Евангелле ад маці

Шануйце сваіх мацярок і кожнае імгненне дарыце ім сваё душэўнае цяпло.
У кастрычніку, калі адзначаецца Дзень (і нават тыдзень) маці, я ўспамінаю сваю матулю. Мама, Юлія Аляксандраўна Куляшова, пайшла з жыцця ў 1997 годзе. Але яна заўсёды ў маім сэрцы. Шчырая, адкрытая, сціплая, смелая, мужная… Гэта ўсё яна, мая матуля.

Я часта размаўляю з ёй. Нібыта пішу ліст, у якім распавядаю, як шаную ўсё, што з ёй звязана: яе карункі, падарункі… Я кажу ёй: «Мамачка, я ўдзячна за ўсё, што ты зрабіла для мяне, для маіх братоў і для маіх дзяцей, якія лічаць цябе сваім анёлам-ахоўнікам. Ты заўсёды адмаўлялася ад сваіх патрэб, жаданняў дзеля нас. Усім ахвяравала, каб толькі тваім дзеткам было лепей».

Мая родная, мая дарагая, мая залатая… Я малюся Богу, каб ён палюбіў цябе і ўладкаваў тваю душу ў светлым і радасным месцы, дзе няма ні суму, ні жальбы, ні слёз, якіх столькі было ў тваім зямным жыцці. Як толькі табе хапіла сіл, каб вытрымаць такое! У час пажару ў доме загінулі двое малых дзетак, а ў ваенны час сыночка забрала хвароба. Раней за цябе ў іншы свет адышоў 

47-гадовы сын Валодзя. Але, нягледзячы на такія суровыя жыццёвыя іспыты, ты заставалася добрай і дзялілася з намі сваёй мудрасцю. Кажучы словамі паэта, я і зараз жыву па евангеллі ад маці. Памятаю, як мы разам з табой і братам Пятром любілі спяваць беларускія і ўкраінскія народныя песні! А як душэўна ты спявала рамансы!

Сама без аніякай адукацыі, ты змагла прабудзіць у мяне цікаўнасць да кніг, да ведаў, да тэатра і вандровак. Памятаю твае словы: «Той не жыў, хто не бачыў свет». Гэта дзякуючы табе я люблю сваю родную беларускую мову. Хаця ў цябе былі французскія і ўкраінскія гены, ты заўсёды казала, што мы — беларусы, крывічы. І ганарыліся гэтым. Ты на любыя жыццёвыя неспа-дзеўкі сыпала прымаўкамі, умела жартаваць, смяяцца. А як добра танчыла! Шкада, што нагода для танцаў была рэдкая. Мне тады споўнілася толькі шэсць гадоў, але я добра памятаю ваенную і пасляваенную нішчымніцу і людское гора. 

І толькі дзякуючы табе ў нас было дзяцінства з гульнямі і радасцю. Мы ні ў чым не ведалі патрэбы: ты сама шыла нам бялізну, адзенне, вязала, вышывала. Мы ніколі не бачылі цябе ў роспачы, не чулі скаргаў.

Дзякуй, матуля, за ўсё! Любові тваёй, пяшчоты і дабрыні я ніколі не страчу!

Шануйце сваіх мацярок і кожнае імгненне дарыце ім сваё душэўнае цяпло.

Вольга КАНАНОВІЧ, Мінск

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter