Міжнародны міжвузаўскі фэст сучаснага танца “Зрабі крок наперад!” у пяты раз праходзіць у Віцебску

Фарбы вясны

Міжнародны міжвузаўскі фэст сучаснага танца “Зрабі крок наперад!” у пяты раз праходзіць у Віцебску
 
Фэст сабраў на канцэртных пляцоўках горада і ў Доме культуры Акадэміі ветэрынарнай медыцыны больш за 200 удзельнікаў з 18 устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі, Расіі ды Украіны. Лепшыя студэнцкія харэаграфічныя калектывы з Мінска, Віцебска, Полацка, Масквы, Смаленска, Санкт-Пецярбурга, Вялікіх Лук, Растова-на-Доне, Кіева паказваюць свае таленты ў конкурсах па розных напрамках танца. Урачыстае адкрыццё фэсту прайшло ў Нацыянальным акадэмічным драмтэатры імя Якуба Коласа.

Конкурс падзелены на два блокі. У першым — гурты, што танцуюць у стылі show-dance, krump, jazz-funk, hip-hop. У другім выступяць тыя, хто любіць стыль мадэрн, джаз-мадэрн і кантэмпарары, будуць і аднаактныя балеты на тэму “Сон у гучнай цішыні”. Сёлета разам з праграмай пашырыўся і прызавы фонд, цікавасць да фэсту ў горадзе — велізарная.

У фестывальнай праграме запланаваны майстар-класы, творчыя сустрэчы. Адукацыйныя праграмы прадставяць знакамітыя харэографы Аляксандр Зенчанка, Вольга Лабоўкіна, Аляксандр Натараў. Прадстаўнікі маладога пакалення аддалі даніну павагі і памяці загінулым героям пад час грамадзянска-патрыятычнай акцыі “Горад сяброў — горад Віцебск”: усклалі кветкі на плошчы Перамогі да мемарыяльнага комплексу «Савецкім воінам-вызваліцелям, партызанам і падпольшчыкам”.

Арганізатары фэсту — Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны і пярвічная арганізацыя БРСМ ВНУ, іх падтрымала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Кацярына Князева
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter