Выстава вядомага жывапісца Барыса Аракчэева адкрылася ў Дзяржаўным літаратурным музеі Я.Купалы. Дачка мастака ўспамінае тату (Евангелле ад таты

Евангелле ад таты

Ужо не першы год 19 красавіка, у дзень нараджэння бацькі — вядомага жывапісца Барыса Аракчэева, яго малодшая дачка Аксана, таксама мастачка, ладзіць сумесныя выставы — своеасаблівую творчую справаздачу для таты і галоўнага настаўніка. Традыцыя такіх адмысловых імпрэз, прымеркаваных да юбілейных дат Барыса Аракчэева, пачалася яшчэ пры яго жыцці і працягнулася, калі яго ўжо не стала. Выставы за гэты час праходзілі ў розных гарадах краіны, прычым экспазіцыі ніколі не паўтараліся. Сёлетняя адкрылася ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

2011 год. У творчай майстэрні бацька і дачка АРАКЧЭЕВЫ працавалі разам

— Аксана, што падрыхтавана на гэты раз?

— Вырашыла пазнаёміць гледачоў з Аракчэевымі-графікамі. Я заканчвала аддзяленне графікі, займаюся кніжнай ілюстрацыяй. Тата — жывапісец, але ў яго вельмі добрыя графічныя работы, у тым ліку акварэльныя. Дарэчы, яго творчы настаўнік народны мастак Беларусі Віталь Цвірко лічыў, што ў жывапісца акварэль павінна быць заўсёды пры сабе. Я сабрала рэтраспекцыю малюнкаў і акварэляў Барыса Аракчэева, напісаных на пленэрах у розных мясцінах Беларусі, якая ахоплівае вялікі прамежак часу — з 1960-х гадоў па 2004-ы. Некаторыя работы дэманструюцца ўпершыню, як, напрыклад, эскіз карціны «Вербачка зялёная». Ёсць у экспазіцыі і тры цікавыя работы, якія кардынальна адрозніваюцца ад усяго, створанага Аракчэевым. Яны таксама прадстаўлены ўпершыню. Гэта дачныя замалёўкі каляровымі алоўкамі — кветкі, яблыкі. У іх бацькава манера зусім іншая, непазнавальная, я нават сказала б, нейкая дзявочая.

Сама ж я прадстаўляю новую серыю замалёвак, створаных падчас вандровак па «краіне пісьменнікаў», як называюць Мядзельшчыну — возера Нарач, горад Мядзел і гарадскі пасёлак Свір, вёскі Засвір, Мікольцы, Пількаўшчына, Альшэва… Гісторыя гэтых маляўнічых мясцін звязана з імёнамі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, паэта і святара Казіміра Сваяка, фалькларыста Адама Гурыновіча, пісьменніка Адольфа Варановіча, лаўрэатаў Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы Уладзіміра Дубоўкі і Максіма Танка. На выставе — 11 работ з гэтага цыкла.

Аксана АРАКЧЭЕВА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

— Мяркуючы па тым, як вы апякуеце творчую спадчыну бацькі, захоўваеце памяць пра яго, відавочна, што духоўная сувязь з ім у вас была і застаецца вельмі моцнай.

— Сапраўды. Мне заўсёды казалі, што я — копія бацькі. З дзяцінства мы шмат часу праводзілі з ім разам. А апошнія 15 гадоў удваіх працавалі ў адной майстэрні. У творчасці ён быў для мяне сябрам і галоўным настаўнікам. Дарэчы, ніколі нават далікатна нічога не падказваў, як мне што лепш зрабіць, калі сама парады не прасіла. Наадварот, толькі ўвесь час падхвальваў і захапляўся. Цяпер, калі сама даўно ўжо мама, разумею, як гэта важна, каб бацькі не давілі дзяцей сваёй крытыкай, не ўказвалі пастаянна на недахопы, а больш падтрымлівалі.

— А наколькі блізкія вы былі з бацькам у творчасці?

— Абсалютна розныя. У мяне — жаданне заўсёды ў сваіх творах усё вытачыць, як гавораць мастакі, прамаляваць усе дробныя дэталі. А тата ў жывапісе больш экспрэсіяніст. Ён проста ўнікальны мастак. Пейзажы пісаў вельмі хутка. У яго было выключнае адчуванне святла, колеру. Рабіў, здавалася, адзін-другі мазок на палатне, і з’яўляўся твор, адразу было ўсё бачна: сонца ўзыходзіць або дождж пачынаецца. Мяне заўсёды здзіўляла, што адзін і той жа пейзаж у кожным яго новым творы — розны. Наогул, працаваў бацька захоплена, апантана, забываючы пра ўсё астатняе. Памятаю, якім шчасцем было для мяне, калі ён пасля лета вяртаўся з чарговага пленэру і прывозіў цэлы ахапак эцюдаў. Я пачынала іх даставаць і захоплена разглядаць, быццам дзеці, якія знайшлі скрыню з незнаёмымі цікавымі цацкамі.

Бацька пакінуў багатую творчую спадчыну. Я і сёння працягваю разбіраць яго замалёўкі, раблю для іх рамкі, любуюся, успамінаю… Але таго адчування — падарунка, сюрпрызу — мне зараз вельмі не хапае.

Барыс АРАКЧЭЕЎ, «Сялянскі дом», 1979 г.

— Затое на кожнай новай выставе вы самі робіце прыемныя сюрпрызы ў гонар памяці бацькі.

— Так, пасля таго, як тата сышоў з жыцця ў 2013 годзе, стараюся ажыццявіць тое, пра што ён марыў. Сёння яго імя носіць мастацкая галерэя ў горадзе Крупкі, якой ён падарыў шмат сваіх выдатных палотнаў. На доме, у якім ён 50 гадоў працаваў, дзе знаходзіцца яго, а цяпер ужо мая майстэрня, устаноўлена мемарыяльная дошка з выдатным барэльефам. У Ваеннай акадэміі працягваецца жыццё дыярамы «Мінскі кацёл», бацька быў адным з чатырох яе стваральнікаў. Раней яна знаходзілася ў экспазіцыі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пасля яго пераезду ёй пагражала застацца толькі ў запасніках.

А сёлетні сюрпрыз — такі. Старэйшы брат таты Сяргей быў ваенным карэспандэнтам, прайшоў праз вайну. На фронце і пасля пісаў вершы. Захавалася пяць тоўстых сшыткаў з рукапісамі. Бацька вельмі хацеў, каб гэтыя вершы былі выдадзены. Ён лічыў, што менавіта старэйшы брат некалі сыграў вялікую ролю ў фарміраванні яго як творчай асобы. І вось на днях выйшла кніга вершаў, прычым ілюстраваная творамі бацькі.

— Напэўна, ён быў бы вамі вельмі задаволены.

— А ён і задаволены, я ведаю, бо гэта ж ён дае мне сілы, ён стаў маім анёлам-ахоўнікам. Вельмі мяккі, добры чалавек, ён быў моцным у творчасці. Напэўна, мне перадалася яго прага дзейнасці, сіла духу, энергія, каб усім гэтым займацца.

Аксана АРАКЧЭЕВА, «Мядзельшчына. Свір», 2015 г.

— Барыс Аракчэеў — пачынальнік вядомай творчай дынастыі. Хто сёння яе працягвае?

— Усе тры яго дачкі — прафесійныя мастакі. Старэйшая Алёна закончыла аддзяленне жывапісу, яна вельмі добры, лепшы ў нашай сям’і партрэтыст. Сярэдняя Марына — дызайнер. Абедзьве зараз выкладаюць. Творчасцю займаюся толькі я. Сыны маіх сясцёр — дызайнеры, два яшчэ вучацца, адзін працуе. Майго сына захапіла музыка, хоць і паступіў у свой час у архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, чарціў, дарэчы, няблага. Але зараз вучыцца на аранжыроўшчыка, іграе на некалькіх інструментах. І мяне гэта радуе. Музыкантаў у нас яшчэ не было. А вось праўнучка Барыса Уладзіміравіча, унучка Марыны малюе выдатна, з чатырох гадоў ужо і выставы ладзіць. Так што чацвёртае пакаленне мастакоў-Аракчэевых падрастае.

svirko@sb.by


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter