Ксендз Кирилл Бордонов: Евангельский закон

Евангельскі закон

Для многіх людзей хрысціянства асацыіруецца з дзесяццю Божымі запаведзямі. Хрысціяне розных канфесій фармулююць дэкалог па-рознаму, але сутнасць гэтых прадпісанняў аднолькавая. Тое, якімі маюць быць вучні Хрыста, запісана не толькі ў дзесяці запаведзях. Калі мы так думаем, то наша ўяўленне аб хрысціянстве няпоўнае.

Людзі розных культур, якія жылі ў розныя часы, пастуліравалі неабходнасць захавання маральных нормаў, якія амаль заўсёды былі ідэнтычныя таму, што запісана ў дэкалозе. Такім чынам, дзесяць запаведзей перадаюць тое, што і так запісана ў сумленні чалавека. Аднак частае парушэнне гэтых нормаў, адсутнасць добрага прыкладу прывялі да таго, што чалавецтву неабходны выразны спіс, які будзе накіроўваюць яго жыццёвыя выбары.

Запаведзі яшчэ называюць Божым законам. Часам мы адчуваем сябе бяссільнымі, бо не атрымліваецца гэты закон захаваць. Можа нават з’явіцца спакуса палічыць, што трэба проста прызнаць: кожны ў праве жыць так, як хоча, і ніякія нормы нам непатрэбны. Пытанне можна паставіць па-іншаму: запаведзі могуць быць для нас своеасаблівым ідэалам, да якога варта імкнуцца.

Божы закон быў аб’яўлены ў Старым Запавеце, але яго запаведзі сапраўды недасканалыя ў тым сэнсе, што гэты закон паказвае чалавеку грэх, але не дае сілу з ім змагацца. Евангельскі закон выяўляе схаваныя магчымасці дэкалогу, дапаўняе яго, каб стаць законам Новага Запавету — дамовы паміж Богам і ахрышчанымі ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Гэты новы закон не проста ўказвае на грэх, але дае сілу чалавеку дзейнічаць спантанна пад уплывам любові. Коратка і поўна евангельскі закон заключаны ў запаведзі любові: любіць Бога больш за ўсё, а бліжняга — як самога сябе, так як Хрыстос палюбіў чалавецтва. Любоў Хрыста да чалавека ставіць асобу вышэй за рэч, заклікае жыць не так, каб толькі спадабацца ўсім і як мага больш мець, а таксама заахвочвае рабіць жыццёвыя выбары, думаючы пра вечнасць.

У нашым жыцці ёсць моманты, калі мы хацелі б сустрэцца з Богам. А ёсць моманты, калі мы хацелі б, каб Ён нас не бачыў. Няхай светлых выбараў перад Богам у нас становіцца як мага больш!

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter