Фарбы радасці і тугі

Валянцін Рамановіч пражыў усяго 34 гады. Талент мастака не паспеў разгарнуцца на ўсю моц, але ў тых творах, якія ён пакінуў, адчуваецца сапраўдны майстар
Валянцін Рамановіч пражыў усяго 34 гады. Талент мастака не паспеў разгарнуцца на ўсю моц, але ў тых творах, якія ён пакінуў, адчуваецца сапраўдны майстар.

В.Рамановіч. АўтапартрэтАмаль 100 гадоў таму, 20 кастрычніка 1911 года, у мястэчку Карэлічы Навагрудскага павета (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці) нарадзіўся хлопчык. Яго бацькоў местачкоўцы добра ведалі і паважалі. Бацька, Сцяпан Канстанцінавіч, быў настаўнікам-інспектарам Карэліцкага гарадскога вучылішча. Прыгажуня-маці ўсю любоў душы аддавала дзецям —сыну Валянціну і дачцэ Алене. Дзед Валянціна, Георгій Зотаў, быў родам з Масквы, з сям’і іканапісцаў. Вось адкуль, напэўна, і атрымаў у спадчыну свой талент будучы мастак.
Сцяпана Канстанцінавіча час ад часу пераводзілі на іншае месца работы. сям’я пераязджала за ім. Так, у чатырохгадовым узросце Валянцін апынуўся на Палессі, а ў 1921-м разам з бацькамі вярнуўся на Навагрудчыну. Вучыўся ў школе вёскі Падкасоўе, на радзіме бацькі, затым — у Карэлічах.

У 1924 годзе Валянцін Рамановіч паступіў у навагрудскую гімназію імя А.Міцкевіча. Ужо там праявіўся мастацкі талент: на адной з выстаў у гімназіі экспанаваліся яго малюнкі. Потым Валянцін стаў студэнтам мастацкага факультэта Віленскага універсітэта. Там і пазнаёміўся з будучай жонкай, Альдонай Нябельскай. Агульныя інтарэсы ўмацоўвалі гэты шлюб. Пасля раптоўнай смерці мужа Альдона Рамановіч зрабіла ўсё магчымае, каб захаваць яго творчую спадчыну.

Сёння творы мастака захоўваюцца ў Вільнюсе, дзе ён вучыўся і працаваў, а таксама ў яго сваякоў па іншых месцах Літвы. Другая частка творчай спадчыны знаходзіцца ў Польшчы: у музеі і ва універсітэце у Торуні, а таксама ў Варшаве, дзе жыве Альдона Рамановіч. З ёй мне ў свой час удалося наладзіць кантакт. У час тэлефоннай размовы ўсхваляваная жанчына сказала: “Валянцін быў чалавекам усяго майго жыцця. Усё, што звязана з ім, для мяне вельмі дорага.”

Альдона Рамановіч даслала ў наш музей каталог персанальнай (пасмяротнай) выставы мужа, а ў сваім лісце напісала: “Дзякуй за ліст, А перш-наперш, за зацікаўленасць творчасцю і асобай Валянціна. Ён шмат значыў не толькі для мяне, але і для сям’і, сяброў, калег і іншых. Пазнаёміліся мы на мастацкім факультэце універсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні ў 1930 годзе. На факультэце панавала атмасфера дружбы, агульнай ветлівасці. Вучыліся палякі, рускія, беларусы, украінцы, татары і яўрэі — і не было аніякіх міжнацыянальных сварак (…) Валянцін быў добрым графікам, мастаком, а найперш добрым чалавекам”.

Цікавыя дакументы з гістарычнага архіва ў Вільнюсе даслаў у музей па маёй просьбе пісьменнік Аляксей Анішчык. Сярод іх — аўтабіяграфія В.Рамановіча, прашэнне ад 29 верасня 1930 года на імя рэктара універсітэта аб прыёме на мастацкі факультэт, копіі трыместравых ведамасцей, прашэнне ад 1 снежня 1939 года В.Рамановіча з просьбай дапусціць да выканання дыпломнай работы і інш. Альдона Рамановіч у лісце, дасланым у музей, заўважыла, што ў мастацтве мужа яна бачыла працяг мастацтва яго продкаў-іканапісцаў і адзначыла рысы, характэрныя для творчай манеры мастака — чысціню выканання, дакладнасць і скрупулёзнасць пры накладанні колеру ў карцінах.

У 1934 годзе В. Рамановіч здаў экзамен, які даваў яму права выкладаць маляванне ў школах і настаўніцкіх семінарыях. Але ён працягваў вучобу далей, цяпер ужо на медыцынскім факультэце, як некалі хацеў яго бацька, быў асістэнтам на кафедры анатоміі, але і тут праявілася творчая натура: ён выкладаў курс “мастацкай анатоміі” для студэнтаў мастацкага факультэта і рыхтаваў анатамічны альбом. У той жа час яго творы пачалі з’яўляцца на выставах у Вільні і Варшаве. Сярод ранніх работ мастака ёсць творы жывапісу —“Сярэбраная рака”, “Жоўтая рака”, “Сосны”, “Зіма”. Але больш за ўсё яго цікавіла графіка. Ён шмат працаваў над тэхнікай, эксперыментаваў з рознымі матэрыяламі і нават абагульніў свой вопыт у артыкуле “Аб тэхніцы графікі”.

Творы мастака сведчаць пра яго цікавасць да гісторыі, прыхільнасць да сівой даўніны. Цыкл “Трокі” адлюстроўвае паэтычную і рамантычную натуру мастака. У той жа час усе дэталі замка, які мы бачым на гравюрах, дакументальна дакладныя.

Акрамя Тракайскага, мастак стварыў яшчэ адзін цыкл — “Дрэвы”, у якім шэсць кампазіцый, гравіраваных на розных матэрыялах. Уражваюць яго графічныя творы “Над Свіцяззю” (1938), “Руіны замка ў Троках” (1939), “Вежа Ковенскага замка” (1940), “Стэфан Баторый” (1940), а таксама экслібрысы, выкананыя ў рознай тэхніцы.

У Беларусі работы мастака ўпершыню былі выстаўлены ў нашым музеі. На ўрачыстым вернісажы прысутнічалі сваякі мастака з Вільнюса: унучатая пляменніца Наталля Ясінская і пляменнікі- фізікі Аляксей і Павел Багдановічы (адзін з іх працуе выкладчыкам у Тэхнічным універсітэце, другі — у Акадэміі навук Літвы). Менавіта гэтыя надзвычай спагадлівыя людзі, якіх мне ўдалося адшукаць у суседняй дзяржаве, і перадалі ў музей копіі работ Валянціна Рамановіча: графічны цыкл “Трокі”, экслібрысы, сямейныя фотаздымкі, з якімі наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца.


Святлана Кошур, старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага краязнаўчага музея
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter