Ежа ў культуры ўсходніх славян

Перад прыёмам ежы усе абавязкова мылі рукі. Зноў-такі гэта працэдура была не толькі патрабаваннем асабістай гігіены, але і актам рытуальнага ачышчэння рук, якія будуць дакранацца да “святых дароў”. Калі сям’я была на жніве і палуднавала ў полі, то рукі выціралі аб зямлю. Лічылася, зямля валодае той жа ачышчальнай функцыяй, што і вада.

(Заканчэнне. Пачатак ў № 187,188.)

* Ніколі не елі на стале, не пакрытым абрусам або настольнікам.  “Боская” далонь заўсёды павінна быць накрытай. У паўсядзённым жыцці і ў святочныя дні абрус клалі на стол правым (“добрым”) бокам, а вось на жалобныя сталы — левым, тым самым паказваючы выключнасць падзеі або выключэнне сям’і з кола агульнародавых урачыстасцей.
* Першым  за стол садзіўся гаспадар, а затым астатнія члены сям’і, прычым у адпаведнасці з узростам. Ён жа першым і заканчваў трапезу. Гаспадар першым каштаваў пададзеныя стравы, строга сачыў за парадкам, справядліва дзяліў ежу паміж дамачадцамі.
* Сямейны стол знаходзіўся ў чырвоным куце хаты, у якім стаялі сноп-”дзед”, дзяжа, абразы — усё гэта і прадвызначала характар паводзін людзей у час трапезы. Народны этыкет прадпісваў есці моўчкі, спакойна, няспешліва. Калі і заходзіла якая-небудзь гаворка, то толькі аб галоўных гаспадарчых справах. Асабліва строга ставіліся да забаронаў размаўляць за сталом пасля заходу сонца. Той, хто еў хутка, мог атрымаць заўвагу. Нязграбнасць, рассыпаныя крошкі, непаседлівасць за сталом лічыліся вялікім грахом.
* Калі наймалі людзей на працу, то абавязкова запрашалі за стол і назіралі за тым, як хто есць. Лічылася, калі чалавек есць хутка, шмат, але акуратна, то ён будзе добрым памочнікам. Назіралі за тым, як ядуць дзеці: калі дзіця есць хутка, то з яго атрымаецца ўвішны чалавек, які будзе паспяваць усё выконваць своечасова і якасна.
* У той жа час сярод простага люду ніколі не паважалі тых, хто пераядаў, заседжваўся доўга за сталом. У свядомасці славян існавала і такое ўяўленне: калі чалавек есць шмат, быццам за дваіх, то за яго спінай знаходзіцца нячыстая сіла.
* Калі ежу раскладвалі па талерках, то з’ядаць трэба было ўсё, інакш той, хто пакідаў ежу, згубіць сваё здароўе і дабрабыт. Шырока бытавала меркаванне аб тым, што чалавек, які даядае чужы кавалак хлеба,  “перахоплівае” чужую сілу і здароўе. Нельга было дазваляць каму-небудзь дапіваць са сваёй конаўкі. Той, хто дапівае, будзе ведаць чужыя задумы.
* Існавала строгае патрабаванне: есці адзін кавалак хлеба можна было толькі мужу і жонцы. І пры гэтым лічылі: калі жанчына даядае хлеб пасля мужа, то ён будзе “бегаць” за ёю, і наадварот.
* У час яды забаранялася чытаць, каб не страціць свой розум і памяць.
* Прыкмячалі: калі хтосьці за сталом закашляўся, то  гэта значыла, што нехта спяшаецца ў госці; калі чалавек выпусціў з рук ежу, гэта сведчыла пра тое, што яму нехта зайздросціць.
* Да завяршэння сямейнай трапезы з-за стала можна было выйсці толькі з дазволу гаспадара. Пасля завяршэння сямейнай трапезы абавязкова неабходна было выказаць падзяку Нябёсам і прыбраць посуд, інакш ноччу ў хаце будзе “піраваць” нячыстая сіла. Нават калі яда была не зусім смачнай, не прынята было гаварыць кепскія словы ў адрас ежы і тых, хто яе прыгатаваў.
* Непрыбраным стол пакідалі толькі ў дні ўшанавання памерлых: на Радаўніцу, Масленічныя, Траецкія, Восеньскія Дзяды, а таксама на трэці, дзевяты, саракавы дзень і на ўгодкі пасля смерці чалавека. У асобных мясцінах Гомельшчыны да нашых дзён існуе звычай тры дні не прыбіраць посуд, калі нехта з суродзічаў паехаў у далёкую дарогу.
* Залатое правіла народнай культуры патрабавала: аддаючы з хаты прадукты харчавання, напрыклад, хлеб, малако, муку, памятайце, што нельга аддаваць апошняе, іначай сам застанешся ні з чым.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter