Ежа ў культуры ўсходніх славян

Ежа з’яўлялася важнай часткай сямейна-родавых і каляндарных абрадаў і суправаджалася даволі складанай сістэмай сацыяльных нарматываў, а таксама прадпісанняў звычаёвага сялянскага права. Перад тым, як сесці за стол, усе абавязкова мылі рукі. Зноў жа гэта працэдура была не толькі патрабаваннем асабістай гігіены, але і актам рытуальнага ачышчэння рук, якія будуць дакранацца да “святых дароў”. Калі сям’я была на жніве і палуднавала ў полі, то рукі выціралі аб зямлю. Лічылася, зямля валодае той жа ачышчальнай функцыяй, што і вада.

Ніколі не елі на стале, не пакрытым абрусам. Народны этыкет прадпісваў есці моўчкі, спакойна, няспешна. Калі і заходзіла якая-небудзь гаворка, то толькі пра галоўныя гаспадарчыя справы. Асабліва строга ставіліся да забароны размаўляць за сталом пасля заходу сонца. Той, хто еў хутка, мог атрымаць заўвагу. Нязграбнасць, рассыпаныя крошкі, непаседлівасць лічыліся вялікімі грахамі.
Калі ежу раскладвалі па талерках, то з’ядаць трэба было ўсё, бо лічылася, той, хто пакідаў ежу, згубіць сваё здароўе і дабрабыт. Шырока бытавала і такое меркаванне: чалавек, які даядае чужы кавалак хлеба, “перахоплівае” чужую сілу і здароўе. Нельга было дазваляць каму-небудзь дапіваць са сваёй конаўкі. Той, хто дапівае, будзе ведаць чужыя задумы. 
Існавала строгае патрабаванне: есці адзін кавалак хлеба можна было толькі мужу і жонцы. Але пры гэтым лічылі: калі жанчына даядае хлеб пасля мужа, то ён будзе “бегаць” за ёю, і наадварот.
У час яды забаранялася чытаць, каб не страціць свой розум і памяць.
Залатое правіла народнай культуры патрабавала: аддаючы з хаты прадукты харчавання, напрыклад, хлеб, малако, муку, памятайце, што нельга аддаваць апошняе, іначай сам застанешся ні з чым.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter