Юрый Беларус — чалавек ваенны. Дваццаць шэсць гадоў служыў у арміі...

Фамільная каштоўнасць

Ёсць месцы, ёсць людзі, якія самі па сабе з’яўляюцца ледзь не візітоўкай нашай з вамі Беларусі...
Ёсць месцы, ёсць людзі, якія самі па сабе з’яўляюцца ледзь не візітоўкай нашай з вамі Беларусі. Ім нават і рабіць для гэтага нічога не трэба, усё атрымліваецца аўтаматычна. Давайце разам з журналістамі газеты пабачым, як жывецца людзям у пасёлку і на чыгуначнай станцыі з незвычайнай назвай, чым займаецца і як сябе адчувае чалавек, прозвішча якога цалкам супадае з нацыянальнасцю.

Юрый Нiкiфаравiч — сапраўдны Беларус.
Юрый Нiкiфаравiч — сапраўдны Беларус.

«Беларусамі не становяцца, імі нараджаюцца», — сцвярджае мінчанін Юрый Нікіфаравіч, у якога і прозвішча, і нацыянальнасць цалкам супадаюць. 

Юрый Беларус — чалавек ваенны. Дваццаць шэсць гадоў служыў у арміі, зараз выкладае дапрызыўную падрыхтоўку ў Сеніцкай сярэдняй школе імя Янкі Купалы. Кажа, кур’ёзы з ім здараюцца пастаянна. Тое, што дзеці ў школе, калі чуюць слова «беларус», адразу глядзяць на яго, — гэта так, драбяза.

— Калі называю сваё прозвішча, бывае, удакладняюць: «Мы не нацыянальнасць, прозвішча пытаем». Стаміўся ўжо ўсім тлумачыць, што гэта яно і ёсць, — Беларусу, здаецца, і сапраўды даводзіцца нялёгка. 

Нарадзіўся ён у Жытомірскай вобласці Украіны, на самай мяжы з Беларуссю. Карані, магчыма, мае беларускія: сама меней, так маці сцвярджала. Бацьку памятае дрэнна: памёр адразу пасля Вялікай Айчыннай. «Я не аднойчы спрабаваў даведацца, адкуль пайшло прозвішча, але не выйшла: перадавалася яно па бацькавай лініі, а як ён памёр, усе сувязі з яго сваякамі абарваліся», — Юрый Нікіфаравіч дастае з паліцы важкі альбом з пажаўцелымі фотаздымкамі. Па іх і даведваемся, як выглядаюць Беларусы. 

У актыве майго суразмоўцы нямала смешных гісторый, звязаных менавіта з прозвішчам.

— Справа была яшчэ ў час службы. Выстраіліся мы ў рад на пляцы, і маёр скамандаваў: «Беларус, выйсці са строю!» Я і яшчэ трое беларусаў дружна робім крок наперад. Уся рота яшчэ доўга смяялася, а маёр пасля гэтага заўжды ўдакладняў: сяржант па прозвішчы Беларус. 

Прозвішча аказала ўплыў на ўвесь лёс Юрыя Нікіфаравіча. Ён, уласна кажучы, і ў Беларусь пераехаў з-за яго. Калі кіраўніцтва вырашала, куды адправіць маладога лейтэнанта пасля вучылішча, нехта вельмі слушна заўважыў: «Беларус павінен жыць у Беларусі». Так і вырашылі — накіравалі на службу ў Оршу. Там Юрый Нікіфаравіч сустрэў будучую жонку.

З сямейнага фотаархiва даведваемся, як выглядаюць Беларусы
З сямейнага фотаархiва даведваемся, як выглядаюць Беларусы

— Зайшоў неяк у ашчадную касу, а яна працавала там касірам. Прачытала ў пашпарце маё прозвішча ды так зацікавілася, што неўзабаве таксама стала насіць прозвішча Беларус, — з жонкай Маргарытай Іосіфаўнай жывуць разам амаль пяцьдзясят гадоў. 

Пераехаўшы ў Беларусь, лейтэнант Беларус адразу пачаў вучыць мову. «Кожны Беларус павінен ведаць матчыну мову», — Юрый Нікіфаравіч кажа гэта сваім унучкам пастаянна. У яго дзве дачкі, і ў кожнай па дзве дачкі. Так што прозвішча, мяркуючы па ўсім, на ім перапыніцца. 

— Больш за ўсё хацеў сына, каб прадоўжыць род Беларусаў, ды лёс склаўся па-іншаму. Старэйшая, выходзячы замуж, хацела пакінуць дзявочае прозвішча, але муж быў супраць, — са шкадаваннем кажа апошні ў сям’і Беларус. 

Нягледзячы на тое што нарадзіўся ва Украіне, Юрый Нікіфаравіч лічыць сябе беларусам. Яно і зразумела: пражыў тут паўстагоддзя. Больш за ўсё любіць бульбу, дранікі, клёцкі і нават варэнікі з ёй. Прашу прыпомніць любімую беларускую песню, і Юрый Нікіфаравіч душэўна пачынае: «А я лягу, прылягу край гасцінца старога...» 

 Напрыканцы цікаўлюся: якім, на яго думку, павінен быць беларус? 

— Трэба, каб былі адкрытыя душа і сэрца, — настаўнік развітваецца, яму час бегчы на заняткі ў школу.

Іна ГАРБАЦЕНКА
gorbatenko_inna@mail.ru

На хвілінку ў глыбінку


Пятнаццаць хат, дзесяць дарослых, чатыры школьнікі — вось і ўся Беларусь. Гэта зусім не жарт. Пасёлак з такой назвай знаходзіцца ў Слуцкім раёне. У геаграфічных даведніках ён пазначаны менавіта так. Для чужака мясціна нічым не адметная, для тутэйшых — унікальная. Кажуць, бяда ў гэты край не заходзіць, бо абараняе яго дух княгіні Радзівіл.

У Беларусi жыве ўжо чацвёртае пака- ленне сям’i Валянцiны КОЗЕЛ.
У Беларусi жыве ўжо чацвёртае пакаленне сям’i Валянцiны КОЗЕЛ.

«Апчхі, Пярун на яе, на гэтую тэхніку», — вітае, разганяючы рукамі паветра, Валянціна Козел. Міма нас праляцелі «Мерседэс» і «Фольксваген», следам крэкча трактар «Беларус». У наваколлі ўзнімаецца слуп пылу. «Носяцца паміж суседнімі Сярэднякамі і Слуцкам увесь дзень, не думаюць, што не асфальт, а гравійка тут», — злуецца Валянціна Уладзіміраўна.

Дом бабы Валі першы ад дарогі. На ім — шыльда, дзе вялікімі літарамі значыцца назва адзінай у пасёлку вуліцы — Беларусь. Праўда, кажа гаспадыня, гадоў пяць таму, калі таблічку толькі павесілі, разгледзелі, што напісана на ёй «БелОрусь». З «грамацействам» мірыліся гады чатыры, потым не сцярпелі і О на А усё ж такі выправілі.

Зараз хата Козелаў у Беларусі самая населеная — ажно пяць чалавек. Разам з бабуляй жывуць сын Сяргей, нявестка Вольга і дзве ўнучкі – Насця і Маша. Усё наваколле кліча іх Царукамі.

«І гэтак ужо больш як стагоддзе, — субяседніца гаворыць і сама дзіву даецца. — Пачалося ўсё яшчэ з дзеда майго мужыка, які, адслужыўшы 25 гадоў у рэкрутах, у якасці падзякі атрымаў ад цара кавалак зямлі ў Сярэдняках».

Пасля сталыпінскай рэформы Козелы атрымалі надзел на новым месцы, якое потым і стала пасёлкам Беларусь. Чаму ён названы так, Валянціна Уладзіміраўна не ведае: «Насупраць нас раней польская шляхта жыла, мо ў процівагу ім, палякам, назвалі».

— Не, гэта ў мой гонар, нездарма ж я ўжо больш як 25 гадоў працую на трактары «Беларус», — жартуе сын Сяргей. – Хадзем, вёску табе пакажам.

Ідзём павольна, бо бываліц пра тутэйшы край у мясцовага жыхара больш, чым самой дарогі: «Справа за пасёлкам да Саветаў царква стаяла. Чырвоныя як прыйшлі, адразу ж яе спалілі, але веруючыя не здаліся і за ноч паставілі тут высачэзны крыж, да якога працягвалі хадзіць маліцца». 

— Збоч да Варанько, — кіруе да хаты № 6 Валянціна Уладзіміраўна. — Яны ў нас старажылы — усё ведаюць.

Гаспадыню Марыю Міхайлаўну сустракаем у дзвярах: «Зараз за брыкетам збегаю, чаем вас пачастую». Па спрытнай бабульцы і не скажаш, што яны з мужам Віктарам Аляксеевічам не так даўно адсвяткавалі залатое вяселле і што ёй зараз 76, яму — 78.

«Дзеці дадумаліся даць нам у газету віншаванне, — смяецца баба Маня. — Праз два дні — грук-грук у дзверы, адчыняем, а там дэлегацыя з сельсавета з падарункамі. Частуем іх, пытаю: «А вы як пра нас дазналіся, мо дзе прачыталі? Не, кажуць, у нас усе важныя даты ў саміх пазначаны. Ну, мы з дзедам перамігнуліся, быццам паверылі».

— Слухай, — перабівае гаваркую жонку муж. — А ты ў Амерыку пазваніла? Мо там яблыкі каму патрэбны, а то столькі іх урадзіла. 

Навошта ў Штатах нашы яблыкі, я не разумею, Віктар Аляксеевіч смяецца і тлумачыць: «А ў нас свая Амерыка — хутар так завецца, што ў трох кіламетрах на поўнач ад Беларусі». 

Адкуль такія назвы, у сям’і не ведаюць, але на дзівосы, кажа баба Маня, мясціны гэтыя багатыя: «На нашых могілках пахавана княгіня Елізавета з роду Радзівілаў. Лічыцца, што яна пасёлак наш ад няшчасцяў бароніць. Тут нават у Вялікую Айчынную нікога не забілі. А побач з крыжамі дуб вялізны расце, так што могілкі за некалькі кіламетраў відаць».

Развітваемся. Выходжу з хаты, крочу па вулiцы далей. Спыняюся ля дома, якому па афарбоўцы якраз месца ў пасёлку з назвай Беларусь. Колер сцен у яго — як у нацыянальнага сцяга: зверху — чырвоны, знізу — зялёны.

Васьмiгадовыя Iлья i Маша — самыя маленькiя жыхары Беларусi.
Васьмiгадовыя Iлья i Маша — самыя маленькiя жыхары Беларусi.

— Выпадкова атрымалася, — тлумачыць, стоячы ля плота, Антаніна Зубак. — Проста выбралі ў магазіне дзве яркія фарбы.

— Мама, калі ў нас будзе інтэрнэт? — раптам чую побач дзіцячы голас. Гэта васьмігадовы сын Антаніны Ілья. У адказ маці толькі разводзіць рукамі: «Купілі днямі ў Слуцку 3G-мадэм — не цягне, трэба везці назад».

— А праз дамашні тэлефон падключыцца не спрабавалі? — раю ім. Антаніна гаворыць, што лініі  патрэбнай тут не правялі.

Побач з чырвона-зялёным домам гэткая, як у Козелаў, шыльдачка «БелОрусь» ляжыць. Антаніна заўважае мой позірк: «Як рамонт скончым, новую, правільную закажам, а гэтая няхай як памяць застаецца».

…Да вечара абышла пасёлак уздоўж і ўпоперак, шмат з кім пазнаёмілася. У выніку правесці мяне на прыпынак прыйшлі чалавек сем. Вадзіцель аўтобуса аж здзівіўся: «Гэта ж цябе, дзяўчына, уся Беларусь праводзіць». Азіраюся — сапраўды, уся…

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА
panteleeva_katya@mail.ru

Наступная станцыя — Беларусь


Уяўляеце дзе-небудзь у прыгарадзе Лондана прыпынак «Вялікабрытанія»? А ў нас з Мінска паўгадзіны на гарадской электрычцы — і ты на станцыі пад назвай Беларусь.

За твар горада жыхарам пе- рад гасцямi не сорамна.
За твар горада жыхарам перад гасцямi не сорамна.

Сама яна, дарэчы, знаходзіцца ў Заслаўі. Чаму ж завецца па-іншаму? Проста так? Не. Хто не ведае гісторыю, ніколі не здагадаецца. А справа ў тым, што тут праходзіла калісьці савецка-польская граніца. І назва самым натуральным чынам абазначала пачатак тэрыторыі нашай краіны.

Адпраўляюся на экскурсію, каб даведацца, як жыве чыгуначны вакзал з патрыятычнай назвай. 

Білет у горад-спадарожнік танней, чым на маршрутку па Мінску, — 3700 рублёў. У цягніку эканом-класа публіка розная: дзеці, модныя студэнты і пенсіянеры з кошыкамі ды вёдрамі. Не сумна: у вагон раз-пораз заходзяць гандляры. «Унікальная лінія супер’якасных лейкапластараў!» — парушае цішыню першы з іх, малады хлопец. Што толькі не прапаноўваюць: гнуткія апрацоўчыя дошкі, зашчапкі для пакетаў, без якіх, запэўнівае «прадавец», ні адна гаспадыня абысціся не можа. І я павялася — купіла некалькі. 

Станцыі пралятаюць міма: Ратамка, Крыжоўка, Зялёнае, абвяшчаюць наступную – Беларусь. За горад жыхарам перад гасцямі не сорамна — прыгажун-вакзал толькі-толькі пасля свежага касметычнага рамонту, чысты і ўтульны. У зале чакання мяне сустракае начальнік станцыі Дзмітрый Бяляцкі, вядзе ў пакой баявой і працоўнай славы. 

На сценах — стэнды, на іх у малюнках і датах адлюстраваны важныя моманты з жыцця не толькі вакзала, але і горада. Чытаю архіўную даведку: сваю цяперашнюю назву станцыя атрымала 4 верасня 1925 года, да гэтага была вядомая як Ізяслаў Заходняй чыгункі. 

Вяртаемся ў залу, Бяляцкі расказвае: «Вакзал перамяніўся не толькі перад самым Днём беларускага пісьменства, які нядаўна адсвяткавалі ў Заслаўі. Вялікі капітальны рамонт правялі яшчэ гадоў 10 таму, так што тут за парадкам сочым». 

«Цяпер людзей мала, вы б у 6—7 гадзін раніцы прыехалі, калі ўсе на працу спяшаюцца», — з акенца касы выглядвае Надзея Кузняцова. Працуе яна касірам ужо больш за 20 гадоў. У суткі, кажа, прадаецца амаль дзве тысячы білетаў на рэгіянальныя лініі і 500 — на гарадскія электрычкі. Вакзал трашчыць, калі людзі едуць на працу ў Мінск і назад, дадому. Шмат і ў абед — з вучобы вяртаюцца студэнты. Кузняцова амаль усіх ведае ў твар. 

«Не саромейся, ты ж тут практычна з дзяцінства жывеш, раскажы ў газету», — падбадзёрвае касіра начальнік станцыі. І сапраўды, яна «прадавала білеты», калі яшчэ толкам не ўмела і лічыць. «Гуляючы, вядома. Касірам тут доўга працавала мая мама, а я з ёй была. Дапамагала, як магла», — смяецца. 

У сям’і нават дынастыя фарміруецца: дачка Дарына тут таксама старшым касірам. «Начальніца вам, атрымліваецца?» — пытаюся. Далучаецца да жыцця чыгункі і шасцігадовы ўнук Макар. «Кажа, хоча быць машыністам», — на момант адрываецца ад абслугоўвання чаргі Надзея. 

Мы размаўляем, а на рэйках адзін аднаго змяняюць цягнікі. Усяго праз Беларусь курсіруе 18 пар рэгіянальных электрычак эканом-класа ў дзень, 14 пар — гарадскіх ліній. Вось і зараз прыбывае чарговы швейцарскі «Штадлер». 

«Ужо 20 гадоў езджу ў Мінск, — спыняю на пероне карэнную заслаўчанку Наталлю Анкудовіч. — Спачатку ва ўніверсітэт, затым на працу, туды і назад кожны дзень. Цяпер і дачка на вучобу ездзіць. Ды колькі той язды — села, прагартала часопіс — і ўжо на месцы». 


І Ганна Зайцава таксама перавагу аддае чыгунцы: «Калі на маршрутцы, то трэба аж на канцавы прыпынак ісці, а потым у чарзе штурхацца. На цягніку зручней, і так ужо гадоў 15, спачатку на вучобу, а затым і на працу». У студэнцтве, успамінае, ездзілі вялікімі групамі. «Ды і цяпер знаёмых цэлы вагон. У другім, напрыклад, звычайна жыхары Ратамкі едуць. Нашы, заслаўскія, па традыцыі садзяцца ў трэці, сярэдзіну запаўняюць звычайна маладзечанскія», — дае расклад пасажырка. 

А як бачыцца маршрут у Беларусь машыністу цягніка? Вадзім Чыркін ужо год возіць пасажыраў у Заслаўе, прычым на новенькай швейцарскай электрычцы. «Пра камфорт і казаць няма чаго, і так зразумела. Самае складанае – «пасябраваць» з вялікай колькасцю электронікі, адчуць і зразумець яе. Тут жа і санвузлом камп’ютар кіруе», — кажа машыніст. 

Білет на такі цягнік крыху даражэй звычайнага — 6600 рублёў, але ад гэтага пасажыраў не змяншаецца. Сваё месца займаю і я. За акном — тыповы беларускі пейзаж. Мы едзем з Беларусі ў Мінск.

Юлія ПАПКО
ypopko@bk.ru

Загадка баранавіцкага трохкутніка


Вёска Вялікая Сваротва ў Баранавіцкім раёне сустракае падарожніка руінамі. Яшчэ крыху больш стагоддзя таму ў мясцовай сядзібе Незбытоўскіх грымелі  балі. Цвілі экзатычныя расліны ў аранжарэі. Парк быў густым і шырокім. Цяпер галоўная яго алея ўпіраецца ў вясковую хату. А ад усяго ансамбля нашчадкам засталіся толькі складзеныя з бутавага каменя сцены гаспадарчых пабудоў. А яшчэ — старадаўняя Траецкая царква. Сёння менавіта яна — асноўная славутасць закінутага на мяжы Брэстчыны і Гродзеншчыны населенага пункта. І яго галоўная загадка.


Сельскімі храмамі ў Беларусі наўрад ці каго здзівіш. Вядома, ёсць сярод іх і сапраўды старадаўнія цэрквы, і сапраўды пампезныя касцёлы. Але такога храма, як у Вялікай Сваротве, у нашай краіне больш няма. Кажуць, што і ва ўсёй Еўропе таксама. Бо ён трохвугольны.

Настаяцель царквы Святой Тройцы іерэй Іван Пашкевіч служыць тут ужо некалькі гадоў. І на працягу ўсяго часу пастаянна цікавіцца гісторыяй вёскі і ўнікальнага храма. Быць тут для яго, гаворыць святар, значыць вельмі шмат. Адчуванне, быццам гісторыя — на адлегласці выцягнутай рукі. І сапраўды, біяграфія царквы не можа не ўразіць.

Уніяцкі храм у Вялікай Сваротве з`явіўся яшчэ ў 1747 годзе. Тады яго пабудаваў скарбавы пісар літоўскі Мікалай Аўсяны, які жыў у гэтых месцах. Святар кажа, першапачаткова будынак быў драўляным. Аднак ужо тады ён меў форму трохвугольніка. Праўда, так атрымалася, што да пачатку XIX стагоддзя храм быў страчаны. І нейкі час вёска заставалася без культавага збудавання. Да таго часу, пакуль за будаўніцтва не ўзяўся Якуб Незбытоўскі, уладальнік тутэйшага маёнтка.

У новым праекце ён цалкам паўтарыў абрысы папярэдняга храма. Толькі для сцен архітэктары вырашылі выкарыстаць больш даўгавечны матэрыял — бутавы камень. Накшталт таго, з якога складзены гаспадарчыя пабудовы на ўездзе ў вёску. Храм тады накрылі шатровым дахам. А завяршылі невялікай  вытанчанай вежачкай з крыжам. Так у 1823 годзе Вялікая Сваротва здабыла новую святыню, якая прастаяла на гэтай зямлі аж да сярэдзіны мінулага стагоддзя.

Але амаль праз сто гадоў Траецкай царкве зноў не пашанцавала. У час Вялікай Айчыннай яна сур`ёзна пацярпела, і аж да пачатку XXI стагоддзя тут стаялі толькі голыя сцены без даху. Іерэй Іван Пашкевіч узгадвае: менавіта тады папярэдні настаяцель айцец Георгій і вырашыў аднавіць храм такім, як яго задумалі першапачаткова.

Да справы падключылася расійская кампанія з Ніжнявартаўска, а таксама мецэнаты з Мінска і Баранавічаў. Сёння іх імёны можна прачытаць на мемарыяльнай таблічцы ля ўваходу ў царкву. Дзякуючы гэтым людзям у 2007 годзе святыня набыла страчаныя рысы, і цяпер яна зноў збірае людзей. Але не толькі мясцовых вернікаў. Бо сюды пастаянна едуць турысты.

Падарожнікам цікавая ў першую чаргу незвычайная для храма форма. Існуе некалькі версій, чаму Траецкая царква стала менавіта трохвугольнай. Часцей за ўсё гаворыцца пра тое, што да будаўніцтва яе прыклаў руку ўсюдыісны масонскі ордэн. Маўляў, вольныя муляры выкарыстоўваюць трохвугольнік у якасці свайго сімвала не першае стагоддзе. Але сам настаяцель схіляецца да таго, што будаўнікі выбралі такi сiмвал якраз з-за яго хрысціянскага значэння. З першых стагоддзяў вернікі выкарыстоўвалі яго для абазначэння трыадзінага Бога — такога, якім у хрысціянскім прадстаўленні ён і з`яўляецца. А масоны гэты знак толькі перанялі для ўласных мэт. Прычым значна пазней. Настаяцель распавядае, што і яго калегам-святарам такое тлумачэнне бачыцца найбольш лагічным.

Зрэшты, магчыма, прычына крыецца ў іншым. Уніяты ў той час імкнуліся будаваць храмы, не падобныя на цэрквы іншых канфесій. Айцец Іван мяркуе: магчыма, менавіта таму грэка-каталікі і вырашылі паарыгінальнічаць, каб тым самым яшчэ раз падкрэсліць індывідуальнасць сваёй рэлігійнай плыні.

Да гэтага часу невядома, ці сапраўды ў Траецкай царкве Вялікай Сваротвы маліліся вернікі адразу трох канфесій: рыма-, грэка-каталікі і праваслаўныя. Пра тое, што храм быў прызначаны для агульных набажэнстваў, ускосна сведчаць тры ўваходы на кожным з бакоў. Іерэй Іван Пашкевіч кажа: старажылы вёскі памятаюць, што першапачаткова алтар размяшчаўся ў сярэдзіне царквы. Тэарэтычна ў такім выпадку кожны вернік сапраўды мог увайсці ў святыню са «свайго» боку і аб`яднацца ў малітве з іншымі людзьмі. Аднак ні дакументальных, ні вусных сведчанняў аб сумесных службах хрысціян розных канфесій да нашага часу не захавалася.

Зрэшты, гэта далёка не ўсе версіі «трохкутнай» Траецкай царквы. Магчыма, адыграў сваю ролю недахоп зямлі і будматэрыялаў. А можа, гэта была простая выпадковасць. Або зусім дзівацтва фундатара, як лічыць даследчык сядзіб Анатоль Федарук. Цяпер у перыпетыях гісторыі ўжо складана разабрацца. Занадта мала дакументаў, занадта мала інфармацыі.

Вядома, будаўнікам Траецкай царквы так і не ўдалося аб`яднаць хрысціянскія канфесіі. Затое сёння храм нязменна збірае пад сваім дахам самых розных людзей. І цяпер як няверуючым турыстам, так і вернікам ёсць дзе пабываць разам.

Арцём КІР`ЯНАЎ
artem.kirjanov@gmail.com
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter