Фарбы велікоднай радасці

Жыхары Гродна пазнаёміліся з тэхнікай роспісу велікодных яек

Жыхары Гродна пазнаёміліся з тэхнікай роспісу велікодных яек.

Да тэматычнай выставы, прысвечанай светламу святу Вялікадня, супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі сабралі багаты экспазіцыйны матэрыял са сваіх фондаў і з прыватных калекцый мясцовых народных умельцаў. Вядома, у цэнтры ўвагі — галоўныя велікодныя сімвалы: фарбаваныя яйкі і пальмы, якія на славянскіх землях замянілі галінкі вярбы.

З чаго толькі ні выраблялі святочныя яйкі, як толькі ні ўпрыгожвалі іх за два тысячагоддзі існавання хрысціянства. Але і сучасная тэхніка па-ранейшаму прыводзіць у захапленне. Васкаванне, выцінанне, ткацтва і дэкупаж, фарбаванне ніткамі і кавалкам тканіны, драпанка, арнамент, роспіс акрылавымі фарбамі, інкрустацыя саломкай, бісерам, пацеркамі, футрам. Прадстаўлены яйкі, пафарбаваныя па старажытнай тэхналогіі.

Прыводзяць у захапленне «гарадзенскія» і «віленскія пальмы» сясцёр Сарасек — Дамінікі, Ванды, Дануты і Чаславы. Свае цудоўныя «букеты» яны ствараюць з жывых кветак, збожжа, травы і галінак вярбы. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены каштоўныя гравюра і абраз «Сашэсце ў пекла — Уваскрэсенне» ХІХ стагоддзя, Евангелле 1841-га і Свяшчэннае Пісанне 1931 года. Не менш зацікавіла перспектыва зрабіць невялічкі шэдэўр да Вялікадня ўласнымі рукамі — майстар-клас па роспісе яек правяла гродзенская майстрыха Алена Чумрай.

Велікодная выстава будзе працаваць да 23 чэрвеня.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter