Эйндховену цікавы вопыт Мінска

Гарады-пабрацімы пашыраюць сувязі. “Падчас знаходжання ў беларускай сталіцы мы наведалі аб’екты сацыяльнай сферы, і нас уразіла тая ўвага, якая надаецца ў Мінску спорту і, у прыватнасці, даступнасці для насельніцтва спартыўных аб’ектаў”, — падзялілася ўражаннямі член Савета ўпраўлення рэгіёна Эйндховен Энс Хесцербек на нядаўняй сустрэчы ў Мінгарвыканкаме з дэлегацыяй гэтага галандскага горада
Гарады-пабрацімы пашыраюць сувязі.

“Падчас знаходжання ў беларускай сталіцы мы наведалі аб’екты сацыяльнай сферы, і нас уразіла тая ўвага, якая надаецца ў Мінску спорту і, у прыватнасці, даступнасці для насельніцтва спартыўных аб’ектаў”, — падзялілася ўражаннямі член Савета ўпраўлення рэгіёна Эйндховен Энс Хесцербек на нядаўняй сустрэчы ў Мінгарвыканкаме з дэлегацыяй гэтага галандскага горада.

Энс Хесцербек таксама не хавала свайго здзіўлення высокім эканамічным развіццём Мінска, афармленнем горада. “Эйндховен славіцца як горад агнёў. Тое ж можна сказаць і пра Мінск, дзе асабліва эфектная вячэрняя падсветка будынкаў”, — сказала яна. Па яе меркаванні, у двух гарадоў ёсць агульныя інтарэсы і ў сферы павышэння якасці адукацыі. “Эйндховен вядомы як горад з высока развітымі тэхналогіямі, таму нашы гарады могуць супрацоўнічаць і ў гэтай галіне”, — упэўнена Энс Хесцербек.

Са свайго боку старшыня Мінгарвыканкама Міхаіл Паўлаў адзначыў, што сталіца надае вялікае значэнне адносінам гарадоў-пабрацімаў і выказаў жаданне актывізаваць кантакты з Эйндховенам ва ўсіх сферах — культурнай, гуманітарнай, эканамічнай, інвестыцыйнай. Удзельнікі сустрэчы закранулі і тэму сусветнага фінансавага крызісу. Мэр Мінска падкрэсліў, што нягледзячы на негатыўныя працэсы ў свеце, эканоміка і прамысловасць горада развіваюцца, усе праграмы выконваюцца. У сваю чаргу прадстаўніца галандскай дэлегацыі канстатавала, што Эйндховен адчуў наступствы крызісу і прапанавала Мінску абменьвацца вопытам у пераадоленні гэтых негатыўных тэндэнцый.

Мінск і Эйндховен супрацоўнічаюць з 1994 года. Цяпер у беларускай сталіцы 17 гарадоў-пабрацімаў. Сярод іх Сендай (Японія), Бангалор (Індыя), Ліён (Францыя), Анкара (Турцыя), Абу-Дабі (ААЭ). Акрамя таго, партнёрскія адносіны ўстаноўлены з 60 гарадамі Расіі, іншых краін СНД і далёкага замежжа.

Аксана Шыкуць
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter