Ева НЭММ - сямейны праект, у якім дзеці дапамагаюць пісаць для дзяцей

Ева НЭММ -- сямейны праект, у якім дзеці дапамагаюць пісаць для дзяцей

Калі дзеці дапамагаюць пісаць для дзяцей, бясспрэчна, атрымліваецца нешта надзвычай цікавае
Навучэнцам Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны сёння пашанцавала. Першы ўрок у новым навучальным годзе праходзіць незвычайным чынам. У ролі настаўніка вядомая беларуская пісьменніца Алена Стэльмах. Замест традыцыйнага падручніка — займальная кніга “У гасцях у Францыска Скарыны”. Дзякуючы гэтаму выданню творчай групы Ева НЭММ, якой кіруе Алена Анатольеўна, падарожжа ў часы беларускага першадрукара здзейснілі дзеці не толькі нашай краіны. Серыя “Кніга чараўніцтва” была ўпадабаная юнымі чытачамі Дагестана, Калмыкіі, Кабардзіна-Балкарыі, Малдовы. А ўсё таму, што дзеці жыва адгукаюцца на тое, пра што распавядаюць таксама дзеці — дочкі і ўнучкі Алены Стэльмах. Дарэчы, назва праекта Ева НЭММ — гэта абрэвіятура імёнаў аўтараў Алены, Вікторыі, Надзеі, Эміліі, Марыі, Маргарыты Стэльмах-Навумавых.

Ева НЭММ -- сямейны праект, у якім дзеці дапамагаюць пісаць для дзяцей
Калі нарадзіліся першыя ўнучкі Алены Стэльмах Эмілія і Марыя, дом пачаў паступова напаўняцца дзясяткамі пытанняў: што? дзе? як? Малым хацелася пазнаваць свет, і іх родныя былі вымушаны задавальняць цікаўных “чамучак”. І тады старэйшая дачка пісьменніцы Вікторыя, мама дзяўчынак, прапанавала: а чаму б не абагуліць веды ў кнігах, з якімі маглі б расці і іх малыя, і іншыя дзеткі?

— Прыкмецілі, што дзяўчынкі схільныя слухаць казанні пра нашу беларускую гісторыю, — заўважае Алена Стэльмах. — Ёсць розныя замежныя героі, якіх мы бачым на экранах, пра якіх чытаем у папулярных кнігах. Але нам падаецца ненатуральным, што беларусам, з нашай свядомасцю і годнасцю, навязваюцца чужыя ідэалы. Наша гісторыя настолькі багатая і захапляючая, што варта проста ўхапіцца за нейкі факт, а далей усё пачынае развівацца і раскручвацца па лепшым нацыянальным узоры.

“Ухапіліся” аўтары за Станькава — з гэтай слыннай мясцовасцю звязана жыццё ўсёй сям’і Стэльмахаў. І зараз дзяўчынкі нярэдка наведваюцца туды.

— Нас заўсёды заварожвала сваёй загадкавасцю ўсё тое, што датычылася маёнтка графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, шыкоўнага старадаўняга парка, жывапіснага возера. Таму вырашылі, што і дзяўчынкам будзем баяць пра мінуўшчыну гэтых мясцін, якія нам і родныя, і блізкія, — тлумачыць арганізатар творчай групы Ева НЭММ.

Кактус Пундзік і дзяўчынка Яіцка


Паступова нарадзіліся героі — граф Эмерык, яго дачка Альжбета, яе сяброўка Яіцка, кактус Пундзік, садоўнік Аловак, Гузік Юзік, труска Розачка, варона Карыла. Іх пасялілі ў маёнтку. Персанажы атрымаліся вясёлыя, жвавыя і забаўляльныя. У нечым яны адпавядаюць па натуры і душэўным стане самім аўтарам, кажа Алена Стэльмах.

Да прыкладу, Альжбета — вельмі чулая і добразычлівая дзяўчынка, гатовая дапамагаць усім і кожнаму. Неяк яна гуляла па парку і ў карэннях старой ліпы знайшла кінутую кімсьці труску. Пашкадаваўшы звярка, яна забрала труску з сабой, назвала яе ласкава Розачкай, абяцала, што больш труску ніхто не пакрыўдзіць.

— Такое ж здарэнне адбылося і наяве, — распавядае пісьменніца. — Эмілія і Марыя вярталіся з дзіцячага садка і заўважылі адзінокага звярка. Разам з мамай давалі аб’явы ў інтэрнэце, шукалі гаспадароў, але беспаспяхова. І вымушаны былі бацькі дзяўчынак купляць для новага члена сям’і хатку-клетку.

Гераіня Яіцка з’явілася пасля таго, як Эмілія і Марыя, едучы з бацькамі ў машыне, прачыталі на адной з крам слова “акция” наадварот. А кактус Пундзік атрымаў такое імя таму, што менавіта так адзін з аўтараў Маша, калі вучылася гаварыць, называла свой любімы малочны пудынг. Улічваючы, што ў сям’і падрастае паўтарагадовая Надзейка, хутка, лічыць Ева НЭММ, падобных жыццёвых гісторый у кнігах стане яшчэ больш.

Падарожжа ў мінулае


Аўтары сямейнага праекта аказаліся вялікімі выдумшчыкамі. Таму і героі, і іх неверагодныя прыгоды ствараюцца як па чараўніцтве. А гістарычныя факты напаўняюцца вясёлым сучасным гучаннем, таму так лёгка ўспрымаюцца маленькімі чытачамі.

— І на вопыце сваіх дзяўчынак, і падчас сустрэч з гэткімі ж цікаўнымі чытачамі мы пераканаліся, што, нягледзячы на распаўсюджаныя стэрэатыпы аб прыхільнасці дзяцей пераважна да сучасных інтэрнэт-забавак, наша — сваё, спадчыннае — вабіць юных беларусаў неменш. Гістарычная памяць — у нашых генах, — упэўнена Алена Анатольеўна.

У першай кнізе Евы НЭММ “У гасцях у Францыска Скарыны” персанажы з дапамогай куфэрка, знойдзенага графам Эмерыкам, падарожнічаюць у часе і знаёмяцца з друкарняй Скарыны 500-гадовай даўніны. Аўтары расказваюць чытачам простай і даступнай мовай пра значнасць асобы нашага славутага земляка, пра важнасць чытання, каштоўнасць кнігі. Акрамя таго, вучаць дзяцей спагадлівасці, дабрыні, шчырым узаемаадносінам. У другой кнізе “Вялікае прадстаўленне для Сонечкі” паказваюць, якая багатая і ўнікальная наша прырода, звяртаюць увагу на неабходнасць беражлівага стаўлення да яе. Героі кнігі адпраўляюцца ў Белавежскую пушчу на паўтысячы гадоў назад.

Жывыя карцінкі


Шмат з таго, што апісана ў кнігах Евы НЭММ, можна ўбачыць на ўласныя вочы. Дастаткова адправіцца за 40 кіламетраў ад Мінска ў Станькава. Варта ўзяць з сабой і кнігі з серыі Евы НЭММ, якія могуць стаць добрымі даведнікамі. Тым больш што дзякуючы малюнкам Кацярыны Першынай усё станькаўскае ў кнігах вельмі пазнавальнае: вось, да прыкладу, альтанка на беразе возера, ля якой Альжбета з Яіцкай захоплены кнігай. А вось і старая ліпа, на якой шкоднічала варона Карыла. Ёсць верагоднасць у старым станькаўскім парку ўбачыць і саму Карылу.


— Нам надзвычай пашанцавала з мастаком. Таленавітая Кацярына Першына ажывіла нашых герояў. Яна з вялікім імпэтам працуе над выданнямі і нават падштурхоўвае нас да творчасці. Другая кніга з серыі “Вялікае прадстаўленне для Сонечкі” выйшла зусім нядаўна, а Каця ўжо патрабуе: “Давайце матэрыял, буду маляваць далей”, — усміхаецца пісьменніца. — Вырашылі, што кожны год будзем выпускаць па адной кніжцы. Нездарма абралі для сябе арыенцір: разам з кнігай мы расцём. І яшчэ таксама вельмі для нас важнае: разам з кнігай шукаем сяброў па ўсім свеце.

У творчай групы Ева НЭММ наогул планаў веліч. Напрыклад, мараць пашыць лялькі герояў. Або па кнігах стварыць мультфільм — такія дзяўчынкі выдумшчыцы.

Каб сучасная кніга змагла зацікавіць дзяцей, аўтар павінен укласці ў яе стварэнне значна больш, чым проста напісаць рукапіс, упэўнена Алена Стэльмах. Да прыкладу, выданні з серыі “Кніга чараўніцтва” Евы НЭММ дапоўнены віктарынамі, гульнямі, практычнымі заданнямі, майстар-класамі. Акрамя таго, усе прэзентацыі кніг праходзяць у гульнявой форме, дзецям дораць на памяць закладкі з кніжнымі ілюстрацыямі і нават частуюць сувенірным пернікам з вокладкай кнігі. Такім чынам юныя чытачы становяцца інтэрактыўнымі ўдзельнікамі прыгодаў “еванэммаўскіх” герояў.

МЕРКАВАННЕ

Алена Стэльмах, пісьменніца, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі:

— На паліцах кнігарняў, бібліятэк сотні, тысячы выданняў. Так заўзята шчыруюць паслядоўнікі нашага першадрукара Францыска Скарыны. І дасведчаны чытач ужо выбірае не толькі чытанне. Яго высокі інтэлект разглядае кнігу як прадмет мастацтва. Сучасны пісьменнік павінен больш чулліва ставіцца да цяперашніх рэалій. І памятаць пры гэтым: шчырасць, праўдзівасць, захапляючы змест — тое, што заўсёды цэніць чытач.

Што яшчэ можна пачытаць дзецям і з дзецьмі з сучаснай беларускай літаратуры

“Возера Дзіва” Міхася Пазнякова

“Малпачка — дачка нябеснага дракона” Генадзя Аўласенкі

“Матуля Шо, дачушка Шоша” Міколы Чарняўскага

“Званочкі ў блакіце” Івана Муравейкі

“Мяне завуць Лахнэска” Алены Масла

“Канікулы з прыгодамі, або Зваротны візіт Зорнічка да хлопычка Стасіка” Кацярыны Хадасевіч-Лісавой

“Дзяўчынка з вішнёвага завулка” Тамары Бунта

mila@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter