Этноэкспозиция, гончарное дело, ткачество – на Дятловщине прошел семинар-практикум по народным ремеслам

Удзельнікі раённага семінара-практыкума «Развіццё традыцыйных рамёстваў ва ўстановах культуры клубнага тыпу» дзяліліся разнастайнымі сакрэтамі творчасці.

На адкрыцці семінара дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Маліноўская падкрэсліла:

-- Непарыўная сувязь паміж традыцыйнымі народнымі рамёствамі і прыкладным мастацтвам існуе цягам многіх стагоддзяў. Народная культурная спадчына – галоўны складнік сенняшняга нацыянальнага мастацкага набытку Беларусі, таму важна не толькі яе зберагаць, але і развіваць, перадаваць новым пакаленням маладых беларусаў. На Дзятлаўшчыне да спадчыны продкаў адносяцца з вялікай любоўю і пашанай.

Актуальнасць гэтых слоў пацвердзілі выступленні народных майстроў і работнікаў клубных устаноў.

Сустракала ўдзельнікаў семінара багатая на цікавыя творчыя знаходкі выстава народных майстроў гарадскога пасёлка Наваельня, прысвечаная Году міру і стварэння.


Анатоль Кардаш прэзентаваў персанальную выставу жывапісу і «ганчарную майстэрню». Вядомы творца сваімі рукамі змайстраваў ганчарнае кола і горн, засвоіў выраб глінянага посуду на падставе тэхналогій ХІХ стагоддзя. На базе Дварэцкага дома культуры гасцей чакала змястоўная экскурсія па этнаграфічнай экспазіцыі «Побытавая культура беларускага селяніна». Мясцовы майстр па лозапляценні Сяргей Балыкоў прадставіў багатую выставу сваіх работ з традыцыйнага на Беларусі прыроднага матэрыялу – лазы. Вялікую цікавасць у гасцей выклікаў аповед пра дзейнасць аматарскага аб’яднання «Перспектыва» на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Дзятлаўскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі» пад кіраўніцтвам Роберта Асіпука, а таксама выстава выцінанкі Алены Турчэнік. Інтарэс выклікала выступленне кіраўніка аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Валянціны Гнаінскай, выбітнага майстра ткацтва паясоў, па тэме «Традыцыі ткацтва. Разнавіднасці ткацкіх вырабаў». Адбыўся майстар-клас па рабоце на калаўроце ад Марыны Лотыш. Ларыса Ненартовіч, настаўніца Гезгалаўскай сярэдняй школы, прадэманстравала майстар-клас па пляценнi пояса на дошчачках і пазнаёміла прысутных з відамі беларускага роспісу.


Фота Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter