Феномен Фінберга

Свята музыкі “Заслаўе-2008” зноўку пацвердзіла: народжаная ў мінулыя часы ў малых паселішчах і гарадах высокая музыка ў ХХІ стагоддзі вяртаецца дадому.І гэту з’яву можна назваць “феноменам Фінберга”

Феномен фестываляў
Так супала, што восьмае заслаўскае музычнае свята было 75-м па ліку фестывалем, што ладзіць у малых гарадах і мястэчках з благаславення мясцовых уладаў і Мінкультуры Заслужаны калектыў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі. Зараз, калі фестывалі гэтыя сталі неад’емнай часткай працэсу беларускага культурнага адраджэння, іх ідэйны натхняльнік, а прасцей — хросны бацька, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг часам успамінае, што, прыдумваючы гэты фестывальны рух, вельмі рызыкаваў. На самай справе, прапанаваць правінцыяльнай публіцы складаную камерную музыку, якую і ў сталіцы не кожны можа ўспрыняць, было не тое што рызыкай — авантурай. Але інтуіцыя маэстра не падвяла: на генным узроўні захавалася цяга да прыгожага ў тых жа, скажам, несвіжан. І менавіта ў старажытны Нясвіж першымі прыляцелі музы мастацтваў. Менавіта пад скляпеннямі палаца Радзівілаў 13 гадоў таму загучалі камерныя творы тых жа ўладароў палаца і музыкаў, што збіралі яны пры сваім двары, — Цыпрыяна Базіліка, Вацлава з Шамотул, Ежы Бакановіча, Яна Цэнцыловіча, Яна Голадна, а яшчэ Гайдна, Бетховена, Мендэльсона, Шапэна...
У Нясвіжы на высокай музыцы, любіць паўтараць зараз Міхаіл Фінберг, выхавалася ўжо цэлае пакаленне: тыя, каго бацькі прыводзілі на першыя канцэрты, ужо вядуць сваіх дзяцей.
А фестывальны рух пашыраўся. Заслаўе -- тут нарадзіўся праект “Музыка беларускіх сядзіб” і навучыліся слухаць Ельскага, Агінскага… У Мір вярнуўся Манюшка, у Мсціслаў -- Чуркін, у Іванава -- Орда… Не толькі музыку даўніх часоў адраджаюць камерныя калектывы аркестра Фінберга. Аказалася, што і пра нашых сучаснікаў, беларускіх кампазітараў, што не так даўно пайшлі з жыцця, у гэты папсовы час мы ледзь не забыліся. Хатя б пра Яўгена Глебава. Дзіва: яго мелодыі гучаць застаўкамі на многіх FM-станцыях, у многіх кінафільмах, што яшчэ ідуць па тэлебачанні, а мы ўжо не помнім, што менавіта з Глебавым звязаны лепшыя дасягненні беларускай музыкі канца ХХ стагоддзя. Аўтарскім канцэртам Яўгена Глебава Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі ўшанаваў памяць Майстра. І нарадзіўся праект “Славутыя імёны Беларусі”. Прычым ён увабраў у сябе музыку і тых кампазітараў, што працягваюць актыўнае творчае жыццё. Мінулай восенню ў Мсціславе слухалі Другую сімфонію Дзмітрыя Смольскага. З-за хваробы стары кампазітар не змог прыехаць на прэм’еру. Слухаў яе па тэлефоне (званок з мабільніка зрабіў маэстра Фінберг) і плакаў: ён думаў, што пры жыцці не пачуе свой новы твор.
Дарэчы, творчасці Смольскага быў прысвечаны другі дзень сёлетняга свята музыкі ў Заслаўі. А першы -- 200-годдзю Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, пра якога ў 60-я гады мінулага стагоддзя, у часы, калі ўпамінанне гэтага імені не ўхвалялася, напісаў у сваёй кнізе “Беларускі музычны тэатр” бацька Дзмітрыя Смольскага -- Браніслаў Смольскі. Такая вось повязь часоў і асоб.       
А большасць фестываляў аркестра ўжо называюцца фестывалямі мастацтваў, спалучаюць музыку, жывапіс, літаратуру. У Заслаўі выставу “…Я бацькоўскаму краю адданы”, прысвечаную 200-годдзю з дна нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, адкрываў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Свае вершы чыталі паэты Алесь Бадак, Віктар Шніп і Навум Гальпяровіч.
Феномен музыкі
Фенаменальна, але многія творы, што слухаюць у невялічкіх залах жыхары малых гарадоў і паселішчаў падчас камерных фестываляў аркестра Фінберга, у вялікіх гарадах і нават у сталіцы наўрад ці пачуюць. Сваёй залы ў аркестра няма, а ў іншыя патрапіць нялёгка. Толькі гэта не перашкаджае калектыву, у якім што ні музыкант -- віртуоз, рыхтаваць праграмы, якія рабілі б гонар не аднаму вядомаму замежнаму калектыву і не адной вядомай канцэртнай зале. Калі б не так, ці ехалі б у любое надвор’е ў той жа Нясвіж, Заслаўе прадстаўнікі замежнага дыпламатычнага корпусу… Праграму “Слова, натоленае музыкай” на “Заслаўі-2008” слухалі аташэ па пытаннях культуры італьянскай і нямецкай амбасад у Беларусі. Слухалі, як зачараваныя, творы Манюшкі, Орды, беларускага Паганіні -- Ельскага, сучаснікаў і сяброў Дуніна-Марцінкевіча. А потым і наогул у гасцей і гаспадароў перахапіла дыханне: камерны калектыў выконваў музыку да оперы “Ідылія” (“Сялянка”). Не, не манюшкаўскую, але манюшкаўскую адначасова. Напісаў твор беларускі кампазітар Барыс Кур’ян, выкарыстаўшы тэмы Манюшкі, цудоўную аранжыроўку зрабіў Уладзімір Ткачэнка. Зноў повязь часоў. Зноў сустрэліся беларуская мінуўшчына і сучаснасць.
Тут дарэчы будзе адзначыць, што ўпершыню музычнае свята ў Заслаўі і наогул фестываль аркестра Фінберга быў прысвечаны не музыканту, а чалавеку, які быў з імі звязаны і вельмі любіў музыку, меў добры голас і слых, сам спрабаваў пісаць мелодыі і перадаў свае здольнасці дачцэ, якая стала цудоўнай піяністкай. Уклад Дуніна-Марцінкевіча ў беларускую культуру звязаны не толькі з яго літаратурнай, драматычнай і паэтычнай дзейнасцю. Яшчэ ў сярэдзіне 19 стагоддзя ён узняў беларускае слова да мастацкіх вяршынь. Менавіта Дунін-Марцінкевіч дазволіў беларускамоўнаму паняццю праявіцца ў самых высокіх, элітных жанрах -- драме, камедыі, паэзіі. Упершыню ў свеце менавіта з яго лёгкай рукі загучала беларуская мова на опернай сцэне. І адбылося гэта ў Мінску ў 1852 годзе, калі ставілася славутая “Сялянка” (“Ідылія”) з музыкай Станіслава Манюшкі. Варта ўзгадаць, што менавіта з Манюшкам Дунін-Марцінкевіч напісаў яшчэ тры оперы.
І яшчэ адзін музычны феномен свята ў Заслаўі: другі год запар канцэрт беларускай музыкі даюць дзеці -- навучэнцы мясцовай школы мастацтваў. Маэстра Фінберг лічыць гэту падзею ці не галоўнай на свяце. Па-першае, юныя музыкі вучацца любіць сваё і разумеюць, як гэта важна. Па-другое, ім прыходзіцца шмат працаваць, рыхтуючы такую праграму. Хаця б таму, што нот не хапае. У Мінску зачынены апошні нотны магазін…
Феномен каманды
Каманду, што стварае фестывальныя і святочныя праграмы, складаюць перш-наперш музыканты камерных калектываў, якіх у складзе Нацыянальнага канцэртнага аркестра ажно шэсць. Музыканты -- маладыя і не вельмі -- ці не ўсе лаўрэаты розных конкурсаў. Віртуозы і нястомныя працаўнікі. Штодзённыя рэпетыцыі, дзесяткі праграм, вечна ў дарозе на фестывалі і канцэрты… Апора маэстра Фінберга -- кіраўнікі гэтых калектываў: прафесары Барыс Нічкоў і Мікалай Волкаў, заслужаныя артысты Беларусі Генадзь Забара і Валерый Сарока, дацэнт Генрых Гедыльтэр.  
У камандзе маэстра і прадстаўнікі мясцовых улад, што падтрымліваюць, дапамагаюць. Узяць тое ж Заслаўе: горад змяніў статус, стаў падпарадкоўвацца Мінскаму раёну, але падыходы да культуры не змяніліся. На Міншчыне наогул да культуры адносіны вельмі трапяткія.
Каманда Фінберга -- гэта і Святлана Купрыянава, кіраўнік дзіцячай студыі выяўленчага мастацтва пры Доме культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Шмат гадоў запар яе дзеткі рыхтуюць выставу сваіх работ на тэмы фестывалю “Музы Нясвіжа”. І ў Заслаўі з’явіўся свой мастацкі аспект: якраз у дзень адкрыцця музычнага свята ў мясцовы музей запрасіў на вернісаж мастак Віктар Данілаў, якога натхняюць заслаўскія краявіды.
Але гэтыя радкі пра душу каманды -- навуковага каментатара фестываляў, маленькую прыгожую жанчыну, прафесара Вольгу Дадзіёмаву. Менавіта яна адшуквала па замежжы адзіныя нотныя радкі, якія потым намаганнямі аранжыроўшчыкаў аркестра ператвараліся ў цудоўныя мелодыі, што вярталіся да нас разам з імёнамі напісаўшых іх кампазітараў. Гэта Вольга Уладзіміраўна са сцэны падчас канцэртаў так захапляюча расказвае нам пра наша музычнае багацце, што з глядзельнай залы ёй нясуць і нясуць кветкі…
“Повязь навукі і мастацтва ўвасабляецца вельмі плённа ва ўсіх фестывалях, якія ладзіць аркестр Фінберга, -- гаворыць Вольга Уладзіміраўна. -- Так ці інакш яны падштурхоўваюць навуковую думку, нават калі мы не ладзім навуковую канферэнцыю. Спецыяльна для фестываляў даследчыкі розных відаў мастацтва -- музыказнаўцы, гісторыкі архітэктуры, літаратуры -- рыхтуюць свае даклады. А калі сабраць матэрыялы ўсіх прайшоўшых навуковых дыскусій падчас фестываляў, атрымаецца шматтомнік. І менавіта гэта творчая рэчаіснасць робіць сёння навуковыя даследаванні гістарычнай нашай мінуўшчыны вельмі пачэснымі. У Беларускай акадэміі музыкі, на аддзяленні музычнай беларусістыкі, якім я загадваю, конкурс у апошнія гады вырас, я лічу, менавіта дзякуючы гэтым фестывалям. Бо, калі гавораць пра старажытную музыку, што гучыць на Беларусі, кажуць -- гэта тое, што грае Фінберг. І ў любой школцы гэта вядома, бо фестывалі ладзяцца не толькі ў Мінску. Беларуская капэла, створаная Віктарам Скорабагатавым, пачынала гэты рух у Мінску, калі цяжка было прабіцца беларускаму. Падзяка яму, што шмат знойдзена, у тым ліку творы Дуніна-Марцінкевіча. Але скорабагатаўскія фестывалі мелі розгалас сярод элітнай, калямузычнай публікі. Тое, што робіцца ў малых гарадах дзякуючы фестывалям нашага знакамітага аркестра, жывіць сваімі сокамі творчую моладзь. І яна ідзе вывучаць беларускую музыку”.
Музычным святам у Заслаўі пачалася рэспубліканская акцыя “Мы -- беларусы”. Хатя пачаць яе планавалі вясной. Проста ў лабараторыі беларускай культуры, як трапна называюць аркестр Фінберга, падрыхтавалі свята, якое не магло не стаць першым у шэрагу мерапрыемстваў акцыі.
А Ніна Бухавец, старшыня Заслаўскага гарадскога Савета, лічыць: гэтае свята ўпаўне ўпісваецца ў праграму развіцця малых гарадоў, бо выхоўвае ў нашых дзяцей любоў да роднага краю. А яшчэ дазваляе жыхарам горада з вялікай гісторыяй дакрануцца да вытокаў нацыянальнай культуры.
Дарэчы, Заслаўе ўвайшло ў республіканскую праграму развіцця малых гарадоў. На бюджэтныя сродкі тут рэканструіруюцца вяслярны канал і былая карданажна-паліграфічная фабрыка. Будучыню старажытнага горада яго кіраўнікі звязваюць таксама з развіццём турызму. І вельмі спадзяюцца, што свята музыкі, якое ладзіць такі падзвіжнік, як Міхаіл Фінберг, некалі стане часткай турыстычнага маршруту.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter