Прамені” ведаюць не па чутках. Для рэкламы выпускаюцца папяровыя буклеты з маляўнічай паліграфіяй, выкарыстоўваецца Інтэрнет з яго неабмежаванымі магчымасцямі. У некалькіх месцах у горадзе ўстаноўлены шчыты са зменнымі стэндамі, якія інфармуюць аб тым, што і калі можна паглядзець у “Прамені”. Зразумела, і прапануемая кінапрадукцыя падбіраецца старанна, з некаторым апярэджаннем пракату фільмаў калегамі ў іншых раёнах.
Алена Мельнікава і яе калектыў аднадумцаў не спяшаюцца заспакойвацца.
— Нашы погляды ўжо звернуты на лічбавае кіно, якое ўваходзіць у моду. Але пакуль што кіно такога фармата няма нават у Гомелі...
Што ж датычыцца сістэмы Dolby, дык услед за Рагачовам яе ўзялі на ўзбраенне ў Мазыры і Рэчыцы. А жыхары суседніх Жлобіна і Светлагорска прыязджаюць для прагляду фільмаў у Рагачоў.

Каментарый намесніка старшыні камітэта эканомікі Гомельскага аблвыканкама Віктара ХАДЗЬКО:
— Безумоўна, гэты прыклад паказальны сваёй ініцыятывай. Як бачым, добры вынік можа быць атрыманы і без прыцягнення сродкаў з казны, можа быць паўтораны ў іншых населеных пунктах, аднесеных да разраду “малых”. Тым не менш Дзяржаўнай праграмай па развіцці малых гарадоў і сярэдніх пасяленняў у Гомельскай вобласці сёлета на развіццё сацыяльнай сферы прадугле-
джана больш як 200 мільярдаў рублёў. Адны праекты, як рэканструкцыя цэнтральнай раённай бальніцы ў горадзе Буда-Кашалёва, ужо рэалізаваны, іншыя, як будаўніцтва спартыўнага комплексу ў горадзе Ельску, у стадыі рэалізацыі. Несумненна, яны зробяць пражыванне людзей у малых гарадах больш камфортным і паўнацэнным. Ну а ініцыятыва ў гэтым плане толькі вітаецца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter