Ежа ў культуры ўсходніх славян
07.07.2009 01:00:00
Ніколі не елі на стале, не пакрытым абрусам. Народны этыкет прадпісваў есці моўчкі, спакойна, няспешна. Калі і заходзіла якая-небудзь гаворка, то толькі пра галоўныя гаспадарчыя справы. Асабліва строга ставіліся да забароны размаўляць за сталом пасля заходу сонца. Той, хто еў хутка, мог атрымаць заўвагу. Нязграбнасць, рассыпаныя крошкі, непаседлівасць лічыліся вялікімі грахамі.
Калі ежу раскладвалі па талерках, то з’ядаць трэба было ўсё, бо лічылася, той, хто пакідаў ежу, згубіць сваё здароўе і дабрабыт. Шырока бытавала і такое меркаванне: чалавек, які даядае чужы кавалак хлеба, “перахоплівае” чужую сілу і здароўе. Нельга было дазваляць каму-небудзь дапіваць са сваёй конаўкі. Той, хто дапівае, будзе ведаць чужыя задумы.
Існавала строгае патрабаванне: есці адзін кавалак хлеба можна было толькі мужу і жонцы. Але пры гэтым лічылі: калі жанчына даядае хлеб пасля мужа, то ён будзе “бегаць” за ёю, і наадварот.
У час яды забаранялася чытаць, каб не страціць свой розум і памяць.
Залатое правіла народнай культуры патрабавала: аддаючы з хаты прадукты харчавання, напрыклад, хлеб, малако, муку, памятайце, што нельга аддаваць апошняе, іначай сам застанешся ні з чым.