Ежа ў культуры ўсходніх славян

Як і любая іншая складовая беларускага вясельнага рытуальна-абрадавага комплексу (адзенне, атрыбуты, у тым ліку ўпрыгажэнні, дзеянні, чыны, месца), ежа таксама з’яўлялася важнай часткай сямейна-родавых і каляндарных абрадаў і суправаджалася даволі складанай сістэмай сацыяльных нарматываў, а таксама прадпісанняў звычаёвага сялянскага права. Яны ў абавязковым парадку ўлічвалі характар святочных падзей, месца і час правядзення рытуальнай трапезы: паўсядзённай (менавіта так: нават звычайныя паўсядзённыя снеданне, полудзень або вячэра мелі даволі строгі, рэгламентаваны характар), сямейнай або святочнай, сярод прадстаўнікоў свайго роду; у хаце, у полі, на могілках, на жніве. Напрыклад, больш строгімі былі правілы паводзін, якія тычыліся абеду і вячэры, больш дэмакратычнымі — снедання і палуднавання. (Працяг будзе.)